Loading

Беларус Дзяніс Сідаровіч сцвярджае, што калі б не вайна, можа і не пазнаў бы, якая гэта асалода дапамагаць людзям як валанцёр. У эфіры радыё Ўнэт малады чалавек распавёў сваю гісторыю ад’езду з Беларусі і валанцёрства на карысць Украіны.

Дзянісу 25 год, ён родам з горада Барань Аршанскага раёну. Атрымаў адукацыю тэхнолага і патрапіў у войска. Служыў у Віцебску ва ўнутраных войсках МУС. Затым працаваў у Віцебску, пакуль аднойчы не збіў пешахода ў Мінску.

Гэтую гучную справу асвячалі СМІ. Дзяніс кажа, што суд быў несумленным. Але ў выніку пакаранне было ўмоўным. У 2020 годзе Дзяніс прыняў актыўны ўдзел у пратэстах. Таму ў 2021 давялося з’ехаць у Польшчу пасля папярэджання ад сілавікоў, што хутка яго арыштуюць.

У Польшчы з уладкаваннем дапамагалі беларусы і ўкраінцы, з якімі Дзяніс блізка пасябраваў. Таму нападзенне Расіі на Украіну ўспрыняў як асабісты боль і адразу пачаў шукаць магчымасці дапамагаць украінцам у іх барацьбе з акупантамі.

Так праз параду ўкраінскіх сяброў Дзяніс пазнаёміўся з польскім дабрачынным фондам «Надзея на будучыню». У першыя месяцы вайны фонд у вялікіх памерах займаўся пастаўкамі гуманітарных грузаў ва Украіну. Валанцёры соднямі пакавалі ежу, сродкі гігіены, адзенне і іншыя рэчы першай неабходнасці.

Фота: асабісты архіў героя.

Дзяніс кажа, што, калі кіраўнікі фонду паказалі валанцёрам падзякі ад кіеўскай адміністрацыі і вайсковых, тыя са слязьмі на вачах іх чыталі.

«Я можа ніколі б і не даведаўся, што значыць быць валанцёрам, – дзеліцца Дзяніс, – як гэта прыемна адчуваць сваю прыналежнасць да ўнёску ў іх перамогу».

Зараз фонд аказвае дапамогу па запыце і больш сканцэнтраваны на дзецях і ўразлівай частцы насельніцтва. Але Дзяніс сваё валанцёрства не пакідае і па магчымасці ўвесь вольны час прысвячае дапамозе Украіне. Ён лічыць гэта асабліва важным зараз, калі да беларусаў шмат прэтэнзіяў у сувязі з удзелам Лукашэнкі ў дапамозе Пуціну. Важна паказваць украінцам, што беларусы разам з імі змагаюцца з агульным ворагам.

Фота: асабісты архіў героя.
Фота: асабісты архіў героя.

Comments are closed.