Вялікдзень – гэта самае важнае і ўзнёслае хрысціянскае свята. Адзначалі яго і нашыя продкі. На Беларусі галоўнай адметнасцю народнага святкавання Вялікадня быў валачобны абрад.
1. Валачобная традыцыя ёсць толькі ў беларусаў
Рытуал уласцівы толькі нашаму рэгіёну! У іншых славянскіх народаў яго не было. Да позняга сярэднявечча валачобнае свята было наўпрост звязанае з пачаткам земляробчых працаў. Дарэчы, менавіта з Вялікадня ў нашых продкаў і пачынаўся новы год. Пазней жа, з уплывам хрысціянства, свята прымеркавалі да пасхі.
2. Валачобнікі заходзілі ў кожную хату і віншавалі гаспадароў
Валачобны гурт мог пачынаць свой абыход нават святочным надвячоркам і не мінаў у вёсцы ніводнай хаты. Дарэчы, у розных вёсках нават аднаго раёна валачобнікаў называлі па-рознаму: валачобнікі, валошнікі, валакальнікі, ралешнікі, галкальнікі і нават хрыстоснікі.
3. У класічным валачобным гурце былі толькі мужчыны
І звычайна гэта былі мужчыны адной узроставай катэгорыі. У больш позні час з’явіліся і змешаныя гурты: мужчыны і жанчыны, маладыя хлопцы і дзяўчаты. У валачобным гурце абавязкова быў запявала − «пачынальнік», падпявальнікі, ім на скрыпцы або гармоніку падыгрывалі музыкі. Абавязкова хадзіў з валачобнікамі і механоша, які збіраў дары.
4. Валачобныя песні − феномен беларускай народнай творчасці
Валачобныя песні захаваліся толькі ў беларускім фальклоры. Іншым славянскім народам яны амаль або зусім невядомыя. Вытокі валачобнай паэзіі вельмі старажытныя, у працоўна-магічных уяўленнях чалавека. А паколькі Вялiкдзeнь зaўcёды пpыпaдae нa вяcнy, то ў вaлaчoбных пecнях пaнуе адпаведны настрой − абуджэння, веры, надзеі. «Сaд зялёны вiшнёвы», «Зялёны явap дуброва» – такія былі рэфрэны гэтых песень. Больш пазнейшыя варыянты − «Хрыстос уваскрос, сын Божы».
5. Валачобнікаў чакалі ў кожнай хаце
Нашыя продкі верылі, што прыход валачобнікаў спрыяў багатаму ўраджаю і дабрабыту. Як і калядоўшчыкаў, гасцей чым-небудзь адорвалі. Гэта маглі быць пафарбаваныя яйкі, велікодныя булкі, сыр, вяндліны. Частавалі, дарэчы, абавязкова. Бо як не дасі яечка − здохне авечка, а не дасі грошы − заядуць вошы.
Comments are closed.