Loading

Беларускі журналіст Зміцер Галко вось ужо больш за 200 дзён ездзіць па Украіне і расказвае пра вайну вачыма людзей, якія пакутуюць, знаходзіліся пад акупацыяй, губляюць блізкіх і не ведаюць, ці самі перажывуць новы дзень. За гэты час ён наведаў сотні вёсак і населеных пунктаў. Адным з першых разам з ваеннымі ўвайшоў у Бучу, першым знайшоў бабулю з чырвоным сцягам і сапсаваў рускім прапагандыстам міф. У яго рэпартажах — шмат болю і злачынстваў, але разам з тым і неверагодная мужнасць народа, які бароніць сваю краіну і нават пад бомбамі вяртае яе да жыцця.

Фота: facebook.com/dzmitry.halko

Люты 2022 

Зміцер нагадвае, што няправільна лічыць пачаткам вайны люты 2022 года. Вайна пачалася ў 2014, у тым ліку асабіста для яго. Яе распальванне журналіст назіраў на ўласныя вочы і аднойчы ледзь не трапіў у палон да Гіркіна. У лютым 2022 года Зміцер   працаваў у Цэнтры стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі. Супрацоўнікі кругласутачна адсочвалі падзеі, а таксама ўсю прапаганду і дэзынфармацыю, якой суправаджалася падрыхтоўка нападу. Ноч на 24 лютага выпала на дзяжурства Галко. Ён слухаў зварот Пуціна, на апошніх секундах якога паляцелі ракеты літаральна ў двор, дзе жыў Зміцер.

Для мяне неспадзяванкай гэтае поўнамаштабнае ўварванне не стала, нечаканым быў яго маштаб. Тое, што прыляціць на першых секундах непасрэдна ў цябе, гэта ніхто, напэўна, не чакае.

Журналіст з жонкай сабраліся літаральна за гадзіну і накіраваліся да сябра пад Фастаў. Той разам з сынам ужо пайшлі запісвацца ў ТРО. Сябар, дарэчы, быў добра падрыхтаваны да вайны: апроч запасаў ежы, у яго быў схрон са зброяй на выпадак вядзення партызанскай вайны. Да вёскі даехалі электрычкай і ўжо адтуль назіралі бой самалётаў у паветры і ракеты, якія ляцелі на Кіеў, а затым і падрыў нафтабазы ў Васількове.

Сям’я 

Ад прапановы рэлакавацца да Львова Зміцер Галко адмовіўся. Амаль усе яго сябры запісаліся добраахвотнікамі. Старэйшыя сыны таксама напісалі, што хочуць далучыцца да батальёна  Каліноўскага.  

У Кіеў журналіст з жонкай вярнуліся прыкладна праз дзесяць дзён. Каб дабрацца да дому, прыйшлося ісці па замініраванай дарозе. У сваім раёне яны ўбачылі апакаліптычную карціну: ушчэнт разбураныя будынкі і ніводнага чалавека.  

І пасярод гэтай пустэчы, дзе гучалі выбухі і сігналы паветранай трывогі, нехта невядомы вельмі выразна і гучна іграў на саксафоне гімн Украіны. Гэта было моцна.

Малодшы сын журналіста, які застаўся з былой жонкай у Марыупалі, мае праблемы аўтычнага спектру. Яму шэсць гадоў, але ён не размаўляе і не занадта разумее, што адбываецца. Маці хлопчыка  адмовілася з’язджаць і засталася ў горадзе, які ўзялі ў блакаду расіяне. Доўгі час Зміцер быў упэўнены, што яна з сынам загінула падчас бамбардзіроўкі Марыупальскага драмтэатра. Але хлопчык, жанчына і яе маці выжылі і распавялі, што ім давялося перажыць. 

Упершыню ў жыцці я быў рады таму, што дзіця нічога не разумее і жыве ў сваім свеце.

«Першыя трупы, якія я пабачыў на вайне, былі трупы экзатычных жывёл».

Зміцер зразумеў, што проста сядзець і працаваць з дому ён не можа, таму на пачатку сакавіка пачаў ездзіць па месцах, што перажылі акупацыю. Спачатку гэта была Кіеўская вобласць, дзе яшчэ вяліся актыўныя баявыя дзеянні. Журналіст не толькі працаваў, але і дапамагаў як валанцёр. Адной з першых валанцёрскіх спраў стала дапамога ў эвакуацыі заапарку.   

Першымі ахвярамі вайны, якіх я убачыў, былі трупы забітых экзатычных жывёл: страусаў і каго заўгодна, каго там толькі не было. Эвакуіравалі на той момант шатландскіх поні. Іх трэба было зацягнуць у трэйлер.  

Затым Зміцер пачаў вазіць ежу для байцоў блокпаста ля вёсцы Стоянка паблізу  Ірпеня. Сам Ірпень на той момант яшчэ быў акупаваны. У вёсцы засталіся супрацоўнікі грузінскага рэстарана, якія ўвесь час гатавалі ежу для салдат і простых людзей.  

Я быў так уражаны гэтай гісторыяй, што вырашыў ім дапамагчы. Запасы ежы — яны ж не бясконцыя! Я ўзяў спіс прадуктаў, вялізны спіс. Загрузіў цэлы багажнік бульбай, буракамі, мясам, салам, цыбуляй, і прывез гэта ўсё ў  рэстарацыю «Радыё Тбілісі».   

У Ірпень і Бучу Зміцер Галко патрапіў разам з вызваліцелямі з УСУ і адным з першых журналістаў. На ўласныя вочы ён пабачыў, што пакінулі пасля сябе рускія захопнікі.  

Пра горы трупаў там Зміцер даведаўся раней: яму расказаў пра гэта сын Глеб, які ваяваў у складзе батальёна Каліноўскага і адным з першых заходзіў у Бучу на зачыстку. Хлопец так апісаў пабачанае:

«Валяюцца трупы, а паміж імі бегаюць дзеці».

Уражвае стойкасць простых украінцаў

Зміцер прыгадвае мужчыну ва ўзросце з-пад Чарнігаўшчыны, які самастойна  арганізаваў аднаўленне разбуранага маста ў сваёй вёсцы.

69-гадовы фатограф з Харкаўчшыны Анатоль Гарагаты мужна здымаў праўду пра акупацыю, выкладаў у Фейсбук. За ім прыйшлі. Сто дзён у палоне яго катавалі і беспаспяхова схілялі да супрацоўніцтва.

Да 96-гадовага ветэрана Другой сусветнай вайны прыйшла ФСБ з вобшукам. Адабралі іменны пісталет. Дзядуля памёр 8 верасня, за дзень да вызвалення. Не было каму адвезці яго на могілкі, таму пахавалі ветэрана каля дома.

Зміцер кажа, што адчувае вялікае натхненне, калі дапамагае гэтым нескароным людзям. Яго нават не так уражваюць жахі вайны, як мужнасць украінцаў, іх прага да стварэння вакол сябе жыцця: людзі літаральна праз некалькі хвілін пасля бамбардзіроўкі выходзяць і пачынаюць разбіраць завалы, рамантаваць будынкі. 

Быў момант, калі адразу пасля прылёту авіябомбы людзі пачалі ратаваць дрэвы, адразу іх перасаджвалі. 

Фота: Зміцер Галко facebook.com/dzmitry.halko

Бабуля з чырвоным сцягам 

Сярод рэпартажаў Змітра Галко ёсць і сапраўдныя інфармацыйныя бомбы. Напрыклад, менавіта ён першым знайшоў тую бабулю з чырвоным сцягам, з якой рускія прапагандысты пачалі ствараць сімвал шчырай любові ўкраінскага народу да сваіх «вызваліцеляў».  

Мы першымі ачалавечылі і расказалі яе няпростую гісторыю. Пасля расіяне нас абвясцілі супрацоўнікамі СБУ, якія  быццам бы «выбілі» у бабулі абвяржэнне інфармацыі, што ішла па каналах расійскай прапаганды. Пасля  яны яшчэ даведаліся, што гэтая бабуся ў шпіталі, і аб’явілі гэты шпіталь вайсковым аб’ектам, нібыта там знаходзяцца ўкраінскія нацыялістычныя батальёны. Давялося эвакуіраваць і жанчыну, і іншых пацыентаў.   

Та самая бабуля з чырвоным сцягам у шпіталі. Фота: Зміцер Галко facebook.com/dzmitry.halko

Зміцер Галко прызнаецца, што ўсё пабачанае і пачутае перажываць вельмі цяжка. Адзінае, што яго трымае псіхалагічна — гэта спадзеў на тое, што пасля гэтага пекла ва Украіны і Беларусі будзе мірная будучыня, што «дух СССР урэшце здохне». Гэтыя думкі і спадзеў падтрымліваюць і не дазваляюць звар’яцець.

Comments are closed.