Імя фотакарэспандэнта Tut.by Вадзіма Заміроўскага чытачы парталу ведалі добра яшчэ да 2020 года. Падчас пратэстаў ён стаў адным з беларускіх фатографаў, якія асвятлялі падзеі, рызыкуючы сабой. Пра свой прафесійны шлях, працу падчас выбарчай кампаніі-2020 і пасля яе, ад’езд з краіны і далейшыя планы Вадзім распавёў у нашым падкасце «Я журналіст, навошта вы мяне б’яце?».
Вадзім Заміроўскі абраў шлях журналіста яшчэ падчас навучання фатаграфіі ў каледжы. Кар’еру ён пачаў у газеце «Знамя юности», потым працаваў у некалькіх дзяржмедыях, затым — у «Белгазеце», пасля якой нарэшце далучыўся да каманды Tut.by, дзе заставаўся да самага знішчэння медыя.
Вось што Вадзім кажа пра падзеі 2020 года:
«Было даволі складана працаваць фізічна, мала заставалася часу на сон, адпачынак, каб пабыць з сям’ёй, з сынам, якому было паўгода. Гэта было яшчэ не ў жніўні, а калі пачалася выбарчая кампанія, часу зусім не было. Але калі ты разумееш, што адбываюцца гістарычныя падзеі, то мусіш працаваць на сто адсоткаў, а адпачнеш потым.
Больш за ўсё ўразіла пазітыўна тое, як людзі рэагавалі на нашую працу. У 2020 годзе я адчуў, наколькі важная справа, якую мы робім. Людзі спынялі на вуліцы падчас мерапрыемстваў, дзякавалі, і нават часам было складана працаваць, бо шмат хто хацеў выказаць падзяку і падтрымку.»
Падчас разгрому рэдакцыі Tut.by. Заміроўскі стаяў у чарзе на прышчэпку. Пра ператрус у рэдакцыі ён даведаўся з навінаў, адразу паехаў дадому, сабраў рэчы, памяняў сімку і праз некалькі дзён з’ехаў у Кіеў. Зараз Вадзім з сям’ёй знаходзіцца ў Літве і чакае, калі ў іх будзе магчымасць вярнуцца ў Беларусь, на свой хутар, бо як бы ні было камфортна за мяжой, гэта ўсё-ткі не дом, лічыць журналіст.
Comments are closed.