Беларусам зноў пачалі блакаваць банкаўскія карткі ва Украіне. З праблемамі паноўна сутыкнуліся і тыя, хто раней, усе ж такі, здолеў атрымаць доступ да сваіх рахункаў. Што адбываецца і як тлумачаць гэта ўкраінскія банкі распавядае наш карэспандэнт Андрусь Гаёвы, які не толькі сочыць за гэтай гісторыяй, але таксама стаў яе ахвярай.
Адзначу, што яшчэ да паўнамашабнага ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года чалавек з беларускім пашпартам мог адкрыць рахунак далёка не ва ўсіх банках Украіны. Але сярод тых, якія адкрывалі беларусам рахункі і выдавалі банкаўскія карткі, быў менавіта Прыватбанк. Гэта найбуйнейшы дзяржаўны банк ва Украіне. 100 % акцыяў гэтага банку зараз належаць Кабінету міністраў Украіны.
Што да маёй асабістай гісторыі, то яна такая – у першай палове дня 13 красавіка я заўважыў сярод іншых на экране смартфона паведамленне ў дадатку Прыват24 (гэта такі мабільны дадатак, у якім можна праводзіць усе банкаўскія аперацыі) «13.04.22 спынена абслугоўванне…». Далей было не бачна. Звычайна, каб прачытаць паведамленне трэба зайсці ў дадатак, увёўшы пароль ад яго. І там ужо ты трапляеш у раздзел апавяшчэнняў. Але гэтым разам увайсці ў дадатак у мяне не атрымалася, ні праз тое паведамленне, ні асобна. Яно выдавала тэкст «З метою безпеки послуга недоступна. Для завершення операції зверніться до чату-онлайн або зателефонуйте за номером 3700». Але званок на гэты нумар так званай гарачай лініі з нумара тэлефона, да якога прывязаныя рахункі, проста скідваўся.
Тады я вырашыў фізічна пайсці ў адзяленне банка і ўсё высветліць. Там супрацоўніца нешта паглядзела ў сваіх праграмах і сказала, што зблакавалася праз тое, што ў мяне не абноўленыя нейкія дадзеныя. Я падумаў, магчыма, праз тое, што я ў канцы мінулага года атрымаў новы часовы дазвол на жыхарства, гэта нейкім чынам паўплывала. Супрацоўніца банка адфтагарафавала і ўнесла ў звесткі ў праграму. Потым ёй прыйло нешта і яна сказала, што праверку мае дакументы прайшлі. Усё добра і праз нейкі час да паўгадзіны доступ да рахункаў павінен аднавіцца.
Але, калі гэтага не адбылося ні праз паўгадзіны, ні праз гадзіну, я стаў больш настойліва спрабаваць патрапіць ці на тую гарачую лінію, што так і не атрымлівалася – званок скідаўся, ці ў анлайн-чат дапамогі. У анлайн-чат той, праз пэўны квэст я ўсё ж патрапіў. І ў мяне завязалася доўгае ліставанне з нейкім адмыслоўцам банка, што сядзіць на тым чаце. Спачатку яны мне назвалі прычыну блакавання – пастанову Нацбанка Украіны № 18 ад 24 лютага 2022 года «Аб працы банкаўскай сістэмы ў перыяд увядзення ваеннага становішча». Гэта тая самая пастанова, паводле якой усім беларусам заблакавалі рахункі 24 лютага 2022 года з пачаткам паўнамаштабнай вайны і з якой спрабуюць змагацца нашыя актывісты ўсе гэтыя вось ужо 14 месяцаў. Многім з тых, хто застаўся ва Украіне, рахункі ўдалося разблакаваць пасля падачы спісу Беларускай асацыяцыяй журналістаў, і праверкі людзей Службай бяспекі Украіны. У ліку такіх быў і я. Гэта я напісаў гэтаму анлайн-чату. Тады яны напісалі «хвіліначку» і гэтая хвіліначка зацягнулася недзе каля гадзіны. Пасля чаго мне выдалі ўжо трэцюю за дзень версію чаму мне заблакаваны доступ да рахункаў – праводзіўся ўнутрабанкаўскі фінансававы маніторынг, пад які трапіў мой рахунак (а які канкрэтна не ўказаны: іх у мяне тры – у грыўнах, еўра і рахунак прадпрымальніка) і ён нібыта не прайшоў праверку, таму банк вырашыў скасаваць са мной усе дамовы. Я папрасіў удакладніць якія канкрэтна парушэнні ў маіх рахунках выкрыў той фінансавы маніторынг, але мне адказалі, што гэта не пазначана, напісана, што з мэтай пазбягання легалізацыі (адмывання) прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і фінансаванню распаўсюду зброі масавага знішчэння са мной вырашана разарваць дамовы. Параілі звярнуцца ў аддзяленне банка з заявай аб пералічэнні сродкаў з маіх рахункаў у ПрыватБанку на рахункі ў іншых банках. На мае іншыя ўдакладненні – які яшчэ тэрарызм і зброя, калі я з тае карткі толькі ў крамах разлічваўся, квартплату плаціў і квіткі на цягнікі для службовых паездак купляў, ну і на Узброеныя Сілы Украіны данаціў, прыходзілі адказы з прабачэннямі, што нічога іншага мне паведаміць не могуць.
А ўжо ўвечары ў нашым журналісцкім чаце я даведаўся, што з такой самай праблемай сутыкнуліся як мінімум яшчэ чацвёра маіх калег-журналістаў, якія жывуць і працуюць ва Украіне, і якім рахункі пасля праверак былі разблакаваныя раней. Праўда, нікому з іх не ўдалося пастасавацца з банкам і даведацца прычыны блакаванняў.
Ужо раніцай у чат выклалі ліст, надасланы Прыватбанкам аднаму з беларускіх журнлістаў. Там пералічаныя пункты таго самага закона пра супрацьдзеянне адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызма і распаўсюду зброі, на падставе якіх банк можа ацэньваць рызыкі, потым пералічаныя ўсе рызыкоўныя сітуацыі, прадугледжаныя законам, без згадкі, якая канкрэтна з іх стала прычынай прыняцця рашэння аб разрыве дамоўных дачыненняў і змешаны парадак звароту па пералічэнне грошай на рахунак у іншым банку.
На мой погляд, гэта чарговая праява ксенафобіі – з’явы, калі на канкрэтных асобаў пераносяць адказнасць за нейкія стэрэатыпныя ўяўленні пра нейкую нацыю ці грамадзян краіны. Вось усе беларусы цяпер ворагі Украіны. Зрэшты, пра тое, што лукашысты як раз не мелі ніколі і не маюць тых картак украінскіх банкаў і падобныя дзеянні б’юць выключна па сябрах Украіны, ужо шмат гаворана і напісана пасля тае леташняе лютаўскае блакіроўкі. Нам тлумачаць, што ва Украіне не да таго, каб займацца беларусамі – ідзе вайна і банкам трэба ваяваць. Але, як бачым, калі трэба нешта дадаткова заблакаваць беларусам, то да гэтага ў банкаўскіх установах «рукі даходзяць» без праблемаў!
Comments are closed.