Loading

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў на Генеральнай асамблеі ААН з відэапрамовай. У ёй ён выклаў пяць складнікаў міру, які парушае Расія.

Фота: Суспільнэ.

Сярод іншага ён запатрабаваў пазбавіць Расію права вета ў Радзе Бяспекі ААН сталым чальцом якой Расія з’яўляецца. Прычым, яе такі статус, на думку Зяленскага, зусім неапраўданы.

«Агрэсар доўга ўплываў на прыняццё рашэнняў у міжнароднай арганізацыі. Яго трэба пазбавіць гэтага. Прынамсі, пакуль не будзе скончаная гэтая вайна. У іх павінна быць забранае права вета, калі яны чальцы Рады Бяспекі ААН», – сказаў Прэзідэнт Украіны.

Таксама Уладзімір Зяленскі запатрабаваў ад Генасамблеі ААН стварыць міжнародны трыбунал для расследавання злачынстваў Расіі ва Украіне.

«Міжнародны трыбунал мусіць пакараць Расію за злачынства агрэсіі супраць нашай дзяржавы. І гэта будзе сігнал усім магчымым агрэсарам будучыні, што будзе адказнасць перад усім светам», – заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны сказаў, што Украіна прадставіць на разгляд іншым краінам распрацаваны ёю міжнародны механізм кампенсацыі шкоды, якую нанесла вайна.

21 верасня ў Нью-Ёрку адбылося пасяджэнне 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Перад тым у ААН вырашалася ці мае магчымасць прэзідэнт Украіны выступіць на ёй не асабіста, а праз відэазварот. Тады 7 краінаў прагаласавалі супраць рэзалюцыі, якая ў выглядзе выключэння дазваляла кіраўніку Украіны выступіць праз загадзя запісаны відэазварот. Гэта Расія, Беларусь, Паўночная Карэя, Куба, Эрытрэя, Нікарагуа і Сірыя. 19 дзяржаваў падчас галасавання ўстрымаліся.

Comments are closed.