Loading

Міністэрства замежных справаў Украіны выступіла з прапановай пазбавіць Расію статуса пастаяннага члена ў Радзе бяспекі ААН і ўвогуле месца ў арганізацыі. Наколькі гэтая прапанова рэалістычная для выканання, і чаму ААН неабходная татальная рэарганізацыя, патлумачыў украінскі палітолаг Уладзімір Воля.

Расія з’яўляецца дзяржавай-агрэсарам, таму адпаведна за гэта яе варта пакараць. Прычым, зараз яна агрэсар не ў нейкім гібрыдным фармаце, як гэта было раней. Расія развязала ў Еўропе поўнамаштабную вайну супраць іншай дзяржавы, якой не было з часу Другой Сусветнай вайны. І мэта гэтай вайны імперыялістычная, то бок, захапленне тэрыторый Украіны.

Ёсць прэцэдэнт у сусветнай гісторыі, калі ў 1939 годзе за акт агрэсіўнай вайны з Лігі нацый быў выключаны СССР. Таму зараз праводзяць паралелі і кажуць, што Расію варта пазбавіць прынамсі статусу пастаяннага члена Рады бяспекі ААН, а яшчэ лепш, увогуле выключыць яе з арганізацыі.

Логіка такіх прапаноў правільная. Але, калі весці размову пра практычны бок гэтага пытання, то трэба разумець, што Расія атрымала статус пастаяннага члена Рады бяспекі ААН на падставе агульнага кансэнсусу Захада і ўсіх дзяржаў свету, што Расія становіцца правапераемніцай Савецкага саюзу. Гэта значыць, што Расія ўзяла на сябе абавязкі па ўсіх міжнародных дамовах, якія былі заключаныя СССР з усімі іншымі дзяржавамі, у тым ліку і з ЗША. Яны тычацца пытанняў ядзерных і іншых узбраенняў, космасу, паветранай і марской прасторы. На той момант Захаду было важна захаваць гэтыя дамовы, бо яны былі закладзеныя ў аснову архітэктуры сусветнай бяспекі станам на 1991 год.

Калі СССР распаўся, яго сталіцай стала сталіцай Расіі, як і ўсе дзяржаўныя органы ўлады. Ўсе савецкія вайсковыя цэнтры аўтаматычна сталі расійскімі, як і найбольшая частка ядзернага арсеналу. Таму гэта быў такі маўклівы кансэнсус, нефармальная згода паміж Расіяй, Захадам і іншымі краінамі свету. Расія бярэ на сябе абавязкі, а за гэта атрымлівае месца ў ААН.

Можна дыскутаваць, наколькі законным было атрыманне гэтага статусу і прывілей разам з чатырма іншымі дзяржавамі па сутнасці выконваць функцыі суддзі ўсяго свету з правам вета, але шмат гадоў такое становішча задавальняла ўсіх.

Хто мог падумаць тады, што праз 31 год Расія распачне поўнамаштабную вайну ў Еўропе? Пасля Другой Сусветнай вайны ААН была створаная як арганізацыя, менавіта для таго, каб усе пытанні вырашаць дыпламатычным шляхам. І калі хтосьці намагаецца распачаць вайну, калектыўнымі высілкамі Радбезу ААН і самой ААН такую дзяржаву спыняць.

Апроч Расіі быў яшчэ і кітайскі прэцэдэнт. А 1971 годзе паўнамоцтвы прадстаўляць кітайскі народ у ААН у якасці пастаянна члена Рады бяспекі ААН былі перададзеныя ад кітайскай рэспублікі, што зараз на Тайвані, Кітайскай народнай рэспубліцы са сталіцай у Пекіне. Таму, думаю, гэтая ўкраінская ініцыятыва не атрымае падтрымкі ў тым ліку, і праз наяўнасць кітайскага прэцэдэнту. Праўда, варта адзначыць, што перадача паміж кітайскім рэспублікамі была фармальна зафіксаваная рэзалюцыяй Генасамблеі ААН. Тады ўрад, які прадстаўляў значную меншасць кітайскага народу перадаў паўнамоцтвы ўраду, які прадстаўляў большасць кітайскага народу.

Расія ўзяла на сябе абавязкі па дамовах, што тычацца сусветнай бяспекі і працягвае прытрымлівацца большасці з іх. Таму, калі казаць пра тое, хто і як будзе галасаваць у Радзе бяспекі і на Генасамблее ААН, то можна выказаць здагадку, што заходнія дзяржавы з улікам гэтых дамоваў, не будуць правакаваць Расію ў адказ на выключэнне яе з ААН выйсці і з усіх іншых міжнародных дамоваў.

Апроч таго, Расія ў якасці помсты можа выйсці з міждзяржаўных і іншых механізмаў, якія тычацца іранскай і паўночнакарэйскай ядзерных праграмаў і барацьбы з тэрарызмам. Таму ЗША, Вялікабрытанія і Францыя, тры з пяці пастаянных членаў Рады бяспекі ААН, дакладна не будуць галасаваць супраць Расіі. Не стане гэтага рабіць і Кітай, каб не ствараць прэцэдэнту, які ў будучыні гіпатэтычна можа быць выкарыстаны супраць яго. Акрамя таго, Расія патрэбна Кітаю ў Радбезе як інструмент стрымання ЗША і агульнага Захаду.

То бок, з кропкі погляду працэдуры, выключэнне Расіі з пастаянных чальцоў і ўвогуле з ААН магчыма. Але з пункту гледжання таго, хто ж з вялікіх дзяржаваў гэта падтрымае, выглядае, што ніхто.

А ўвогуле ў статуце ААН няма ніводнага ўзгадавання пра тое, як стаць пастаянным членам ААН і як гэтага статусу пазбавіцца. Таму што ААН стваралася дзяржавамі – пераможцамі Другой Сусветнай вайны, якія прадстаўлялі пераважную большасць насельніцтва свету, мелі найбольшыя арміі і прамысловасць. Фактычна пяць пастаянных членаў Рады бяспекі ААН гаварылі ад імя ўсяго свету. А сама Рада была той пляцоўкай, на якой дзяржавы, якія канкуравалі паміж сабой, маглі вырашаць свае супярэчнасці дыпламатычным шляхам, каб не даводзіць да прамога вайсковага сутыкнення. То бок, гэта такі клуб пажыццёвых гегемонаў, якія прызначылі сябе дырэктарамі свету.

Зараз іншыя міжнародна-палітычныя рэаліі. У свеце ўжо не 70 дзяржаў, як гэта было тады. І то з нацяжкай, бо СССР, каб збалансаваць сябе колькасць галасоў раптоўна ўключыў у ААН Украіну і Беларусь. Яны па факце не былі тады незалежнымі дзяржавамі, але СССР скарыстаў гэтую маніпуляцыю, каб забяспечыць сябе баланс пры галасаванні.

Рада бяспекі ААН адлюстроўвае рэаліі 1945 году, якіх ужо даўно няма. Але пакуль Расія не прайграе ў гэтай вайне, і ў ёй не з’явіцца новы ўрад, які пагадзіцца выплаціць рэпарацыі Украіне і адмовіцца ад імперскага сіндрому, ніякіх зменаў у ААН не будзе.

Тады навошта ўкраінскія палітыкі робяць такія прапановы, якія з улікам рэаліяў выглядаюць непрафесійна і папулісцкі?

Па-першае, відавочна, што ААН патрабуе кардынальных рэформаў. І пачынаць дыскусію аб гэтым варта. Такімі заявамі Украіна прыцягвае ўвагу да факту, што структура ААН на адпавядае сучасным патрэбам і рэаліям.

Пытанне рэфармавання ААН дужа складнае. Правесці нейкія рэформы безвынікова спрабуюць ужо трывалы час. Пакуль усе спробы змяніць структуру ААН выглядалі як піяр. Бо ніхто не ведае, як гэта зрабіць. Як гэты клуб недатыкальных пажыццёвых гегемонаў пазбавіць хаця б права вета? Бо без іх згоды гэта немагчыма зрабіць. А як зрабіць так, каб яны ўсе пагадзіліся?

Таму заява ўкраінскага МЗС прынамсі падштурхнула зноў гэтую дыскусію. Архітэктура ААН дужа застарэлая. Бо гэта сістэма выглядае як сукупнасць глухіх кутоў і замкнёных колаў.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.