Loading

9 траўня на беларуска-польскай мяжы ля пункта пропуску «Кукурыкі» – «Казловічы» пачала акцыя пратэсту польскіх перавозчыкаў. Яны сцвярджаюць, што за апошні час у Польшчы было зарэгістравана шмат фірм з беларускім капіталам, якія займаюцца грузаперавозкамі, з-за гэтага, нібыта, упалі кошты на рынку і зараз за такія грошы працаваць стала немэтазгодна. Польскія перавозчыкі называюць сітуацыю «захопам рынка аўтамабільных грузаперавозак на ўсход беларускімі і расійскімі кампаніямі».

Крыніца: facebook.com Strajk Polskich Przewoźników

Беларускія перавозчыкі ў Польшчы з большасці адмаўляюцца каментаваць сітуацыю, баючыся негатыўных наступстваў для іх бізнэсаў і іх саміх. Але радыё Ўнэт атрымала некалькі каментарыяў. Перавозчыкі вельмі абураныя такімі абвінавачваннямі на свой адрас, яны адзначаюць, што далёка не ўсе заявы асобных польскіх дальнабойшчыкаў і далёка не ўся інфармацыя, якая на гэты конт публікуецца ў медыя, адпавядае рэчаіснасці.
Уладальнік адной з кансалтынгавых фірм, які пажадаў застацца ананімным, так каментуе сітуацыю:

— Будзем называць рэчы сваімі імёнамі – не польскія перавозчыкі, а 30 лакальных фірм (у асноўным з г. Лукуў –прым.рэд). 30 зацікаўленых перавозчыкаў, якія звязаныя паміж сабой нейкімі там шэрымі схемамі. І таксама там ёсць мясцовы палітык, які хоча на гэтай тэме зарабіць галасы выбаршчыкаў. Вось і ўсё. Гэта значыць аб’явілі забастоўку 30 чалавек, а рэальна 3,5 тысячы фур едзе штодня. Каб былі зразумелы суадносіны сіл. Напрыклад, у Бялай-Падлясцы няма ніводнай фірмы, якая б удзельнічала ў страйку, гэта пра штосьці сведчыць. Таму гэта штучна раздзьмутая, скажам, акцыя, ніяк не звязаная з транспартам, а выключна з палітыкай.

Калі беларускія экспедытарскія фірмы, лагістычныя прыватныя фірмы даведваюцца, што галоўным зачыншчыкам выступаюць «лукаўскія», яны кажуць: «гэты тыя, хто больш за ўсё ад нас атрымліваў наяўных за аказаныя паслугі». Гэта значыць, мы ім больш за ўсё плацім, за давоз грузаў да тэрмінала ў Брэсце, да ТЛЦ «Брэст». Калі летам былі стаўкі па пяць тысяч еўра, чамусьці яны не ладзілі забастоўкі. А калі ва ўсіх упалі стаўкі, калі з-за санкцый, з-за эмбарга, з-за вайны стала мала грузаў – маленькія стаўкі сталі, тады пачалі шукаць вінаватых. Пазіцыя такая: навошта нам патрабаваць ад урада і дзяржавы дапамогі нейкай, каб нам адмянілі транспартны падатак? Давайце будзем вось хайпаваць на гэтай тэме і тут дабівацца незразумела чаго.

— Адно з патрабаванняў польскіх перавозчыкаў: дабіцца, каб на тэрыторыю Польшчы забаранілі ўезд беларускіх і расійскіх паўпрычэпаў. Ці гэта магчыма?

— Ёсць такія еўрапейскія, польскія грузы, якія немагчыма перагружаць. Напрыклад, Польшча велізарную колькасць экспартуе перапрацаванага мяса, яно ідзе замарожанае. Бо яно едзе ў краіны Азіі. Гэта Узбекістан, Казахстан, Кыргызстан. І яго проста вы не перагрузіце. Калі вы перагрузіце яно сапсуецца. Тая ж вішня, ягада, замарозка ўсё, што вырошчваюць польскія фермеры і потым замарожваюць. Тое, што не едзе свежым. Гэта будуць сотні мільёнаў урону для мясцовых фермераў. Таму я думаю, што яны не даб’юцца гэтага выключэння беларускіх і расійскіх прычэпаў. Калі польскі ўрад клапоціцца аб сваіх падаткаплацельшчыках, сваіх вытворцах, аб фермерах і аб тысячах працоўных месцаў, то ён не пойдзе на такі папулісцкі крок.

Калі ён нават і пойдзе, то атрымліваецца, што Беларусь павінна будзе пабудаваць на тэрыторыі ТЛЦ вялізныя нейкія склады замарозкі, дзе будзе ісці перагрузка. І рэжым Лукашэнкі будзе яшчэ больш зарабляць, умоўна кажучы, на санкцыях, якія супраць яго ўвялі. Вось зараз, каб вы разумелі, Беларусь пасля ўвядзення санкцый зарабляе недзе каля 400 еўра з кожнай машыны. Беларусь перастала даваць дазволы для польскага Міністэрства транспарту, бо гэта было заўсёды раней на парытэтных асновах. Раней выдавалася 200-300 тысяч дазволаў і яны нічога не каштавалі. Польскія перавозчыкі іх куплялі па 50 злотых за адзін дазвол. Цяпер Лукашэнка кажа: «ОК, вы не пускаеце мае машыны ў Еўропу, ну значыць вам і не патрэбныя дазволы. А хто хоча прыехаць да нас у Беларусь – то, калі ласка, плаціце мне 200 еўра проста на мяжы». Гэта значыць, 200 еўра за дазвол, плюс 150 еўра за навігацыйную пломбу, плюс яшчэ некалькі плацяжоў. У выніку чыста вось Лукашэнку ў кішэню падае з кожнай фуры 400 еўра. Столькі рэжым Лукашэнкі зарабляе на кожнай еўрапейскай машыне, якая заязджае на тэрыторыю Беларусі. І калі польскі ўрад вядзе яшчэ і дадатковыя забароны – Мінск яшчэ больш будзе зарабляць на тым, што давядзецца гэтым еўрапейскім перавозчыкам выгружаць гэты тавар, нейкія плаціць касмічныя грошы за гэта. Зразумела, што гэта потым у выніку ўсё ляжа на канчатковага спажыўца дзе-небудзь там у Азіі, але сутнасць у тым, што пачне зарабляць зноў на гэтым Лукашэнка.

— Польскія перавозчыкі, якія пачалі гэтую акцыю сцвярджаюць, што беларускіх фірм ужо нібыта зарэгістравана занадта шмат і яны дэмпінгуюць  на рынку.  Ці адпавядаюць рэчаіснасці гэтыя заявы?

— Іх зарэгістравалася роўна столькі, колькі было патрэбна. Беларускі перавозчык, каб працавалі яго фуры, пасля ўвядзення гэтай забароны наймаў палякаў. Да прыкладу, завесці груз з Варшавы да Узбекістана каштуе 10 тысяч еўра. Польскія перавозчык мне казаў: «За тое, што я з Варшавы давязу да Брэста,  ты мне заплаці 5 тысяч еўра. Інакш я не паеду». І мы вымушаны былі пагаджацца, інакш мы бы страцілі сваіх кліентаў. І пасля таго, калі беларусы сутыкнуліся з тым, што польскія перавозчыкі, умоўна кажучы, за 200 кіламетраў дарогі зарабляюць 5 тысяч еўра, а мы астатні адрэзак возім ледзь не сабе ва ўрон, то лагічнае рашэнне: паспрабаваць адкрыць фірму ў Еўрасаюзе для таго, каб выконваць поўнасцю перавозку і не быць залежнымі ад недобрасумленных перавозчыкаў. То бок адкрылася роўна тая колькасць фірм, якая была патрэбна, каб абслугоўваць падпісаныя яшчэ да вайны дагаворы. Але сказаць, што мы захапілі там гэты рынак ці неяк паўплывалі на ўвесь гэты рынак – гэта трызненне. Адкрылася прыблізна 300 фірм па ўсёй Польшчы, гэта кропля ў моры на фоне агульнай колькасці перавозчыкаў у краіне.

Крыніца: facebook.com Strajk Polskich Przewoźników

Уладальнік яшчэ адной фірмы, непасрэдна транспартнай, які таксама пажадаў захаваць ананімнасць, лічыць, што гэтая блакада не працягнецца доўга, бо наносіць вялікую шкоду самой Польшчы. Па яго словах, вялікая колькасць кіроўцаў, вымушаных стаяць у чарзе, – гэта мясцовыя польскія кіроўцы. Падчас размовы з рэдакцыяй Ўнэт ён знаходзіўся на мяжы ў гэтай самай чарзе і ўжо на той момант, па словах нашага суразмоўцы, яна расцягнулася на дзесяткі кіламетраў.

— Мы займаемся перавозкамі ў Польшчы, польская фірма ў нас. Польская кампанія з беларускім капіталам. Два беларусы ў нас заснавальнікі. Вельмі-вельмі нас закранула ўся гэтая сітуацыя, бо нашыя машыны там стаяць у чарзе. Там усё не адпавядае рэчаіснасці. Уся гэтая праблема ўзнікла з-за польскіх перавозчыкаў, я так сказаў бы. Раней мы вазілі грузы наўпрост з Беларусі, у тую ж Германію ці па ўсім Еўрасаюзе. Цяпер нам даводзіцца рабіць гэта праз нашы ж польскія кампаніі. Ніхто ў польскіх перавозчыкаў працу не адбіраў, і блізка нават. Туды, куды мы ездзілі, яны не ездзілі і не ездзяць да гэтага часу. У іх свая праца, у нас свая.

— А ці сапраўды існуе «прасадка коштаў» на перавозку грузаў, аб якой кажуць польскія перавозчыкі?

— Прасадка ёсць. У сувязі з санкцыямі. Да іх было мільён прапаноў, а зараз засталося сто тысяч. Вялікія кампаніі, у якіх машыны ў лізінгу, у якіх кіроўцы менш зарабляюць, яны могуць знізіць кошт да мінімума, абы машына ехала. А ў мяне невялікая кампанія, мы за такія перавозкі не бярэмся. Мы самі ў шоку ад такіх коштаў, якія прапануюць польскія платформы. Але беларусы тут увогуле ні пры чым.

— Удзельнікі страйку таксама кажуць, што беларускія перавозчыкі нібыта плацяць значна менш за паліва ў Беларусі. Ці гэта так?

— Мы запраўляемся не танным палівам у Беларусі, як яны гэта расказваюць. Любая еўрапейская машына, якая прыехала ў Беларусь, не можа заправіцца на беларускай запраўцы стандартнай, а кошт для яе 3 рублі 58 капеек за літр. На дадзены момант у палякаў салярка крыху патаннела і гэта ўжо практычна аднолькавая цана, што ў Польшчы, што ў Беларусі. Тут жа бунтуюць на мяжы кампаніі з Лукава. Яны ж самі збілі кошты. А зараз кусаюць сябе за локці і не ведаюць, што з гэтым рабіць.

— На вашу думку, ці змогуць дамагчыся выканання сваіх патрабаванняў пратэстоўцы?

— Я думаю, не. Учора я размаўляў з экспедытарам польскім. Яны працуюць на Еўропу, яны працуюць на Беларусь і ён сказаў, што палякі нічога зрабіць не могуць, бо гэтую мяжу кантралюе Еўрапейскі Саюз.

— Ці плануеце вы якія-небудзь захады ў адказ?

— Ну вы ж разумееце, што правоў у нас тут няма. Можна недзе штосьці напісаць, можна пайсці ў нейкі суд. Якія ў нас правы, калі нават беларускім кампаніям, якія жадаюць узяць машыну ў лізінг, яе не даюць. Бо заснавальнікі беларусы. Ім гавораць так-так-так, у вас добрыя абароты, вы нядрэнна зарабляеце, вы плаціце падаткі, але прабачце, палітыка нашай фірмы, арганізацыям з беларускім капіталам у лізінг машыну не даваць. Калі ў вас ёсць свае грошы, купляйце за свае, няма – мы вам нічым дапамагчы не можам.

— На вашу думку, уся гэтая сітуацыя, яна звязаная з геапалітычнай сітуацыяй у рэгіёне?

— Гэтая сітуацыя звязана з вайной. Я думаю, што ў бліжэйшыя дні яна вырашыцца, бо чарга ўжо трыццаць кіламетраў. Зараз у нас толькі серада, а далей яшчэ чацвер, пятніца, субота. Зараз усе машыны, якія былі ў Еўропе, едуць назад, яны зараз збяруцца на мяжы і гэтая чарга ўпрэцца ў Варшаву. Таму што руху няма ўвогуле. Я два разы сёння ездзіў паглядзець, там праехалі некалькі машын. Груба кажучы, машыны як стаялі колам, так і стаяць. Кіроўцы тут пры чым? Яны робяць сваю працу. 40% гэтай чаргі – гэта стаяць палякі. Мы ўсе жадаем працаваць, незалежна ад нацыянальнасці, палякі, беларусы, рускія, немцы. Нармальна працаваць, нармальна зарабляць і не адчуваць дыскамфорту.

Крыніца: twitter.com/MaksUkasiuk

Акцыя пратэсту польскіх дальнабойшчыкаў  пачалася 9 траўня. Мясцовыя ўлады выдалі дазвол на яе правядзенне да 9 чэрвеня.

Comments are closed.