Loading

3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Менску быў агучаны прысуд праваабаронцам з «Вясны», у тым ліку лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру за 2021 год Алесю Бяляцкаму. Суддзя Марына Запаснік пастанавіла зняволіць Алеся Бяляцкага на 10 гадоў у калонію, ягонага намесніка ў Праваабарончым цэнтры «Вясна» Валянціна Стэфановіча на 9 гадоў, і яшчэ аднаго вясноўца – каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзя Лабковіча на 7 гадоў. Мы папрасілі пракаментаваць вынясенне такіх прысудаў праваабаронцам, у тым ліку нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму, юрыстку-міжнародніцу, кандыдатку юрыдычных навук Кацярыну Дзяйкала.

Фота: people.onliner.by

Па-першае, відавочна, што гэта рэпрэсіўныя захады. І відавочна, што тыя абвінавачванні, якія вылучаныя ім – кантрабанда ды іншае, гэта, вядома ж, не адпавядае рэчаіснасці і, безумоўна, рэпрэсіўны характар гэтага суда відавочны. То бок – гэта пераслед за праваабарончую дзейнасць.

Пры гэтым варта сказаць, што тое, што ўлады трактуюць як супрацьпраўныя дзеянні, гэта ўкладаецца ў рамкі праваабарончай дзейнасці, якая абароненая стандартамі. То бок, тое, што яны ажыццяўлялі як праваабаронцы – гэта ўкладаецца ў права на свабоду асацыяцый, гэта ўкладаецца ў стандарты, якія замацаваны на ААНаўскім узроўні аб дзейнасці праваабаронцаў, у тым ліку ў права атрымліваць прававую дапамогу і надаваць прававую дапамогу. Безумоўна, гэта пераслед за законную дзейнасць.

У гэтым прысудзе мы нічога новага не бачым. Крыху здзіўляе мяне такі ўсплёск рэакцыі, што, маўляў, нобелеўскаму лаўрэату далі 10 гадоў і гэта, маўляў, кажа ўжо пра нешта, што мы ўжо зусім па-за законам. Насамрэч, тое, што ўлада абсалютна па-за законам, казалі нашмат больш ранейшыя яе дзеянні. Калі ўлада ініцыявала дэнансацыю Факультатыўнага пратакола (да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах – РУ) і спыніла ўдзел Беларусі ў ім, то чаму для яе стрымлівальным чыннікам мусіў быць статус нобелеўскага лаўрэата? Цалкам відавочна, што няма ніякіх там стрымлівальных чыннікаў для дасягнення сваіх мэтаў.

Самае важнае, што мы бачылі, што справа «Вясны» суправаджалася рознымі публікацыямі ў прапагандысцкай праўладнай прэсе, дзе ўлада праваабарончую дзейнасць ставіць па-за законам і выварочвае сэнсы праваабарончай дзейнасці. Аднаго разу ў Лукашэнкі ў нейкай прамове праскочыў наратыў: праваабаронцы супраць дзяржавы нешта рабілі. Вось, калі не памыляюся, у яго, ці ў нейкага іншага чыноўніка, але вось такі наратыў праскочыў. І гэта таксама, вядома ж, паказнік такога зусім ужо пячорнага дна, калі ўлада не проста не выконвае свае абавязацельствы ў правах чалавека, стварае жорсткія ўмовы для рэгістрацыі НДА праваабарончых і гэтак далей, а ўлада пайшла ўжо нашмат далей. Яна проста называе дзейнасць у абарону чалавека варожай у дачыненні дзяржавы, такім чынам у прынцыпе, супрацьпастаўляючы чалавека і дзяржаву. То бок, яшчэ раз падкрэсліваюць, што сэнс гэтай дзяржавы – яшчэ раз прынізіць асобу і растаптаць чалавека як адзінку.

За некалькі месяцаў да суда іхнія дзеянні перакваліфікавалі з нясплаты падаткаў у кантрабанду. Відавочна, што пераследавалі мэту знайсці артыкул у больш жорсткіх санкцыях. Як Вы лічыце, ці атрымалася ў іх даказаць гэтую кантрабанду?

Безумоўна, у кантрабанды ёсць пэўны склад, які мае пад сабой цалкам дакладныя дзеянні. І, калі гэта ўсё невысветленымі асобамі ў невысветленае ўсё вось гэта – дык узнікае пытанне: у чым кантрабанда? Варта разумець, што гэты суд не напружвае сябе, не абцяжарвае сябе такімі «дробязямі», з яго гледзішча, як дабрасумленная ацэнка доказаў і каб сапраўды было даказана. Таму што ад пачатку гэтыя ўсе абвінавачванні – гэта сфабрыкаваныя абвінавачванні. Таму не бачаць яны праблемы ў тым, што насамрэч, вядома ж, там няма складу злачынства. Таму што ў іх развязаныя рукі, таму што ў іх ёсць пэўная мэта, з якой яны гэта робяць, і гэтая мэта, вядома ж, ну ніяк не ажыццяўленне правасуддзя.

Як бы Вы ацанілі рэакцыю міжнароднай супольнасці на гэтыя прысуды?

Канешне, рэакцыя адбылася вельмі шырокая, таму што Алесь Бяляцкі – нобелеўскі лаўрэат і, безумоўна, шмат у чым дзякуючы гэтаму мы бачым рэакцыю з усіх бакоў. Шматлікія сусветныя выданні пра гэта напісалі, выказаліся пра гэта і спецдакладчыкі ААН, і чыноўнікі міжнародных арганізацыяў – высокапасадоўцы.

Для гэтых людзей, якія выказваюцца, напэўна, пасадзіць нобелеўскага лаўрэата на 10 гадоў – гэта нешта такое ўвогуле неўяўляльнае. І яны не дарэшты разумеюць, што для гэтай сістэмы, што ты нобелеўскі лаўрэат, што ты проста чалавек – адзін з палітвязняў, для іх няма ніякай розніцы. Рэакцыя была – гэта лагічна.

Але я хачу сказаць, што трагедыя не ў тым, што нобелеўскі лаўрэат сядзіць, а ў тым, што ўвогуле гэтыя людзі – і Алесь Бяляцкі, і Валік Стэфановіч, і Ўладзь Лабковіч, і ўсе астатнія людзі, якія сядзяць, сядзяць бязвінна. І ў прыватнасці гэтыя трое людзей з «Вясны» былі асуджаныя да такіх тэрмінаў за праваабарончую дзейнасць. І гэта не менш страшна, чым сам факт, што прысудзілі 10 гадоў менавіта чалавеку са статусам нобелеўскага лаўрэата. Важна тое, што ў прынцыпе людзей асудзілі да такіх тэрмінаў паводле сфабрыкаванай справы толькі за тое, што яны дапамагалі іншым людзям.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.