Loading

Беспрэцэдэнтны напад Расіі на Украіну і злачынствы, здзейсненыя расійскай арміяй супраць мірнага насельніцтва з 24 лютага гэтага года, прымусілі мільёны ўкраінцаў з’ехаць і шукаць прытулку ў іншых рэгіёнах краіны або за мяжой. Масавая хваля ваенных бежанцаў патрабуе гуманітарнай, матэрыяльнай, а часта і псіхалагічнай дапамогі. Паводле даследаванняў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, праведзеных у траўні-верасні гэтага года, сярод унутранаперамешчаных асоб, якіх на тэрыторыі Украіны па папярэдніх ацэнках каля 7 мільёнаў чалавек, 75% з іх вымушаны эканоміць, 68% эканомяць на харчаванні, 67% скарачаюць нехарчовыя выдаткі, 54% эканомяць на здароўі. Сітуацыя з уцекачамі з Украіны ў краінах Еўрасаюза адрозніваецца, але з часам праблемай можа стаць стомленасць ад вайны прымаючага боку і змяншэнне колькасці людзей, гатовых дапамагаць.

Крыніца: infopost.media

Трагедыя, якую пуцінскі рэжым прынес мільёнам мірных жыхароў, пагаршаецца дэзінфармацыяй, якая ачарняе тых, хто ўцякае ад вайны. Такая сітуацыя назіраецца ад пачатку агрэсіі. Расійская прапаганда і дэзінфармацыя шматузроўневая і накіравана на розныя аўдыторыі. Яе задача – сфармаваць негатыўнае стаўленне да ўнутраных перасяленцаў, ваенных бежанцаў і людзей, якія ім дапамагаюць. Гэта тычыцца як дзеянняў асобных арганізацый, так і цэлых краін.

Вайна і выкліканая ёю масавая вымушаная міграцыя жыхароў Украіны падаюцца як вынік імперскай палітыкі Захаду, які імкнецца падпарадкаваць сабе Усходнюю Еўропу, і дэ-факта ўжо кіруе Малдовай і Украінай. У гэтым наратыве прэзідэнт Малдовы Мая Санду і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зʼяўляюцца марыянеткамі ЗША і іх саюзнікаў, якія падштурхоўваюць краіны да супрацьстаяння з Расіяй, а ўлады ў Крамлі нібыта толькі абараняюцца ад агрэсіі «калектыўнага Захаду».

Варта падкрэсліць, што прапагандысцкая і дэзінфармацыйная дзейнасць, якую зараз вядуць расіяне, зʼяўляецца працягам дзейнасці, накіраванай супраць украінскіх эканамічных мігрантаў у Польшчы і іншых краінах Еўрасаюза. З 2014 года расійская прапаганда спрабуе абвінаваціць украінскія ўлады ў масавай працоўнай міграцыі. Гэта стала следствам нібыта антырасійскіх настрояў Кіева, якія прывялі да росту сепаратызму сярод рускамоўнага насельніцтва, а таксама палітычнай і эканамічнай дэстабілізацыі дзяржавы. Масавая эканамічная міграцыя ў гэтым наратыве выклікана некампетэнтнасцю новых «постмайданавых» улад. З іншага боку, украінцам быў пасланы мэсэдж, што яны нікому не патрэбныя ў Еўропе, што яны там будуць людзьмі другога гатунку, якія будуць выконваць найгоршую працу.

Адначасова адпаведны пасыл накіраваны да грамадстваў краін, куды едуць украінцы, у прыватнасці да жыхароў Польшчы. Ім кажуць, што ўкраінскія мігранты адбіраюць працу ў мясцовых жыхароў, спрыяюць росту злачыннасці ў Польшчы, распаўсюджваюць каранавірус, эксплуатуюць сацыяльную сістэму, масава атрымліваюць 500+, вучацца бясплатна і маюць высокія стыпендыі ва ўніверсітэтах. Іншы наратыў спрабуе пераканаць, што ўкраінцы, якія працуюць у Польшчы, прытрымліваюцца надзвычай нацыяналістычных поглядаў і зʼяўляюцца прыхільнікамі Сцяпана Бандэры. Было таксама меркаванне, нібыта ўкраінцы скуплялі кватэры ў Польшчы, што прывяло да росту цэн на нерухомасць і арэнду.

Крыніца: volynnews.com

Многія з гэтых наратываў паўтараліся і пасля 24 лютага і павінны былі выступаць як заклік не падтрымліваць ваенных бежанцаў. Адной з самых частых тэм ад пачатку агрэсіі былі абвінавачванні людзей, якія прыязджалі ў Польшчу, што яны насамрэч не маюць патрэбы ў дапамозе, бо маюць шмат маёмасці, дарагія машыны і, акрамя таго, іх пазіцыя: ім усе павінны. Такія людзі не ў стане ацаніць дапамогу, што ім прапануюць. Яны чакаюць большага, патрабуюць лепшых жыллёвых умоў, а ў атрыманых кватэрах часта ўжываюць алкаголь, паляць цыгарэты і паводзяць сябе неналежным чынам.

Яшчэ адным прыкладам дэзінфармацыі сталі спробы перасцерагчы ад прыёму людзей з Украіны і меркаванні пра нібыта цяжкасці, звязаныя з арэндай жылля для ваенных уцекачоў. Распаўсюджваецца меркаванне, што, як і раней, з-за наплыву бежанцаў з Украіны падаражэла арэнда кватэр, а іх даступнасць імкліва падае.

Інтэрнэт перапоўнены інфармацыяй аб нібыта злоўжываннях украінцамі ў Польшчы льготамі, прапанаванымі ім з боку дзяржавы і мясцовага самакіравання. Гэта тычыцца, напрыклад, бясплатных білетаў на праезд у грамадскім транспарце і на чыгунцы. Сцвярджаюць, што ўсе ўкраінцы, якія знаходзяцца ў Польшчы, не аплачваюць праезд у грамадскім транспарце, што ўкраінскіх дзяцей у прыярытэтным парадку прымаюць у яслі і садкі, а значыць, для польскіх дзяцей не застаецца месцаў. Падобныя абвінавачанні гучаць і ў дачыненні да ўкраінскіх студэнтаў, якія нібыта займаюць месцы на прэстыжных факультэтах вядомых польскіх ВНУ.

Украінцаў абвінавачваюць у выкарыстанні 500+ нават пасля вяртання ва Украіну або ў злоўжываннях сістэмай сацыяльнай дапамогі. У публічнай прасторы гучаць меркаванні, што нагрузка на польскую сістэму сацыяльнай абароны такая вялікая, што не застанецца сродкаў на выплату 500+ і іншыя льготы для палякаў. Таксама распаўсюджваецца інфармацыя аб прывілеяваным стаўленні да бежанцаў з боку сістэмы аховы здароўя, быццам бы ў паліклініках і бальніцах украінцаў прымаюць па-за чаргой і цалкам бясплатна.

Фота: ЮНІСЕФ, А.Філіпаў.

Паралельна ў рускамоўных профілях сацыяльных сетак распаўсюджваецца інфармацыя аб прыпыненні польскімі ўладамі падтрымкі ўкраінскіх бежанцаў. У якасці прыкладу прыводзіцца рашэнне кіраўніцтва Ягелонскага ўніверсітэта выселіць украінцаў са сваіх будынкаў. Насамрэч універсітэцкія будынкі былі прададзены яшчэ да вайны і кіраўніцтва было абавязана перадаць іх новым гаспадарам. Пры гэтым універсітэт дапамагае з пошукам новага жылля для бежанцаў. Таксама распаўсюджваюцца відэаролікі, у якіх палякі варожа ставяцца да ўкраінцаў і заклікаюць іх вяртацца дадому, што нібыта сведчыць пра тое, што яны стаміліся ад прысутнасці ўкраінскіх бежанцаў і не жадаюць іх больш цярпець. Таксама распаўсюджваецца інфармацыя пра антыўкраінскія плакаты ў польскіх гарадах, а гэта павінна пацвердзіць наратыў, што Польшча – небяспечная краіна для ваенных уцекачоў з Усходу. Таксама ў расійскіх СМІ зʼявілася інфармацыя, што з Польшчы ва Украіну будуць мабілізаваныя мужчыны прызыўнога ўзросту. Пры гэтым спасылаюцца на сфальсіфікаваны дакумент, выдадзены нібыта ўкраінскімі ўладамі. Варта таксама падкрэсліць, што сярод украінцаў ходзіць інфармацыя, што людзі, якія атрымалі ў Польшчы PESEL, будуць мець праблемы з вяртаннем ва Украіну.

Асобным элементам з’яўляецца распаўсюджванне інфармацыі аб масавым перасячэнні мяжы Польшчы па спрошчаным парадку асобамі, якія не маюць украінскага грамадзянства. Маўляў, сярод гэтых людзей таксама ёсць мігранты з Беларусі, якія раней не паспелі перасекчы заходнюю мяжу. З іншага боку, практычна ва ўсім свеце набыў папулярнасць раскручаны крамлёўскай прапагандай наратыў пра тое, што палякі на мяжы з Украінай не прапускаюць цемнаскурых, таму што гэта краіна-расіст. Падобным чынам замацаваўся пасыл, што адкрытасць да ўкраінцаў і нежаданне прымаць мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі на польска-беларускай мяжы мае расісцкі падмурак.

Крыніца: borgexpert.com

Іншым прыкладам наратыву Крэмль, зʼяўляецца інфармацыя аб нібыта негатыўных наступствах вымушанай міграцыі з пункту гледжання польскага рынку працы, якая не пацвярджаецца ніякімі статыстычнымі данымі, эканаметрычнымі або сацыялагічнымі даследаваннямі. Сцвярджаецца, што будзе расці беспрацоўе, запаволіцца рост заробкаў і знізіцца якасць паслуг (у тым ліку электрыкаў, сантэхнікаў, вадзіцеляў і інш.). Таксама з’яўляецца інфармацыя пра нібыта рост злачыннасці, звязанай з прытокам ваенных мігрантаў. Крамлёўская прапаганда пагражае бескантрольным патокам наркотыкаў і зброі ў Еўрасаюз, у тым ліку зброі, што пастаўляецца з Захаду. Яе нібыта выкарыстоўваюць крымінальныя арганізацыі і тэрарысты. Сцвярджаецца, што наплыў бежанцаў прывядзе да павелічэння колькасці бытавых злачынстваў. З паведамленняў таксама вынікае, што ўкраінцы негатыўна ставяцца не толькі да Расіі, але і да Польшчы. Украінцы таксама нясуць адказнасць за зʼяўленне ў польскіх гарадах неанацысцкай сімволікі. Акрамя таго, у выніку іх наплыву чакаецца рост колькасці пʼяных кіроўцаў і прастытутак на нашых вуліцах.

З вышэйзгаданым наратывам звязаны таксама пасты нібыта ўкраінак, што жывуць у Польшчы, дзе высмейваецца «занядбаны» выгляд польскіх жанчын, а таксама дапамога, якую яны атрымалі. Падобны наратыў навязвае тэзіс пра тое, што ўкраінскія жанчыны палююць на польскіх мужчын, і гэтага польскія жанчыны павінны баяцца. Ва Украіне, у сваю чаргу, распаўсюджваецца інфармацыя, што жанчыны, якія знайшлі прытулак у Польшчы, здраджваюць сваім мужам, вядуць бесклапотны лад жыцця і не плануюць вяртацца дадому.

Расійская прапаганда таксама крытыкуе легітымнасць падтрымкі Украіны, бо, на яе думку, гэта толькі зацягне вайну, у якой Украіна не мае шанцаў выйграць. Згодна з гэтым наратывам, больш працяглая вайна, з аднаго боку, павялічыць маштаб урону і колькасць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва ва Украіне, а з іншага боку, можа прывесці да прытоку дадатковых вымушаных мігрантаў у Еўрасаюз і значнае зніжэнне ўзроўню бяспекі, у прыватнасці ў Польшчы. Галоўную адказнасць за гэта нясуць польскія ўлады. Аказаная дапамога, у прыватнасці ваенная, павялічвае верагоднасць глабальнай вайны, а Польшча будзе адной з краін, якія найбольш ад такой вайны пацерпіць. У гэтым наратыве дапамога Украіне таксама спрыяе росту інфляцыі, зніжэнню даступнасці лекаў і некаторых прадуктаў харчавання.

Удзел Польшчы і Захаду ў падтрымцы Украіне, а таксама адназначная крытыка Расіі і патрабаванні ўвядзення чарговых санкцыяў супраць Расіі і Беларусі могуць мець катастрафічныя наступствы, на думку расійскіх прапагандыстаў. Гэта не толькі прывядзе да разрыву эканамічных сувязяў паміж Расіяй і Еўрасаюзам, якія ствараліся гадамі і карысныя абодвум бакам, але і прывядзе да беспрэцэдэнтнага энергетычнага крызісу, які вымусіць павялічыць перадачу паліва і інш. вуглевадародных рэсурсаў Украіне бясплатна. У гэтым наратыве, у выніку «русафобскай» і агрэсіўнай рыторыкі «Еўропа замерзне», яна не зможа перажыць зіму без расійскай сыравіны. Пры чым, нават калі энергетычны крызіс удасца вытрымаць, санкцыі і адмова ад расійскай нафты, газу і вугалю рэзка павысіць сабекошт вытворчасці шэрагу прадпрыемстваў ЕС, якія перастануць быць канкурэнтаздольнымі на сусветных рынках, а ад гэтага выйграюць ЗША. Расійская Федэрацыя зможа нібыта хутка замяніць еўрапейскіх спажыўцоў нафты і газу на новых кліентаў, перш за ўсё з Азіі. Аднак практыка апошніх месяцаў паказала, што Расія не ў стане хутка прадаць вялізныя абʼёмы газу, яго лішкі проста спальваюцца з-за недахопу свабодных сховішчаў. Сырая нафта ў асноўным экспартуецца ў Кітай, але па цэнах, значна ніжэйшых за рынкавыя.

Мэта расійскай прапаганды і дэзінфармацыі – стварыць перашкоды міжнароднай супольнасці ў падтрымцы Украіны, а ў выпадку Польшчы – таксама выклікаць крыўду ці нават нянавісць да ўкраінцаў і Украіны. Расіяне выкарыстоўваюць адкрытую хлусню, паўпраўду або маніпулююць рэальнымі данымі, пры гэтым выдаюць маргінальныя зʼявы як тыповыя ці падаюць факты ў ілжывым кантэксце ці без кантэксту. Асабліва высокая актыўнасць расійскай прапаганды назіраецца ў сацыяльных сетках, дзе яна часта тыражуецца ў скрайне нацыяналістычных колах. Людзі, якія распаўсюджваюць прапаганду і дэзінфармацыю, гэта часта «заклапочаныя» жыхары Польшчы, якія крытыкуюць паводзіны ўкраінскіх ваенных бежанцаў і адпаведна дзяржаўную палітыку. Часам суайчыннікаў крытыкуюць людзі, якія выдаюць сябе за ўкраінскіх працоўных мігрантаў. Іншым разам такія відэа невядомага паходжання, у іх дэманструюцца непрыстойныя паводзіны або выказванні вымушаных перасяленцаў. Апісаныя вышэй зʼявы разам з працяглай вайной і выкліканым ёю крызісам будуць узмацняцца, таму што гэты тып наратываў можа патрапіць на спрыяльную глебу.

Comments are closed.