Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» і ўкраінскі фонд «Країна Добродій» склалі мемарандум пра супрацу. Адгэтуль беларускія вайскоўцы гэтак жа, як і ўкраінцы, што ваююць у шэрагах Узброеных Сіл Украіны, могуць атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу ад украінскіх адвакатаў. Дапамогуць украінскія юрысты і цывільным беларусам ва Украіне, праўда, тут ужо патрэбныя грошы. Але, дзякуючы супрацы, грашовыя пытанні магчыма будзе вырашыць праз фонд «Вільна Білорусь». Пра напрамкі супрацоўніцтва, а таксама пра канкрэтныя кейсы, такія як нашумелыя гісторыі Ціхана Клюкача і Яўгена Каранкевіча, якіх Служба бяспекі Украіны хацела дэпартаваць, падазраючы ў супрацы з беларускім КГБ, мы паразмаўлялі з адвакатам Сэргіем Крыжаніўськім.
Поўную размову са спадаром Сэргіем Крыжаніўськім слухайце ў плэеры ніжэй, а тут найбольш важныя моманты:
Пра юрыдычную дапамогу беларусам:
Я з’яўляюся адвакатам Узброеных Сіл Украіны. У нас ёсць рух, які [дзейнічае] пад патранажам галоўнакамандуючага генерала Залужнага. Мы падпісалі мемарандум пра супрацу – беларускі фонд «Вільна Білорусь» і ўкраінскі фонд «Країна Добродій». І ў нас ёсць не проста намеры, а вызначаныя пазіцыі, дзе мы будзем дапамагаць. Напрыклад, наш фонд будзе бясплатна прыцягваць як адмыслоўцаў права, так і іншых асобаў для таго, каб надаваць і прававую, і псіхалагічную дапамогу дабраахвотнікам з Беларусі, якія ёсць патрыётамі Беларусі, але прыехалі зараз у гэты страшны час і бароняць Украіну.
Калі ёсць асобы, якія маюць пэўныя праблемы, то, калі ласка, распаўсюджвайце інфармацыю пра адвакацкае аб’яднанне «Крижанівський та партнери», пра фонд «Країна Добродій», пра фонд «Вільна Білорусь» і мы будзем дапамагаць усім, хто будзе да нас звяртацца. Дарэчы, дабраахвотнікам – бясплатна.
Пра кейс Ціхана Клюкача і Яўгена Каранкевіча:
У мяне зараз ёсць два кейсы двух дабраахвотнікаў з Беларусі. Яны прайшлі цяжкі шлях, былі вымушаныя выехаць з Беларусі яшчэ на пачатку гэтай агрэсіі ва Украіну. Адзін з іх – спадар Ціхан, быў вызнаны палітвязнем, быў зняволены ў беларускую турму, як чалавек, які мае актыўную жыццёвую пазіцыю, выходзіў на мітынгі. Таксама спадар Яўген, якому нядаўна споўнілася 20 гадоў і ён вымушаны быў выехаць з Беларусі ў Польшчу. Там яны пазнаёміліся, праходзілі навучанне баявому майстэрству і прыехалі ва Украіну і плануюць стаць на яе абарону ў беларускія фармаванні Узброеных Сіл.
Атрымалася такая праблема, што Служба бяспекі Украіны сваім рашэннем дэпартавала іх. Зараз я далучыўся да гэтай справы як адвакат, абаронца і мы робім усё, каб Служба бяспекі адмяніла сваё, на мой погляд, памылковае рашэнне. Рашэнне будзе прынята судом пра адмену гэтай дэпартацыі. Спачатку мы са спадарыняй Аленай Васільевай правялі расследаванне, да якога падлучыўся і Аляксей Францкевіч (кіраўнік фонду «Вільна Білорусь»). Мы высветлілі, што насамрэч была праведзеная работа па дыскрэдытацыі дабраахвотніцкага руху, які ідзе з Беларусі ва Украіну. І гэта намаганні КДБ разам з ФСБ Расіі для таго, каб прынізіць ролю патрыётаў Беларусі, якія адстойваюць свабоду Украіны. А мы, вядома ж, будзем адстойваць свабоду Беларусі.
Зараз гэта ўсё задакументавана і мы дамо гэта ўсё ў інфармацыйную прастору. Тыя, хто вырашае пытанні наконт такіх рэчаў – дыскрэдытацыі, намаганняў гэты рух прынізіць, то супраць іх найлепшае дзеянне – гэта галоснасць. І ў гэтым выпадку мы ўсё робім для таго, каб выкрыць усе гэтыя злачынныя дзеянні КДБ і ФСБ Расіі.
То бок, Вы, як юрыст, добра знаёмы з гэтай справай, можаце пэўна сцвярджаць, што Ціхан і Яўген не вінаватыя ў тым, што ім ставіцца ў віну і некаторымі нашымі землякамі і адпаведнай украінскай службай?
Зразумела! Я, калі бяруся за справу, я яе вывучаю, праводжу прававую экспертызу, праводзім даследаванне і пасля таго, калі мы ўпэўненыя ў сваім перакананні, што гэтыя маладыя дабраахвотнікі ні ў чым не вінаватыя перад сваёй краінай Беларуссю, яны наадварот прыехалі бараніць і тут іх зрабілі людзьмі, якія нібыта прыехалі, маючы сувязі з КДБ. Наадварот – гэта людзі, якія надалі ўсе доказы, прайшлі дэтэктар хлусні, поўнасцю распавялі ўсё, як адбывалася. Мала таго, у нас ёсць доказы сведкаў. І мы ўсё гэта ўжо надалі суду і Службе бяспекі Украіны. І я ўпэўнены, што рашэнне будзе такое, як я агучыў – адмена дэпартацыі і яны будуць служыць ва Узброеных Сілах Украіны.
Пра тое, куды звяртацца:
Нашыя звесткі ёсць у інтэрнэце. Можна набіраць адвакацкае аб’яднанне «Крижанівський та партнери», дабрачынны фонд «Країна Добродій» і фонд «Вільна Білорусь». Мы знаходзімся ў горадзе Кіеве, але па ўсёй Украіне працуе 59 адвакатаў – гэта нашы партнёры. Ёсць у нас партнёры і за мяжой. То бок, мы надаем прафесійную дапамогу. І з нагоды легалізацыі, як ва Украіне, так і ў іншых краінах, мы будзем надаваць дапамогу беларусам, якія адстойваюць правы і свабоды.
Вайскоўцам такая дапамога надаецца бясплатна. А што да цывільных, то мы як раз са спадаром Аляксеем Францкевічам гаварылі на гэтую тэму і мы будзем адшукваць магчымасці, для таго, каб прыцягваць сродкі людзей, якія ахвяруюць у дабрачынныя фонды тым, хто такіх сродкаў не мае.
Comments are closed.