Loading

21 верасня Уладзімір Пуцін выступіў з відэазваротам, дзе абвясціў аб пачатку ў Расіі частковай мабілізацыі. Дарэчы, выступ быў анансаваны 20 верасня ўвечары, але па невядомых прычынах яго перанеслі на раніцу наступнага дня.

Услед за Пуціным выступіў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, які распавёў падрабязнасці мабілізацыйнай кампаніі. З яго словаў, яна закране 300 тысяч ваеннаабавязаных, якія зараз ў запасе.

Украінскі вайсковы эксперт, навуковец і публіцыст Яўген Дзікі лічыць абвяшчэнне мабілізацыі прызнаннем Расіяй паразы ў выніку паспяховага контрнаступу УСУ. У эфіры “Світанку свабоды”  эксперт патлумачыў сваё меркаванне.

Міф аб моцы расійскай арміі канчаткова разбураны і гэта мабілізацыя яркае таму пацверджанне. Пасля адыходу рускіх ад Кіева не зусім было зразумела, ці мажліва перамагчы рускую армію. Гучалі меркаванні, што УСУ максімум могуць толькі трымаць абарону. Пасля контрнаступу ўсе сумневы ў магчымасцях абодвух бакоў адпалі.

Гэтая мабілізацыя паказвае, наколькі рэальна рускія матываваныя: за больш чым паўгода вайны расіяне не назбіралі добраахвотнікаў і зараз вымушаны прымусова набіраць салдат у войска. І тое, што імгненна квіткі на ўсе рэйсы з Расіі ў бязвізавыя краіны былі раскуплены, а чэргі на выезд па наземных межах складаюць дзясяткі кіламетраў, сведчыць аб стаўленні расіян да закліку «Вставай, страна огромная!».

Але ж Яўген Дзікі нагадвае, што ад моманту ўручэння позвы ў ваенкамат да моманту, калі баец будзе гатовы ісці на фронт, пройдзе не менш за 3-4 месяцы. І не факт, што ў Расіі ёсць дастатковая колькасць абмундзіравання, зброі і транспарту, каб забяспечыць зноў прыбыўшых неабходным мінімумам. Хутчэй за ўсё, мяркуе эксперт, вайсковае камандаванне Расіі паспрабуе закрыць гэтымі людзьмі тыя вялікія страты, што нясуць расіяне на полі бою. Адсюль і лічба ў 300 тысяч. Можна выказаць здагадку, што гэта страты рускіх, памножаныя ўдвая.

Фота: 5.ua.

“Я не выключаю, што тыя лічбы нібыта забітых і параненых украінскіх ваенных,  што агучыў Шайгу, насамрэч ёсць рэальныя страты расійскай арміі”, — мяркуе эксперт.

 Украінскі бок таксама нясе сур’ёзныя страты, прызнае Дзікі. Але яны дакладна меншыя за агучаныя расіянамі 100 тысяч.  

 Наконт ядзернага шантажу Яўген Дзікі кажа, што гэта танны блеф. Расія не пойдзе на гэты крок, бо ЗША канкрэтна агучылі імгненныя меры ў адказ, да прыкладу поўнае знішчэнне ваенна-марскога флоту Расіі.

У цэлым, мабілізацыю эксперт назваў добрай навіной для Украіны. Дзякуючы ёй вырашацца адразу некалькі пытанняў, якія пры іншых абставінах вырашаліся б зусім не на карысць Украіне.

Гаворка ідзе пра замарожаныя расійскія фінансавыя  актывы, якія зараз ужо можна пачаць выдаткоўваць на патрэбы УСУ. Гэта зменшыць цяжар краін, што фінансава дапамагаюць Украіне, і фактычна расійскія падаткаплатнікі і алігархі стануць фінансаваць украінскі бок.

Апроч таго, правядзенне рэферэндумаў на часова акупаваных тэрыторыях і іх далучэнне да Расіі аўтаматычна ператварае крымскае пытанне з выключнага кейсу ў звычайны. Гэта значыць, што міжнародная супольнасць больш не будзе ціснуць на кіраўніцтва Украіны, каб тое не чапала балючае пытанне па Крыме, бо відавочна, што Расія паводзіць сябе як захопнік, у якога няма межаў і які не спыняецца ні перад чым.

Адносна вайсковай аналітыкі і асобы Ігара Гіркіна-Стралкова Яўген Дзікі выказаўся наступным чынам. Усё, што датычыцца аператыўнай сітуацыі на фронце, якую асвячае Гіркін на сваім канале, варта ўвагі. Інфармацыя там праўдзівая з папраўкай на прапагандысцкія акцэнты. Але ж аналітык з прафесійнага карніка Гіркіна аніякі, бо чалавек са светапоглядам верніка ў канспіралагічныя тэорыі міжнародных змоў проста не здольны адэкватна ацэньваць рэчаіснасць і нешта прагназаваць.

Цалкам размову з Яўгенам Дзікім слухайце ў плееры вышэй.

Comments are closed.