Loading

У сераду ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, вярнуўшыся з Бахмуту, нечакана выправіўся ў Вашынгтон, дзе сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, а таксама выступіў у Кангрэсе. Гэты візіт абмяркоўваем з украінскім палітолагам, дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

Візіт Уладзіміра Зяленскага ў Злучаныя Штаты вельмі паказальны. Гэта першы візіт украінскага прэзідэнта за межы Украіны ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання. 300 дзён мінула і можна сказаць, што ён упэўнены ў сітуацыі і можа краіну на нейкі час пакінуць. Гэта першае. Другое – тое, што ён паляцеў у Штаты амерыканскім вайсковым самалётам з Польшчы пасля таго, як пабыў у Бахмуце. І ён абсалютна дакладна прадэманстраваў, што ён побач з нашымі вайскоўцамі, што ён трымае руку на пульсе.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што змест гэтага пакету [ваеннай дапамогі] амерыканцы абвясцілі яшчэ да перамоваў Зяленскага і Байдэна. Батарэя Patriot – гэта з аднаго боку важкі жэст, а з іншага боку – дужа сімвалічны. Гэта сведчанне таго, што Злучаныя Штаты пабачылі наступствы расійскіх абстрэлаў крытычнай інфраструктуры Украіны, і, я думаю, што яны адрэагавалі на размовы пра магчымае наданне Іранам Расіі балістычных ракет. Таму што Patriot – гэта найперш супраць балістычных ракет. Адпаведна, адна батарэя – гэта восем адзінак пускавых установак, яна не можа змяніць цалкам хаду баявых дзеянняў, цалкам закрыць неба. Але я думаю, што гэта сімвал таго, што Злучаныя Штаты гатовыя надаваць дапамогу яшчэ.

Падчас прэс-канферэнцыі прэзідэнт Байдэн даў зразумець, што Злучаныя Штаты мабілізуюць розныя снарады, патрэбных украінскай арміі калібраў ва ўсім свеце. І робяць гэта дастаткова актыўна.

Я думаю, што абмяркоўваўся і сцэнар завяршэння вайны. Байдэн дастаткова дакладна прадэманстраваў, што ён бачыць, што Пуцін не хоча змяняць сваю пазіцыю. А Зяленскі, адказваючы на пытанне акцэнтаваў увагу на тым, што не можа быць аніякіх кампрамісаў адносна тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Таму, я спадзяюся, што яны вельмі добра паразумеліся, што іх размова была плённай. Тут трэба сказаць пра высокую інтэнсіўнасць сустрэчы Зяленскага і Байдэна. Гэта таксама паказальны факт.

То бок, Злучаныя Штаты напярэдадні Каляд зрабілі Украіне цудоўныя падарункі і я спадзяюся, што Уладзімір Зяленскі змог данесці, найперш, выступаючы перад Кангрэсам, адну важную рэч. Яму трэба казаць не толькі пра неабходнасць падтрымання двухпартыйнай падтрымкі Украіны, неабходнасць яе захавання. Гэта відавочна – гэтая падтрымка будзе. Яму трэба надаць новы сэнс: Украіна на сённяшні момант знаходзіцца на вастрыні барацьбы дабра і зла. Яны ўвасабляе сабой дабро. І краіны, якія яе падтрымліваюць, таксама будуць на баку дабра. І пра гэта трэба максімальна гучна казаць.

Вы ўжо закранулі пытанне пра тое, як яны бачаць вось гэты паваенны справядлівы мір. Я асабіста так і не пачуў канкрэтыкі ў іх адказах. Яны неяк так ухіліліся ад адказаў на гэтае пытанне.

Я думаю, што Байдэн з аднаго боку прагне паразы Расіі. Але не такой паразы, якая б прывяла да распаду Расіі. Шчыра кажучы, распаду Расіі Злучаныя Штаты баяцца. Бо яны баяцца, што ў такім выпадку частка цяперашніх расійскіх тэрыторыяў апынецца пад уплывам Кітаю і надасць Кітаю значны аб’ём рэсурсаў, якія істотна ўзмацняць ягоны пазіцыі.

Байдэн, як чалавек, які працуе ў вобразе лідара ўсяго дэмакратычнага свету, азіраючыся на гэтую пазіцыю, папросту не можа рабіць нейкія такія агрэсіўныя заявы. Але разам з тым, я лічу, што Украіна вуснамі Уладзіміра Зяленскага мусіла б дастаткова дакладна заявіць пра тое, што мы не прэтэндуем ні на адзін сантыметр расійскай тэрыторыі, але мы не спынімся да таго часу, пакуль не аднавім уласную тэрытарыяльную цэласнасць. І я скажу, што гэты мэсэдж ужо са жніўня гучыць у заявах украінскага кіраўніцтва: што справядлівым будзе мір толькі тады, калі цалкам будзе адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Украіны.

Ці не выкліча гэтае наданне сістэм Patriot эскалацыі вайны?

Ёсць дзве дакладныя пазіцыі: краіны НАТА не бяруць непасрэднага ўдзелу ў вайне супраць Расіі, краіны фармату Рамштайн, а гэта каля 50 краін, яны ўсяляк падтрымліваюць Украіну. І, уласна, галоўным гульцом у фармаце Рамштайн ёсць Злучаныя Штаты. Не забывайцеся, што Байдэн падпісаў закон пра лэнд-ліз. Там яго крытыкуюць праз тое, што ён зараз не выконваецца, што ў ягоных межах не пастаўляюць Украіне зброю. Але Украіна працягвае атрымліваць зброю, працягвае атрымліваць фінансавую дапамогу. І з боку Злучаных Штатаў і з боку Еўрапейскага Саюзу. То бок, Украіна сёння на вастрыні дэмакратычнага свету ў барацьбе супраць Расіі. Гэта цалкам зразумела.

Казаць пра пашырэнне, інтэрнацыяналізацыю канфлікту, я думаю, можна ў тым выпадку, калі мы пабачым, што Расія намагаецца, напрыклад, захапіць тэрыторыю Беларусі. Пра гэта дастаткова шмат гаворыцца. Або намагаецца пашырыць сваю агрэсію ў Грузіі, 20% тэрыторыі якой яна захапіла ў 2008 годзе. Ці намагаецца гібрыдна паўплываць на іншыя краіны Паўднёвага Каўказу. Але казаць, што іншыя еўрапейскія краіны – краіны НАТА, прыдуць на непасрэдную дапамогу Украіне на сённяшні момант падставаў няма. Таму што для Расіі, напрыклад, адкрыты канфлікт з НАТА – гэта сапраўды небяспечна для ўсяго свету, бо ў цяперашнім настроі Расіі – гэта сур’ёзная пагроза глабальнай ядзернай вайны. А ракетны інцыдэнт у Пшэводуве паказаў, што НАТА не гатова да паказальнай эскалацыі, паказальнага павышэння сваёй боегатоўнасці ў кантэксце расійскіх агрэсіўных дзеянняў.

Я, напрыклад, задаволены візітам Уладзіміра Зяленскага ў Штаты ў тым сэнсе, што Украіна атрымае гэтую батарэю Patriot, якая знаходзілася на складах Злучаных Штатаў. То бок, амерыканцы аддаюць са сваіх запасаў. Яны, зрэшты будуць мець магчымасць праверыць, як яна працуе ў баявых умовах. Таксама, як яны правяраюць як працуюць у баявых умовах HIMARS i Javelin. Але сцвярджаць, што на сённяшні момант Злучаныя Штаты гатовыя цалкам узброіць да зубоў Украіну і скіраваць яе супраць Расіі я б, усё ж, не стаў.

Цалкам размову з палітолагам Яўгенам Магдам слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.