Loading

Пераклад кнігі «Поўня» Міхася Андрасюка аб беларускай мары і надзеі, як характарызуе яе аўтар, прэзентаваны на вялікім кніжным кірмашы ў Беластоку ў межах Літаратурнага фестываля «На памежжы культур». Пераклад выданы арганізатарамі фестываля – фондам «Суседзі», што падкрэслівае асаблівую каштоўнасць гэтага твора, які раней атрымаў узнагароды ў Беларусі. Аб падзеі распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Прэзентацыю польскамоўнай «Поўні» праводзіў перакладчык выдання Марцін Рэмбач. Ён нагадаў, што па-беларуску кніга выйшла на пераломе 2018-2019 гадоў. І яе высока ацанілі тыя, хто чытае на беларускай мове ў Польшчы. А Беларускі ПЭН-цэнтр у сакавіку 2020 года ўзнагародзіў яе прэміяй «Гліняны Вялес». І гэта быў першы выпадак, калі такую ўзнагароду атрымаў аўтар, які не нарадзіўся ў Беларусі і не жыве ў ёй, але піша па-беларуску. А да таго, у 2019 годзе яна атрымала другое месца прэміі Ежы Гедройца, якая даецца за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове.

Паводле крытыкаў, «Поўня» стала адметнай з’явай у беларускай літаратуры. Твор ёсць высокамастацкім спалучэннем рэальнага, містычнага, сямейнага, традыцыйнага, міфалагічнага, бытавога, мінулага і сучаснага.

Спадар Рэмбач нагадаў, што Міхась Андрасюк з’яўляецца таксама аўтарам некалькіх кніг, такіх, напрыклад, як «Фірма», Белы конь», «Вагон другога класа», «Крыжык». Некаторыя з іх былі выданы і ў Беларусі.

У сваю чаргу спадар Андрасюк адзначыў, што піша, калі мае да гэтага моцную ахвоту, менавіта таму, новыя кнігі з’яўляюцца з перыядычнасцю ў некалькі гадоў. А першая выйшла ў 2000 годзе, калі аўтару было сорак гадоў.

Што ж тычыцца непасрэдна «Поўні», то, паводле спадара Андрасюка, гэта кніжка аб беларускай мары, беларускім чаканні на штосьці.

«Аб беларускай надзеі, аб паўтарэнні лёсу пакаленняў, аб вандроўцы па коле, якая нікуды не вядзе, хоць пэўную надзею пакідае. Кніжка так сканструявана, каб там усё адбывалася па коле. Таму заканчэнне кніжкі дае выйсце на спіраль – што будзе выйсце на чарговае кола, але можа не дакладнае паўтарэнне, можа трошку ў іншым месцы тое кола жыцця пройдзе. Кніжка «функцыянуе» ў трохвугольніку паміж маім родным Пшыпушчам, гэта месца на ўскрайку Белавежскай пушчы, дзе прайшло маё дзяцінства, гэта першы вугал трохвугольніка, другі – Беласток, а трэці – Мінск у Беларусі», – распавёў аўтар.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Міхась Андрасюк адзначыў, што задаволены перакладам кніжкі, але не ставіў на мэце таго, каб польскамоўны чытач поўнасцю зразумеў складанасці беларускага лёсу каля «Усходняй сцяны».

«Здаецца, ніколі, калі пішу, не думаю, хто будзе чытачом гэтай кніжкі, каб пісаць пад канкрэтнага чытача. Проста кажу тое, што хачу сказаць. А гэта ўжо праблема чытача, ці ён гэта зразумее, ці не. Ёсць пэўныя адметнасці беларускага лёсу. Яны непаўторныя для іншых нацыяў, іншых народаў. Але ёсць заўсёды і штосьці агульнае – як вера ў справядлівасць, вера ў каханне, вера ў прыгажосць. Гэта ўнівэрсум, і гэтыя моманты, пэўна, зразумее кожны, і польскі чытач таксама». – заявіў Міхась Андрасюк.

Наступная прэзентацыя польскамоўнага варыянта «Поўні» запланавана на 11 мая ў Гайнаўцы.

Больш слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.