Loading

Палітзняволены музыка Яўген Бурло моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна. Выявілася, што за кратамі ў яго адбыўся рэцыдыў анкалагічнай хваробы.

Яўген Бурло

Праваабаронцам стала вядома, што за кратамі ў Яўгена абвастрылася анкалагічнае захворванне, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрымання. На волі хваробу ўдавалася лекаваць, а ў СІЗА яна пачала прагрэсаваць і цяпер Яўген літаральна знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці.

Знаёмыя Яўгена распавялі, што яго маглі этапаваць у гомельскае СІЗА значна пазней, чым іншых удзельнікаў Tor Band. Таксама крыніцы падзяліліся інфармацыяй пра тое, што сваякі Яўгена Бурло звярталіся да кіраўніцтва СІЗА, каб палітзняволены мог атрымаць належнае лячэнне, але там адмовілі.

Учора Яўген Бурло адзначаў свой дзень народзінаў у СІЗА. Яму споўнілася 32 гады.

Tor Band – рагачоўскі рок-гурт, які cтаў сімвалам пратэсту ў 2020 годзе. Лукашэнкаўская дзяржава абвясціла сапраўднае паляванне на музыкаў: іх некалькі разоў запар перазатрымлівалі паводле адміністрацыйных артыкулаў, а ў гэты час іх гурт назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем». Пазней на музыкаў завялі крымінальныя справы. Затрымлівалі і прыходзілі з вобшукамі нават да знаёмых удзельнікаў Tor Band, а таксама да людзей, якія здымаліся ў іх кліпах. За кратамі музыкі знаходзяцца з 28 кастрычніка 2022 года.

Вікторыя Воўк

Крыніца: gomelspring.org

Comments are closed.