Форум адбываецца другі год запар у сталіцы Літвы. На ім плануецца абмеркаваць сучасныя праблемы і магчымасці для незалежных СМІ Беларусі. Мерапрыемства арганізавана Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Саюзам літоўскіх журналістаў. Пра імпрэзу нам распавёў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
Другі год запар Беларуская асацыяцыя журналістаў напярэдадні 10 снежня ладзіць Форум свабоднай журналістыкі разам з Саюзам журналістаў Літвы і Літоўскім парламентам. Мэта форума – нагадаць пра сітуацыю ў галіне медыя ў Беларусі на міжнародным узроўні і паразмаўляць пра тое, што міжнародная супольнасць можа зрабіць для беларускіх медыя і журналістаў, якія застаюцца ў краіне і для тых, хто выехаў і працягвае працу з-за мяжы.
Удзел у форуме будуць браць прадстаўнікі многіх міжнародных арганізацыяў. Напрыклад, прыедзе рэгіянальная прадстаўніца ва Усходняй Еўропе арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Жанна Кавелье, будуць літоўскія палітыкі прысутнічаць. І канешне, беларускія журналісты, рэдактары.
Першая панэль форума прысвечаная міжнароднай сітуацыі – таму, што міжнародная супольнасць робіць і можа рабіць для беларускіх медыя. Другая панэль будзе прысвечаная сітуацыі ўнутры краіны, таму, як працуюць журналісты і медыя, і што мы можам разам зрабіць, каб палепшыць нашу працу.
Самая галоўная праблема сёння – гэта пераслед журналістаў унутры краіны, нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў зняволенні. Нягледзячы на тое, што ў нас больш за 400 журналістаў выехалі з Беларусі, сёлета было 50 ператрусаў у журналістаў у Беларусі. 32 журналісты зараз за кратамі. Ёсць дзясяткі адміністрацыйных арыштаў.
Улады робяць усё магчымае, каб адарваць недзяржаўныя медыя ад аўдыторыі. Яны ўводзяць крымінальную адказнасць не толькі за факт працы на медыя, але і проста за камунікацыю з медыя. Практычна любая камунікацыя з незалежнымі медыя зараз у Беларусі крыміналізаваная.
Будзе ісці гаворка пра неабходнасць міжнароднай падтрымкі, міжнароднага розгаласу, розных праграм датацыяў для беларускіх выданняў, каб беларускі недзяржаўны медыясектар захаваўся. Мы робім усё, каб беларускі медыясектар не знік і беларуская аўдыторыя не была аддадзеная расійскай ці лукашэнкаўскай прапагандзе.
Для людзей, якія знаходзяцца за кратамі, вельмі важна, каб мы пра іх не забываліся. Улада робіць усё магчымае, каб перагарнуць старонку і зрабіць незаўважнымі людзей за кратамі. Што тычыцца праграм візавай падтрымкі, праграм легалізацыі ў краінах Еўрасаюза – гэтыя пытанні таксама вырашальныя. І чым больш беларуская журналісцкая супольнасць будзе казаць пра свае патрэбы, пра сваё бачанне, тым больш ёсць шанцаў на тое, што падтрымка будзе, што мы зможам працягваць жыць і не проста выжываць, шукаючы любую працу, каб знайсці кавалак хлеба ў новых краінах, а каб мець магчымасць займацца сваёй прафесійнай працай.
Мы не можам зараз памяняць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, але пра гэта трэба казаць і не спыняцца прадпрымаць дзеянні. Ніякіх гарантыяў таго, што, напрыклад, Алег Груздзіловіч будзе выпушчаны з-за кратаў не было. Але, дзякуючы міжнародным намаганням, дзякуючы ціску, адзін з калегаў на волі. Таму такія дзеянні мы не можам спыняць.
Comments are closed.