Loading

У Вільні ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы адкрылася выстава мастацкіх твораў, прысвечаных Францыску Скарыну. У экспазіцыі – палотны, створаныя падчас пленэра «Слядамі Скарыны», які Таварыства беларускай культуры ў Літве праводзіла ў жніўні.

Амаль тыдзень больш за 20 мастакоў з Беларусі, Літвы, Польшчы і Латвіі жылі ў Вільні, падарожнічалі сцежкамі Скарыны, знаёміліся з яго біяграфіяй, каб пасля ўвасобіць вобраз першадрукара на сваіх палотнах. Сабрало творцаў Таварыства беларускай культуры ў Літве. Яго кіраўнік Алесь Тамковіч адкрываў і выставу твораў, якія з’явіліся па выніках пленэра:

«Намалявалі свае палотны, прысвечаныя Францыску Скарыну альбо тым месцам у Вільні, дзе ён мог хадзіць. Гэта асноўная тэма пленэра, таму як бачым пераважаюць пейзажы. Таксама ёсць некалькі партрэтаў Скарыны, і асноўны матыў – Скарына трымае ў руках кнігу».

Экспазіцыя ў Акадэміі навук Літвы гэта першая вялікая публічная дэманстрацыя «скарынаўскіх слядоў». Да гэтага невялічкая выстава была адкрыта ў грэкакаталіцкай Святатроіцкай царкве Вільні. Там 7 жніўня праходзіла імша з нагоды заканчэння пленэра і паралельна былі выстаўлены палотны яго ўдзельнікаў.

Мастак Кестуціс Шауліціс. Фота: Радыё Ўнэт.

Удзельнік пленэра літоўскі мастак Кестуціс Шауліціс увасобіў у сваёй працы вобразы Скарыны і Парацэльса. А на адкрыццё выставы прынёс яшчэ адзін партрэт Скарыны.

«Я са Скарынам знаёмы ўжо шмат гадоў, можна так сказаць. У мяне ёсць невялікая бібліятэка кніг пра Скарыну. Чаму ён мне цікавы? Я таксама мастак-друкар. На маім палатне Скарына-падарожнік і ён сустрэўся ў Вільні з Парацэльсам. Атрымаліся дзве еўрапейскія велічыні ў адной карціне. А сёння я падараваў Алесю партрэт Скарыны. Я працягваў далей вывучаць асобу Скарыны, спрабаваў зразумець, як ён выбраў шлях кніжніка, шлях у Еўропу. Таму што ён пакінуў усіх родных у Полацку і накіраваўся ў падарожжа. І я вельмі хацеў паказаць у гэтай карціне тое імгненне выбару Скарынам свайго шляху».

У Літве гэты год аб’яўлены годам Францыска Скарыны – спаўняецца 500 гадоў ад заснавання ў Вільні першай ва Усходняй Еўропе друкарні і выдання першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім – «Малой падарожнай кніжкі». Літоўскі ўрад запланаваў цэлы шэраг мерапрыемстваў да гэтай падзеі. Актыўны ўдзел у іх прымае і беларуская дыяспара.

 

Comments are closed.