Loading

Мовай мастацтва пра палітычныя падзеі ў Беларусі выказаліся польскія мастакі. Раней пабачыць плакаты салідарнасці можна было ў Варшаве, у тым ліку і на прыпынках грамадскага транспарту. Зараз лепшыя творы экспануюцца ў Віленскім музеі імя Івана Луцкевіча.  

Міжнародны конкурс плакатаў «Бела-чырвона-белы» ініцыіраваў Нацыянальны цэнтр культуры ў Варшаве пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы. Прымеркавалі яго да другой гадавіны беларускай рэвалюцыі. 9 жніўня 2022 года на агароджы каралеўскага парка Лазенкі адкрылася выстава пераможцаў конкурсу. А напрыканцы жніўня ў рамках кампаніі салідарнасці #BiałoCzerwonoBiały плакаты былі размешчаны на прыпынках грамадскага транспарту польскай сталіцы.    

Зараз творы польскіх мастакоў-плакацістаў можна ўбачыць у Вільні. Адкрыццю экспазіцыі паспрыяла Амбасада Польшчы ў Літве. 

 Кіраўніца амбасады RP у Літве Уршуля Дарашэўска: 

«Галоўная мэта — паказаць нашу падтрымку беларускаму грамадству, нашу падтрымку беларускім памкненням да свабоды, беларусам, якія вымушаны былі пакінуць сваю краіну. Таксама мы хочам паказаць гэта і літоўцам і ўкраінцам, якія зараз жывуць у Літве. Плакат размаўляе сваёй мовай — мовай мастацтва. І гэтая мова ў плакатах вельмі лаканічная. Я хачу звярнуць увагу, што гэтыя плакаты ў трох колерах — белым, чырвоным і белым. І вельмі сімвалічна, што мы ў гэтым знайшлі сваё адзінства, свае гістарычныя карані. Мы можам разумець адно аднаго з дапамогай гэтых колераў.»   

Пасол Уршуля Дарашэўска сваім фаварытам экспазіцыі назвала працу: «Make law not war». 

«Гэты плакат такі трохі жартаўлівы, таму што адсылае нас да знакамітага дэвізу хіппі „Make love not war”. І гэты плакат зразумее кожны.» 

Дырэктарка Віленскага музея імя Івана Луцкевіча, дзе адкрылася экспазіцыя,  Людвіка  Кардзіс са сваім фаварытам выставы яшчэ не вызначылася. Па яе словах,  плакаты вяртаюць беларусаў у падзеі 2020 года, гэта магчымасць яшчэ раз перажыць тое, што было. 

«Гэта выстава сведчыць і аб той падтрымцы, якую мы маем ад бліжэйшых суседзяў, бо не ўсе суседзі ў нас кепскія. Палякі нам заўсёды дапамагалі. І гэтая падтрымка вельмі важная зараз, у час шалёных падзей, час вайны. Важна, каб свет не забываўся на Беларусь.»   

На міжнародны конкурс плакатаў «Бела-чырвона-белы» было даслана агулам 243 працы. У Вільні прадстаўлена каля 20. Пабачыць іх можна ў Віленскім музеі імя Івана Луцкевіча.

Больш пра выставу слухайце ў плееры ніжэй.

Comments are closed.