Loading

20 верасня ў будынку Варшаўскай фондавай біржы прайшоў другі дзень форуму «Belarus Business Harbour 2022» . Ён стаў завяршальным у працы канферэнцыі. Таксама на гэты дзень прыпала першая гадавіна Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой. Гэты дзень адкрывала вельмі натхняльная прамова амбасадара Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага. Магчыма, яна і не мела прамога дачынення да бізнесу, але менавіта такія словы былі патрэбны беларусам праз два гады пасля пратэстаў 2020 года.

«Здаецца, мы рухаемся ў напрамку замарожвання цяперашняй сітуацыі ў Беларусі надоўга. Голас беларускага народа, які выразна прагучаў падчас выбараў 2020 года, афіцыйныя ўлады праігнаравалі.
Якую вялікую трэба мець смеласць, каб з рызыкай апынуцца ў турме, з рызыкай для свайго здароўя і жыцця, з рызыкай для сваіх блізкіх сказаць «Не» рэжыму хлусні. Звычайны еўрапеец і еўрапейка не апынаюцца перад такім выбарам. Беларус і беларуска – нажаль, так».

Артур Міхальскі правёў паралель паміж падзеямі 80-ых гадоў у СССР і падзеямі сённяшняга дня. Амбасадар параўнаў паразу Савецкага Саюза ў  Афганістане з магчымай паразай Расіі ва Украіне. 

Фота: Радыё Ўнэт.

Асноўную частку форуму занялі размовы аб праблемах беларускіх бізнесаў у Польшчы. Як паказвае прыклад Вроцлава, нават вялікая колькасць зарэгістраваных беларусамі прадпрыемстваў, нажаль, не спрыяе больш хуткаму вырашэнню праблем, кажа Ян Макараў, кіраўнік грамадскай арганізацыі «Беларусы Вроцлава».

«Індывідуальнае прадпрымальніцтва, якое дае магчымасць ільготнага падаткаабкладання, закрытае для большасці беларусаў, якія не маюць карты паляка, міжнароднай аховы ці Business Harbour».

Ян Макараў прапанаваў стварыць прафсаюз беларускіх бізнесаў у Польшчы, каб вырашаць такія, выключна юрыдычныя пытанні. 

Што тычыцца праблем дыскрымінацыі па пашпарце, то большасьць удзельнікаў форуму былі згодны, што такіх праблем беларускія бізнесмены  амаль не маюць. Пэўную працу ў гэтым накірунку робяць і польскія ўлады, а таксама розныя арганізацыі самой Польшчы. Адна з панэляў была прысвечана менавіта прэзентацыям розных гарадоў Польшчы. Напрыклад, Лодзь — вялікі прамысловы і лагістычны горад Польшчы — прапаноўвае шырокі спектр праграм падтрымкі для беларусаў ад зніжэння падаткаў да даволі развітой адукацыйнай інфраструктуры, кажа Міхал Пятранэк — прадстаўнік Бюро па інавацыйным развіцці і міжнародных адносінах горада Лодзь.

“Мы даем усю патрэбную інфармацыю інвестарам, зацікаўленым у нашым горадзе. Калі патрэбна месца для размяшчэння вытворчасці — мы дапамагаем знайсці нерухомасць. Патрэбны офіс для адкрыцця фірмы — таксама дапамагаем. 

Кожны месяц мы арганізуем сустрэчы для IT-сферы і сферы паслуг. Ёсць таксама праграма “Моладзь у Лодзі”. Гэта робіцца, каб наладзіць кантакт паміж бізнесамі і студэнтамі, арганізаваць стажыроўкі і іншыя варыянты дапамогі. Гэтая праграма існуе ўжо 14 год, і гэта самы доўгаіснуючы праект такога тыпу ў Польшчы.”

У цэлым, удзельнікі і арганізатары форуму ацэньваюць яго як паспяховы, але, канешне, у беларускіх бізнесаў, а разам з імі і ў Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, яшчэ шмат працы.

Comments are closed.