Loading

У Варшаве прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання беларускіх бізнесаў Free Belarus Business Award. Арганізатарам узнагароджання, якое адбылося ўжо ў другі раз, была Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой пры падтрымцы Еўрапейскай Камісіі.

Мэтай з’яўляецца адзнака выдатных дасягненняў у бізнесе і прадпрымальніцтве, а таксама падтрымка тых беларусаў, хто імкнецца да свабоды і развіцця беларускай бізнес-супольнасці. Як адзначыў у каментары суарганізатар мерапрыемства, Яраслаў Кот, гэтым разам да ўдзелу ў конкурсе былі адабраныя толькі тыя бізнэсы, якія пераехалі за мяжу ці былі створаныя ў замежжы ў апошнія два гады. То бок тыя, каму дапамога найбольш зараз патрэбная.

«Гэтым разам мы зрабілі фокус на тых, хто быў рэлакаваны, ці з’яўляецца ўцекачом з Беларусі 2020 году. І толькі бізнэсы, зарэгістраваныя ў апошнія два гады, маглі ўдзельнічаць. У мінулы раз гэты былі ўсе бізнэсы ў якіх уладальнік – гэта этнічны беларус. Гэтым разам мы зрабілі фокус на тых, каму патрэбная падтрымка найбольш».

Агульны прызавы фонд другой прэміі Free Belarus Business Award склаў 25 тысяч еўра падзеленых на 5 намінацый. І паводле правілаў узнагароды, гэтыя грошы можна выкарыстаць выключна на развіццё бізнэсу.

У намінацыі «Некамерцыйная арганізацыя» перамагла Fundacja Klub Sportowy Pogoń Warszawa – фонд, які займаецца фізічным выхаваннем і сацыяльнай дапамогай у Польшчы для дзяцей, моладзі і дарослых працаздольнага ўзросту і з абмежаванымі магчымасцямі.

У намінацыі «Брэнд года» пераможцам стала кампанія Comfort Zone – бізнес у сферы тэкстыльнага афармлення інтэр’ераў.

«Інавацыйны бізнес года»– кампанія Banalytics, якая займаецца распрацоўкай сістэм відэаназірання.

Узнагароду ў намінацыі «Сацыяльнае прадпрыемства года» атрымала кампанія PROMARTIALARTS – бізнес, накіраваны на папулярызацыю здаровага ладу жыцця з дапамогай спартыўных і аздараўленчых трэніровак па традыцыйных баявых мастацтвах.

А ў намінацыі «Найлепшы бізнес года» перамагла кампанія LASERA PLUS, якая прапануе сучаснае і высокатэхналагічнае абсталяванне для працэдур лазернай эпіляцыі, выдалення татуіровак і перманентнага макіяжа.

 

Comments are closed.