У суботу ў Варшаве адбылося развітанне з беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым. Эдуард загінуў 26 студзеня ў баях пад украінскім горадам Угледар, абараняючы суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ад расійскіх агрэсараў, а разам з тым і будучыню роднай Беларусі. Пасля развітання з байцом у Кіеве, труна з яго целам была перавезена ў Польшчу. Цырымонія развітання прайшла ў касцёле святога Аляксандра ў Варшаве.
Развітацца з Эдуардам Лобавым, які загінуў ва Украіне, пажадалі як простыя беларусы і ўкраінцы, так і прадстаўнікі беларускай апазіцыі ды іншыя афіцыйныя асобы. На цырымоніі прысутнічаў Зянон Пазняк, Валерый Сахашчык, кіраўніцтва амбасады Украіны, а таксама амбасадар Польшчы ў Беларусі. Літургію правёў ксёндз Вячаслаў Барок.
Вялікую дапамогу сям’і загінулага аказаў асабіста пасол Польшчы ў Беларусі, Артур Міхальскі. Ён пасадзейнічаў транспарціроўцы цела ў Польшчу, а таксама арганізацыі пахавання на старых і, магчыма, самых ганаровых могілках Варшавы – Павонзкі. З развітальным словам і падзякамі ўсім, хто адгукнуўся і дапамог выступіла маці Эдуарда, Марына Лобава.
«Эдуард марыў бараніць зямлю сваю ад ворагаў і, на жаль, загінуў са зброяй у руках на полі бою, абараняючы незалежнасць Украіны. Хачу падзякаваць усім, хто дапамог нам арганізацыйна і фінансава. Кожнага я абдымаю і дзякую за дапамогу».
Развітацца з Эдуардам прыйшоў і яго стары вайсковы сябар Андрусь Цянюта.
«Быў вельмі таленавітым чалавекам, адданым Беларусі. Марыў быць афіцэрам у незалежнай Беларусі. Асабіста мы бачыліся ў 2015 яшчэ да таго, як ён паехаў ваяваць ва Украіну. А па тэлефоне размаўлялі, калі быў вызвалены Чарнобыль, у яго тады было крыху больш часу і мы маглі нармальна пагаварыць. Ён казаў, што ўсе будзе добра. Увогуле Эдуард быў такім чалавекам, які ніколі не скардзіўся на жыццё. Тады ён казаў, што Украіна абавязкова пераможа».
Развітацца з героем прыйшоў і намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага, Вадзім Кабанчук. Ён узгадвае Эдуарда як вельмі смелага і ўпэўненага байца і патрыёта.
«Мы былі знаёмы з 2015 года, былі разам на базах украінскіх дабраахвотнікаў, але ваявалі на розных дзялянках фронту. Хто ведаў Эдуарда, казалі, што ён быў вельмі спакойным хлопцам. Гэта было заўважна не толькі ў побыце, але і на фронце. Некаторыя нават жартавалі, што ён не вельмі рупіўся пра сваю ўласную бяспеку».
Зянон Пазьняк адзначае, што смерць Героя свабоднай Беларусі гэта безумоўна гора. Аднак Эдуард загінуў за свабоду і справядлівасць, таму гэта можа стаць сімвалам і натхніць на барацьбу многіх беларусаў.
«Калі змаганне ідзе за волю, добрую справу, справядлівасць, і чалавек гіне, гэта называецца трагедыя, але яго дзеянні і яго думкі перамагаюць. Зараз у нас трагедыя: мы змагаемся з расійскім Мордэрам, украінцы, беларусы, людзі гінуць, але адначасова гэта сведчыць, што перамога будзе за намі. Калі не будзе гэтага расійскага Мордэра, Беларусь расквітнее, Украіна расквітнее».
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.