Loading

160 год таму, 22 студзеня 1863 года пачалося студзеньскае паўстанне. Хутка яно пашырылася і на тэрыторыю Беларусі, дзе яго ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Гэтыя падзеі сталі падмуркам для беларускага нацыянальнага адраджэння.

22 студзеня беларусы Варшавы прайшлі маршам праз Варшаву каб ушанаваць памяць аб усіх паўстанцах, якія выйшлі на барацьбу супраць расійскай акупацыі земляў Рэчы Паспалітай. Менавіта таму шэсце пачалося перад расійскай амбасадай у Варшаве, дзе беларускія актывісты ініцыятывы «Рух» правялі інсцэніроўку павешання пудзіла з тварамі Мураўёва «Вешальніка» – аднаго з галоўных акупантаў беларускіх земляў у 19 стагоддзі, і Уладзіміра Пуціна.

«Мы падрыхтавалі гэтую імпрэзу, вырашылі неяк незвычайна адсвяткаваць 160 год паўстання. Мы падрыхтавалі перфоманс палітычны, ён быў цалкам дазволены і прайшоў каля амбасады Расійскай Федэрацыі ў Варшаве. Для яго была падрыхтавана шыбеніца сімвалічная, бо Кастусь Каліноўскі быў павешаны менавіта на шыбеніцы, і падрыхтавана пудзіла ў выглядзе двухгаловага арла. З аднаго боку быў Мураўёў-вешальнік, які павесіў Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў, а з іншага боку быў Пуцін, што сімвалічна адлюстроўвала мінулае і сучаснасць, ворагаў беларускага народа ў мінулым і сучасным».

Разам з беларусамі маршам па вуліцах Варшавы прайшлі і прадстаўнікі польскага нацыяналістычнага руху «Трэці шлях». Яны падтрымліваюць беларусаў у іх барацьбе супраць рэжыма Лукашэнкі і выступаюць за ідэі «Міжмор’я», мяркуючы, што краіны так званага «балта-чарнаморскага рэгіёну» могуць разлічваць толькі на саміх сябе ў пытаннях абароны і дапамогі.

«Сённяшняя акцыя з’яўляецца добрым прыкладам сяброўства народаў, сяброўства польскіх і беларускіх нацыяналістаў, дзе две імпрэзы былі аб’яднаныя ў адну».

Падрабязней пра нядзельны марш слухайце ў плэеры ніжэй.

У панядзелак, 23 студзеня, каля мемарыялу «Брама казняў» Варшаўскай цытадэлі прайшла афіцыйная цырымонія з нагоды гадавіны пачатку паўстання. У ёй прынялі ўдзел прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з шэрагам афіцыйных асобаў, а таксама дэлегацыі з Літвы, ад беларускіх дэмакратычных сілаў, а таксама Украіны. На вялікі жаль, па рашэнні польскай службы пратакола, беларуская дэлегацыя не атрымала магчымасці выступіць з прамовай і ўскласці вянок, а ўкраінскі бок у сваёй прамове цалкам праігнараваў факт удзелу беларусаў у студзеньскім паўстанні, што вельмі абурыла беларусаў.

Тым не менш, ужо на наступны дзень, 24 студзеня беларуская дыяспара Варшавы ўшанавала памяць паўстанцаў-каліноўцаў з ускладаннем вянка да мемарыяла «Брама казняў».

Па словах арганізатаркі мерапрыемства, Кацярыны Кучук, факт выкрэслівання беларусаў з гісторыі абуральны і непрымальны, таму ідэя ўшанаваць беларускіх паўстанцаў самастойна з’явілася адразу сама сабой.

«Канешне, гэта вельмі абразіла, мякка кажучы не спадабалася беларусам таму што Кастусь Каліноўскі гэта наш галоўны герой, наш сімвал Беларусі, ён памёр за Беларусь, ён паўстаў за Беларусь. І як можна было не ўзгадаць яго – такое проста немагчыма ўявіць».

Беларуская дыяспара абяцае не пакідаць гэты факт без адказу. Актывісты плануюць хутка вызначыць наступныя крокі і дабівацца аднаўлення справядлівасці і прызнання ахвяраў беларусаў дзеля агульнай свабоды нашых народаў.

Больш слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.