Loading

З Беларусі ў Еўропу выязджаюць беларусы не толькі з палітычных прычынаў і, на жаль, не заўсёды мы ўзгадваем пра іх праблемы. Тым не менш, дзякуючы такім людзям як Эльвіра Каралёва – актывістка, якая займаецца пытаннямі людзей з інваліднасцю, яны не застаюцца забытымі. На мінулых выходных у Варшаве прайшлі экскурсіі для людзей з інваліднасцю.

Фота: Taliya Glazkova.

За багаццем палітычных падзей, беларусы за мяжой часам забываюць і пра іншыя важныя праблемы, з якімі сутыкаюцца некаторыя нашы суайчыннікі. Польшча стала новым домам для сотняў людзей з інваліднасцю і іх родных, якія былі вымушаныя выехаць з Беларусі не па палітычных прычынах, а ў пошуках дапамогі па здароўі. Нехта тут знаходзіцца на лячэнні, нехта на рэабілітацыі, а нехта проста не можа дастаць неабходныя лекі ў Беларусі, бо яны там проста недаступныя.

Так ці інакш гэтыя людзі апынуліся за мяжой, дзе да ўсіх ужо наяўных праблем з сацыялізацыяй, дадалося яшчэ і няведанне польскай мовы і банальная адсутнасць знаёмых, а галоўнае сваіх людзей.

На шчасце, ужо не першы год існуе чат інклюзіўная Польшча, які з простага чата перарос у паўнавартасны праект па дапамозе людзям з інваліднасцю. У рамках гэтага праекту і пры падтрымцы Беларускага моладзевага хаба з 24 па 26 лютага ў Варшаве прайшлі 2 экскурсіі для такіх людзей. Гэта была першая спроба арганізаваць такое мерапрыемства. У цэлым досвед правядзення мерапрыемства арганізатар і заснавальнік гэтай ініцыятывы, Эльвіра Каралёва, палічыла станоўчым і плануе правесці новыя экскурсіі ў бліжэйшы час.

Фота: Taliya Glazkova.

Для Беларусі стварэнне безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў, на жаль, зʼяўляецца пакуль яшчэ нявырашанай задачай. Як гаворыць Эльвіра Каралёва, аб ступені безбарʼернасці найбольш красамоўна гаворыць колькасць людзей з інваліднасцю, якую можна ўбачыць на вуліцах. Спадарыня Эльвіра адзначае, наколькі цяжкім зараз зʼяўляецца жыццё людзей з інваліднасцю ў Беларусі, бо некаторыя з іх не могуць выйсці са сваіх кватэр месяцамі.

«Растлумачыць нам з вамі, што гэта значыць для іх – вельмі складана. Як прыклад – у мяне некаторыя знаходзяцца дома па паўгода. Яны не выходзяць на вуліцу з-за дрэннага безбарʼернага асяроддзя ў падʼездзе, на вуліцы, ды і наогул няма суправаджальніка, напрыклад, каб на вуліцу суправадзіў нехта… Мне насамрэч вельмі горка часам бывае, калі яны кажуць: «Вось гэтая паездка была самай яскравай падзеяй у маім жыцці». Ну гэта нібыта і камплімент мне, за тое, што я гэта раблю, але, з іншага боку, вельмі горка, што вось такое жыццё ў чалавека з інваліднасцю ў Беларусі».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.