Loading

26 красавіка адзначаецца гадавіна Чарнобыльскай катастрофы. Для беларусаў стала традыцыяй праводзіць у гэты дзень марш пад назваю Чарнобыльскі Шлях. У гэтым годзе традыцыйны для Беларусі Чарнобыльскі Шлях прайшоў у мностве гарадоў па ўсім свеце, але не ў Мінску, дзе ён патрэбны больш за ўсё. У Варшаве гэтае мерапрыемства праводзілася ўпершыню, але тут да яго далучыліся не толькі прадстаўнікі беларускай дыяспары, але ўкраінскія актывісты і нават польскія палітыкі.

Удзельнікі маршу прайшлі праз стары горад ад помніка Мікалаю Каперніку да помніка Марыі Складоўскай-Кюры. У гэтым годзе галоўнай тэмай маршу стала праблема размяшчэння расійскай ядравай зброі ў Беларусі. Беларусы прадэманстравалі, што яны супраць нарастання ядравай небяспекі ў Беларусі, але патрабуюць дапамогі заходніх палітыкаў.

А вось заходнія палітыкі не спяшаюцца на гэтую праблему рэагаваць. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады, Павал Латушка кажа, што заходнія палітыкі не рэагуюць належным чынам на пагрозу. Яны больш спрабуюць захаваць «status quo».

«Тая камунікацыя, якая ў нас адбываецца з заходнімі палітыкамі міністэрстваў замежных спраў дэманструе, што яны глядзяць на сітуацыю размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі не як праблему павелічэння пагрозы, а як, фактычна, захавання «status quo».

Беларусы, якія сабраліся на маршы, выказваліся і супраць выкарыстання атамнай электрастанцыі нават у будучыні, пасля дэмакратычных пераменаў у Беларусі і праверкі станцыі з удзелам міжнародных экспертаў. Аб тым, як праходзіў марш і што на ім казалі, слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.