Акцыю зладзіў беларускі бар «Карма» у Варшаве. Бар прайшоў доўгі шлях. Спачатку, пасля рэпрэсій у Беларусі, ён з’ехаў у Кіеў, а цяпер у Варшаву. Як кажа сузаснавальнік бара Глеб Кавалёў, у Варшаве бар стаў не толькі беларускім, а проста мігранцкім. Ён аб’ядноўвае пад адным дахам людзей з розных краін.
«Гэта нашая першая спроба зрабіць такі агульны мітынг для тых, каму складана быць такой групай людзей, якую аб’ядноўвае нешта большае, чым нацыянальная ідэя. Мы вельмі радыя, што ёсць тут і казахская апазіцыя, і таджыцкая. І вось гэтае мігранцтва агульнае, яно вельмі добра разумее, чаму мы ўсе тут апынуліся».
Сярод удзельнікаў акцыі быў і журналіст з Казахстана, Лукпан Ахмедзьяраў. Ён зараз са сваёй камандай знаходзіцца на шляху ва Украіну. І пакуль яны чакаюць неабходныя дакументы ад ЗСУ, яны вырашылі падтрымаць акцыю беларусаў і расказаць пра яе сваім суайчыннікам.
«У мяне тут дзве задачы. Першую я ўжо выканаў, выступіў тут ад імя Казахстана. А другая мэта — мая каманда зараз здымае відэа аб тым, як у нармальнай дэмакратычнай супольнасці можна арганізаваць і правесці мітынг і як гэта ўсё адбываецца».
Таксама спадар Лукпан распавёў нам аб тым, што адбываецца зараз у Казахстане і правёў шмат паралеляў з сітуацыяй у Беларусі. На яго думку, сённяшнія змены ў палітычным жыцці ў Казахстане толькі выглядаюць як дэмакратычныя, а насамрэч Такаеў так і застаўся прадуктам назарбаеўскай сістэмы. Таксама, на думку казахстанскага журналіста, сённяшнія нібыта канфлікты паміж Казахстанам і Расіяй — гэта ўсяго толькі гульня дыктатараў, а насамрэч Казахстан застаецца адным з асноўных саюзнікаў Крамля.
«Калі зараз гавораць, што Казахстан дыстанцуецца ад Крамля — для знешняй аўдыторыі гэта так, па факце гэта не так. Гэта тое самае, як у свой час такія ж выпады рабіў Лукашэнка. Ён таксама ў свой час падбрыкваў і казаў: „Што сабе Крэмль дазваляе!?”. Аднак, тым не менш, характар заставаўся той жа самы».
Паразмаўлялі мы і аб тым, як прысутныя украінцы ставяцца да беларусаў на фоне вайны ва Украіне і той агрэсіі, якая працягвае ісці менавіта з беларускай тэрыторыі. Малады хлопец Мікіта добра разумее, чаму зараз некаторыя украінцы абвінавачваюць беларусаў у гэтым, але спрабуе пераканаць сваіх суайчыннікаў.
«Я заўсёды вельмі глыбока перажываю ўсё гэта, аднак я не сядзеў пад бомбамі, на мяне не наступалі войскі з тэрыторыі Беларусі, я не маю таго эмацыйнага фону. А ў многіх маіх сяброў і людзей, з якімі я маю зносіны, ён ёсць. Яны перакладаюць гэтую віну на Беларусь. Для мяне гэта несправядліва, я не магу абвінавачваць у гэтым беларусаў. Беларусь – наш саюзнік. Сапраўдная Беларусь, бел-чырвона-белая. І мы ёй патрэбныя».
Поўны рэпартаж з мерапрыемства слухайце ў плееры ніжэй.
Comments are closed.