Loading

У нядзелю ў Варшаве адбыўся анансаваны раней марш беларусаў і ўкраінцаў у гонар Беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне. Арганізатарамі маршу выступілі рух РУХ і Паспалітае Рушэнне.

Мерапрыемства пачалося каля помніка Тадэвушу Касцюшку. Беларусы з плакатамі і фатаграфіямі загінуўшых у краіне беларускіх добраахвотнікаў прайшлі па галоўных вуліцах польскай сталіцы да помніка Мікалаю Каперніку, дзе адбылася асноўная частка мерапрыемства.

Удзел у маршы прынялі некалькі соцень беларусаў і ўкраінцаў самых розных поглядаў. Па-сапраўднаму адметнай асаблівасцю гэтага мерапрыемства стала тое, што на ім аб’ядналіся прадстаўнікі розных палітычных плыняў дэмакратычных сілаў Беларусі. На гэта звярнуў увагу і прадстаўнік абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях нацыянальнай абароны, Валерый Сахашчык. Ён заклікаў усіх беларусаў згуртавацца і забыцца пра рознагалоссі дзеля барацьбы з агульным ворагам.

Да яго слоў далучылася яго калега па кабінеце, прадстаўніца па пытаннях нацыянальнага адраджэння, Аліна Коўшык. Яна заклікала не забывацца на сваю мову і сваю гісторыю і ні пры якіх умовах не здавацца дзеля будучых пакаленняў беларусаў.

Адным з ключавых момантаў мерапрыемства стала выступленне лідэра руху «Вольная Беларусь» Зянона Пазняка. Ён выступіў з заклікам да беларусаў заняць актыўную пазіцыю па прасоўванні нацыянальных інтарэсаў на самым высокім узроўні, а таксама выказаў думку, што калі Расія захаваецца як адзіная дзяржава, яна ўсё роўна застанецца галоўнай пагрозай для дэмакратычнай Беларусі, нават калі там адбудуцца дэмакратычныя перамены. Таксама ён нагадаў, што краіны захаду маюць афіцыйныя абавязацельствы па абароне незалежнасці Беларусі і заклікаў беларусаў нагадваць захаду аб гэтым і дамагацца большай падтрымкі.

«У дзевяноста чацвёртым годзе быў заключаны мемарандум, калі выводзілі атамную зброю. Паміж Брытаніяй, Расіяй, Амерыкай, Украінай і Беларуссю. І гэтыя першыя краіны абавязаліся падтрымліваць нашу незалежнасць і наш суверэнітэт, калі нам будзе небяспека. Ну вось жа яна небяспека! Яна ёсць! Захапілі нашу краіну. Мы не павінны маўчаць, мы павінны пра гэта казаць, звяртацца да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Рускія прэч з Беларусі!»

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.