Фотаальбом Take Minsk home прэзентуюць у Беларускім моладзевым хабе 7 красавіка. Выданне нарадзілася паводле выставы «Я хачу дадому». Кранальную галерэю работ мінскіх фатографаў, якія з’ехалі з Беларусі пасля 2020 года, паказалі ў Музеі вольнай Беларусі напрыканцы мінулага года. Цяпер паводле гэтай настальгічнай экспазіцыі надрукуюць цэлую кнігу фотаўспамінаў пра родны горад.
«Я ўспрымаю людзей як дрэвы. У кагосьці карані паветраныя, але ў мяне карані ў зямлі, у Менску. У горадзе, які зрабіў мяне такой, якая я ёсць. Таму я спрабую пашукаць такі бяспечны шлях дадому tu i teraz, у цяперашніх умовах», – дзялілася сваімі думкамі ў нашым эфіры аўтарка праекта Ана Мацкевіч.
На прэзентацыі альбома, у якім таксама будуць фотаздымкі, што не трапілі ў экспазіцыю, можна будзе сустрэцца з аўтарамі і стваральнікамі выдання. У імпрэзе возьме ўдзел псіхалагіня Вольга Сарока, а «Інклюзіўны барыста» пачастуе ўсіх ахвотных смачнай кавай.
Падтрымлівае гэтую падзею аб’яднанне ByProsvet, якое звычайна аказвае дапамогу палітвязням і тэматычнаму самвыдату.
Пра імпрэзу і дзейнасць арганізацыі мы паразмаўлялі з удзельніцай каманды ByProsvet Ядвігай.
Comments are closed.