20 кастрычніка ў парламенце Малдовы дэпутаты стварылі парламенцкую групу «За дэмакратычную Беларусь». Прычым яе стварэнне выклікала працяглыя і жарсныя спрэчкі. Супраць выступалі камуністы і сацыялісты, якія пасля станоўчага рашэння пераважнай парламенцкай большасці пакінулі залу пасяджэнняў парламента. Чым будзе займацца група, пагаварылі з яе кіраўніцай Марынай Марозавай.
Наколькі малдаўскае грамадства і палітычныя структуры ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі?
Рэспубліка Малдова выступае за дэмакратыю, за свабоду слова, за правы чалавека і мір у рэгіёне. Асабіста я была здзіўленая, калі ў 2018 ці 2019 годзе сустракалася з жанчынамі з Беларусі ў Еўропе. Яны распавядалі нам як гэта – выйсці на мітынг, на пратэст, а потым апынуцца ў турме на некалькі дзён. І гэта расказвалі жанчыны з дзецьмі. На жаль, мяркую, што малдаўскае грамадства не ведае пра ўсё, што адбываецца зараз у Беларусі. Калі ў вас былі пратэсты і ўвесь свет казаў пра гэта, было больш інфармацыі. Цяпер той, хто зацікаўлены, можа знайсці інфармацыю. А так – людзі ведаюць, што ў нас ёсць партнёрства з Беларуссю ў плане экспарту ды імпарту прадуктаў. Але гэтым мы не дапамагаем людзям, якія прагнуць дэмакратыі і свабоды.
Як малдаўскія парламентарыі прыйшлі да ўсведамлення таго, што беларусам у барацьбе за дэмакратыю патрэбна падтрымка?
Рашэнне пра стварэнне гэтай групы было прынята на пленарным пасяджэнні парламента 20 кастрычніка 53-ма галасамі «за». Тры галасы былі супраць. Гэтым рашэннем парламент Рэспублікі Малдова ў чарговы раз пацвердзіў прыхільнасць пашырэнню дэмакратычных каштоўнасцяў і абароне асноўных правоў і свабодаў чалавека. І яшчэ мы ў чарговы раз выказваем сваю салідарнасць з народам Беларусі, які імкнецца да свабоды і дэмакратыі. Мы прапануем дыялогавую пляцоўку гэтай групы паміж заканадаўчай уладай Кішынёва і дэмакратычным рухам Беларусі. Хачу адзначыць, што наша апазіцыя была супраць. Было вельмі шмат дыскусіяў на пленарным пасяджэнні.
Чым камуністы і сацыялісты аргументавалі сваю пазіцыю, што не трэба падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі?
На жаль, як я ўжо казала, наша грамадства ведае пра нашае партнёрства з Беларуссю, але парламенцкая апазіцыя зараз ставіць на адну карту чалавечыя жыцці, правы чалавека з яблыкамі ды іншымі прадуктамі, якія ідуць на экспарт у Беларусь. Мы лічым, што гэта не правільна, не дэмакратычна. Вельмі шмат было дыскусіяў. Наша апазіцыя казала, што ў нас ужо ёсць міжпарламенцкая група з Беларуссю. Канешне, апазіцыя кіравалася нашым сяброўскім супрацоўніцтвам з Беларуссю. Але на жаль, гэтае супрацоўніцтва не дапамагае беларусам, якія ваююць унутры сваёй Радзімы за дэмакратыю і правы чалавека. Мяркую, наша апазіцыя баіцца разбурыць сяброўскія стасункі з рэжымам Лукашэнкам. Не ведаю, наколькі яны сяброўскія, але гэта іх мэсадж.
Як гэтая апазіцыя рэагуе на тое, што на тэрыторыі Малдовы існуе квазідзяржаўнае ўтварэнне – Прыднястроўская малдаўская рэспубліка, якая парушае тэрытарыяльную цэласнасць Малдовы?
Наша апазіцыя не размаўляе на гэтую тэму, таму што яны таксама былі ва ўладзе і нічога не вырашалася. Гэты пункт зараз не ўключаны і яны маўчаць пра гэта.
Ці ёсць нейкія канкрэтныя планы супрацоўніцтва з дэмакратычнай апазіцыяй Беларусі, магчыма з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, які стварыла Святлана Ціханоўская?
Вядома ж, у нас будуць сустрэчы з дэмакратычнай Беларуссю і анлайн, і спадзяемся, што Святлану Ціханоўскую мы ўбачым у Малдове. У нас ужо было першае пасяджэнне са спадаром Анатолем Лябедзькам, які з’яўляецца прадстаўніком Святланы Ціханоўскай. Быў вельмі добры дыялог. Мы падтрымліваем іх і спадзяемся на далейшую супрацу.
Comments are closed.