Loading

Ідэя інсталяцыі ўзнікла ў суполцы былых палітвязняў падчас Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. Па словах арганізатараў, ужо падчас мерапрыемстваў 21 траўня было відаць, што часу раскрыць патэнцыял інсталяцыі не хапіла і яе трэба працягнуць. Праца над пераносам інсталяцыі ў музей пачалася амаль адразу. Як кажа суарганізатар, былы палітзняволены, асуджаны па так званай «карагоднай» справе ў Брэсце, Алег Кулеша, было апасенне, што тэма беларускіх палітвязняў сыходзіць на другі план і пра беларускіх палітзняволеных паціху забываюць.

Адной з асноўных мэтавых аўдыторый гэтай інсталяцыі, спадар Алег называе менавіта замежнікаў, бо, па яго словах, зараз высвятляецца, што яны амаль нічога і не ведаюць пра беззаконне ў Беларусі і пра тое, як простыя беларусы з гэтым змагаюцца. Яшчэ падчас першай дэманстрацыі інсталяцыі 21 траўня на вуліцах Варшавы, тэма беларускіх палітзняволеных прыцягнула шмат увагі з боку як мясцовых палякаў, так і замежных турыстаў.

«Яны ішлі і пыталіся: «А што гэта ў вас тут такое? Чаму такая колькасць фота, што гэта за фота такія? І што гэта за людзі такія?». І калі тлумачылі ім, калі распавядалі што гэта такое, было такое жахлівае разуменне таго, што яны насамрэч нічога не ведаюць, што адбываецца ў нас у краіне. У некаторых людзей цяклі слёзы».

Інсталяцыя складаецца з імправізаванага плоту з калючага дроту. За гэтым дротам і знаходзяцца фотаздымкі палітвязняў, якія падсвечаныя чырвоным святлом. Па словах спадара Алега, інсталяцыя вельмі нагадвае тое, як выглядае турэмная зона ў Беларусі.

«У Музеі Вольнай Беларусі стаяць па сярэдзіне слупы. А мы прынеслі гэтыя ўсе платы, паставілі і зразумелі, што атрымалася такая лакальная «зона», па якой можа хадзіць толькі вартавы з сабакам. Больш ніхто там не ходзіць. Я калі стаю, назіраю, мне гэта нагадвае канцлагер. Тыя, што рабілі фашысты калісьці. І вось гэтая сярэдзіна, прастора паміж плотам, яна моцна пра ўсё гэта нагадвае, а там далей усё проста, далей нашыя сэрцы, нашыя жыцці. Гэта ўсё знаходзіцца там, на сённяшні час».

«Наша краіна стала адным вялізным канцлагерам. Вось проста паглядзіце на такія простыя дадзеныя, на якія ніхто не звяртаў увагу. У нас засталося ўсяго 28 тэатраў. І 46 «зонаў» рознага тыпу, СІЗА, турмы, лагеры. А ІЧУ увогуле падлічыць немагчыма, таму што яны існуюць у кожным раёне».

Убачыць інсталяцыю можна ў галерэі Музея Вольнай Беларусі штодзённа да 8 чэрвеня.

Comments are closed.