Loading

Кантралёрка роўных магчымасцяў Літвы Бірутэ Сабатаускайтэ прыняла рашэнне, што пры выбары кандыдата на працу кампанія Telia Lietuva дыскрымінавала грамадзянку Беларусі з прыкметы мовы, паходжання і грамадзянства.

Як паведамляе выданне delfi.lt, улетку у службу кантралёра роўных магчымасцяў (амбудсмэна ў недыскрымінацыі) Літвы звярнулася жанчына, якую праз партал LinkedIn запрасілі на сумоўе ў кампанію Telia Lietuva на пасаду SEO-адмыслоўца. Падчас тэлефоннай размовы яе запрасілі на сумоўе, але потым яго адмянілі. Пры гэтым кандыдатцы паведамілі, што, нягледзячы на тое, што яе кваліфікацыя і досвед працы пасуюць заяўленым патрабаванням, яе не могуць узяць на працу з нагоды геапалітычнага становішча, якое склалася. Маўляў, падчас праверкі кандыдаткі кампанія даведалася, што жанчына, якая нарадзілася ў Беларусі, мае падвоенае – польскае і беларускае, грамядзянства.

Падчас расследавання кампанія Telia Lietuva даводзіла, што тут меў месца чалавечы фактар і насамрэч прадстаўніца кампаніі ў рэкрутынгу супрацоўнікаў няслушна інтэрпрэтавала рашэнне. Маўляў, падставай для адмовы стала недастатковае валоданне кандыдаткай літоўскай мовай, а таксама больш высокія чаканні, выказаныя кандыдаткай, чым магла прадставіць кампанія.

Кантралёрка з роўных магчымасцяў палічыла аргументы кампаніі Telia Lietuva не пераканаўчымі. Падчас першай гутаркі узроўню валодання літоўскай мовай было дастаткова і прэтэндэнтку запрасілі на другое сумоўе. Акрамя таго, у адказе кампаніі недвухсэнсоўна гаворыцца, што “Твой досвед насамрэч адпавядае патрабаванням і падыходзіць для прапанаванай намі пазіцыі, але ва ўсіх выпадках перад працаўладкаваннем кандыдатаў мы праводзім дбайную праверку, якую, на жаль, пры цяперашняй геапалітычнай сітуацыі кандыдаты з Расіі і Беларусі не праходзяць, таму пакуль мы не можам абмяркоўваць тваю кандыдатуру. Вельмі шкада, што склалася такая сітуацыя, але асабіста я веру, што пры іншых абставінах ты са сваім вялікім досведам выдатна падышла б для нашай каманды […]”

У сваім рашэнні Бірутэ Сабатаускайтэ гаворыць, што “Геапалітычная сітуацыя насамрэч напружаная, але падчас выбару работніка трэба кіравацца крытычным мысленнем, прынцыпамі прафесіяналізму і недыскрымінацыі. Пазоўнік – грамадзянка ЕС, у яе ёсць права на жыццё і працу ў Літве. Недэмакратычнае кіраўніцтва Беларусі ўяўляе пагрозу для нашай краіны, але гэта не азначае, што людзі з беларускімі каранямі самі па сабе горшыя ці менш вартыя нармальных умоваў працы”.

Кантралёрка роўных магчымасцяў вынесла кампаніі Telia Lietuva папярэджанне і рэкамендавала зацвердзіць палітыку захавання роўных магчымасцяў і недыскрымінацыі, выкарыстоўваючы яе падчас падбору персаналу.

Comments are closed.