15 студзеня беларуская дыяспара ў Швейцарыі святкавала Каляды разам з, як ён сам пра сябе кажа, «легендарным і харызматычным музыкам Зміцерам Вайцюшкевічам». На беразе прыгожага Цюрыхскага возера ў невялікім, утульным памяшканні сабраліся дарослыя і дзеці, каб не проста паслухаць песні, але і заспяваць іх разам з музыкам.
Зміцер Вайцюшкевіч чацвёрты раз у Швейцарыі па запрашэнні беларускай дыяспары і ўласна сяброўкі сям’і Вольгі Крук. Вольга з мужам пераехалі ў Швейцарыю ў 2015 годзе. Краіна ім падабаецца, але ўсё роўна, такога адчування дому, як у Беларусі няма. Вольга кажа, што заўжды будзе там чужынка.
Колькасць гасцей уразіла і музыку і арганізатараў, якія не чакалі, што прыедзе так шмат людзей. Ехалі адусюль. Адна польска-беларуская сям’я спецыяльна на канцэрт прыехала з Нямеччыны. Але месца і пачастункаў хапіла ўсім. Беларускае свята аказалася інтэрнацыянальным. Там былі ўкраінцы, палякі, ірландцы, швейцарцы, рускія і нават казах.
Пасля канцэрту Зміцер Вайцюшкевіч, якога госці доўга не адпускалі і некалькі разоў прасілі выканаць на біс любімыя песні, падзяліўся сваімі ўражаннямі. Музыка сказаў, што шчаслівы ад поўнай залі і колькасці дзяцей. І ад таго, што можа несці радасць, родную мову і музыку. Маўляў, гэта тэрапія мастацтвам у змрочны для ўсіх час.
Госці разыходзіліся ў добрым святочным настроі, абменьваліся кантактамі, дамаўляліся сустрэцца на канцэрце Naviband, якіх чакаюць у Швейцарыі ў наступным месяцы. На беразе прыгожага Цюрыхскага возера паступова сціхалі гукі беларускай мовы і песень. Але ў сэрцах беларусаў працягвала гучаць і жыць Беларусь.
Атмасферны рэпартаж з імпрэзы слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.