319 total views
Гісторыя беларускай літаратуры паўтараецца зноў і зноў. Як і стагоддзі таму, беларускія пісьменнікі, паэты, на жаль, вымушаныя з’язджаць з роднага краю. Але беларуская кніга жыве, што вельмі цешыць. Беларускія пісьменнікі працягваюць сваю працу за мяжой і, магчыма, яшчэ не ўсё так добра, як бы хацелася з выданнем, але колькасць кропак, дзе можна набыць беларускую кнігу ў Польшчы, расце, і разам з ёй расце і попыт на беларускую літаратуру.
Яшчэ адна такая кропка адкрылася ў Цэнтры Беларускай Салідарнасці ў Варшаве. На прэзентацыі гэтай кропкі прайшла і прэзентацыя некалькіх кніг.
«У першую чаргу мы, як цэнтр, прадастаўляем пляцоўку для гэтых аўтараў і выдаўцаў, каб яны маглі прадаваць сваю літаратуру менавіта ў Польшчы і не толькі. Магчыма і за межы Польшчы, але ў межах Еўрасаюза».

Пісьменніца і перакладчыца кніг Ганна Янкута сярод іншых прадставіла сваю знакамітую «Канстытуцыю», кнігу, выдадзеную ў двух варыянтах. У Польшчы зараз, у тым ліку і ў ЦБС, можна купіць абодва варыянты.
«Сярод маіх кніг тут прадстаўлены “Геалогія” і “Канстытуцыя”. Гэта такія дзве кнігі-сястры. Яны прадстаўляюць паэтычную версію галоўнага дакумента, Канстытуцыі. Яны расказваюць аб тым, што я перажыла два гады таму, перад усім у першы год пасля выбараў, і прапануюць такія метафары для прачытання Канстытуцыі».

Пiсьменнік Васiль Дранько-Майсюк прадставiў на выставе дзве кнiгi. Першая — дакументальная кніга «Натуральны, як лінія небасхілу». Кніга распавядае пра невядомыя шырокай публіцы старонкі жыцця сапраўды вялікага беларускага паэта — Максіма Танка. Другая кніга, «Таямніцы нашага садка» — кніга для дзяцей у жанры фантастыкі. Дарэчы, так склалася, што выстава прайшла за некалькі дзён да так званай «ночы расстраляных паэтаў». Спадар Васіль лічыць, што тыя расстраляныя паэты ў выніку перамаглі сваіх катаў, бо пра тых ніхто не ўстпамінае, а паэтамі ганарыцца ўвесь народ.
«Мы павінны шмат чаму вучыцца ў нашых пісьменнікаў, якіх расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка. Вучыцца іхняй артыстычнасці, смеласці, вучыцца ў іх мове беларускай, таму што ў іх была такая вельмі дзівосная беларуская мова, а ў нас яна часта становіцца больш “гарадской”, “пластмасавай”».

Поўны рэпартаж з адкрыцця слухайце ў плееры ніжэй.
Comments are closed.