Loading

У горадзе Буча Кіеўскай вобласці адну з вуліц могуць назваць у гонар Іллі «Літвіна» – першага беларуса, які загінуў 3 сакавіка 2022 года, абараняючы горад ад расійскіх захопнікаў. З такой ініцыятывай у Бучанскую гарадскую раду звярнуўся кіраўнік Дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч. Ініцыятыву падтрымліваюць і дэпутаты, якія разгледзяць прапанову на найбліжэйшай чарговай сесіі гарадской рады.

Вось што распавёў радыё Ўнэт дэпутат Бучанскай гарадской рады Васыль Алэксюк.

Дабрачынная арганізацыя «Вільна Буча» – гэта неабыякавыя жыхары нашага горада, якія сабраліся і з першых дзён вайны дапамагаюць людзям. З беларусамі мы стасуемся і стасаваліся яшчэ з 2014 года, шматлікіх беларусаў ведаем асабіста. І тая сустрэча, якая адбылася са спадаром Аляксеем Францкевічам, гэта працяг нашай супрацы і дапамогі беларускага народа жыхарам нашага горада.

Была дастаўленая дабрачынная дапамога Дабрачынным фондам, спадаром Аляксеем, якраз у Грамадскую арганізацыю «Вільна Буча». Шмат было рэчаў – дзіцячыя рэчы, цёплыя рэчы, цацкі, коўдры і шмат рознага, у чым сёння маюць патрэбу людзі.

У планах надалей падтрымліваць людзей, якія патрабуюць дапамогі. Таксама ў планах, мы размаўлялі з Аляксеем і маем ужо ліст ад грамадскай арганізацыі «Вільна Білорусь» датычна ўвекавечання памяці героя беларускага і ўкраінскага народаў Іллі «Літвіна». Яго імем прапануецца назваць адну з вуліц горада. 3 сакавіка Ілля загінуў у нашым горадзе, абараняючы свабоду, незалежнасць і праўду. І загінуў на ўкраінскай зямлі.

Мы абавязкова вынесем гэтае пытанне на разгляд камісіі па пераіменаванні вуліц у працэсе дэкамунізацыі. Вы ведаеце, што зараз у працэсе дэкамунізацыі мы вуліцы называем імёнамі цяперашніх герояў, герояў мінулых гадоў, герояў вайны. І таму абавязкова выйдзем з прапановай. Я, як дэпутат гарадской Рады, буду падтрымліваць ідэю з’яўлення ў нашым горадзе вуліцы ў гонар героя беларускага і ўкраінскага народу Іллі «Літвіна».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.