Loading

Адпаведнае рашэнне большасцю галасоў прыняла гарадская рада. 18 радных прагаласавалі за, 3 супраць, яшчэ 7 устрымаліся. Новую назву атрымае частка вуліцы Электрычнай, дзе месціцца Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Ля консульства беларуская дыяспара Беластока рэгулярна ладзіць акцыі пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі.

У пачатку сакавіка кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выступіў з адпаведнай прапановай. Гарадскія ўлады яе падтрымалі.

«Перайменаванне вуліцы Электрычнай у вуліцу Вольнай Беларусі – гэта жэст падтрымкі і павагі беларусам, якія змагаюцца за свабоду. У турмах рэжыму Лукашэнкі знаходзяцца больш за 1300 палітычных зняволеных, у тым ліку актывіст Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут» – падкрэслівалася ў абгрунтаванні праекта.

Як адзначыў Павел Латушка, з’яўленне вуліцы Вольнай Беларусі – гэта «важны жэста падтрымкі, таму што сёння на нашых вачах адбываюцца гістарычныя падзеі, звязаныя з барацьбой двух народаў за сваю дзяржаўнасць і нават за сваё права на існаванне. Сімвалізм гэтага рашэння звязаны з тым, што без незалежнай Украіны практычна немагчыма ўявіць сабе незалежную і свабодную Беларусь».

Акцыя каля будынку Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку. Фота: Радыё Ўнэт.

Comments are closed.