Loading

Выставу «Беларусь на целе», дзе прадстаўлены фотаздымкі татуіровак беларусаў, якія былі зроблены пасля падзей 2020 года і пачатку расійска-ўкраінскай вайны, прывезла ў Беласток журналістка і грамадская актывістка Яўгенія Доўгая. Аўтарка ідэі экспазіцыі лічыць, што малюнкі адлюстроўваюць гераічныя, цяжкія, але і вельмі кранальныя падзеі, лёсы людзей і іх сем’яў.

Як распавяла на адкрыцці фотавыставы Яўгенія Доўгая, пачаць збіраць выявы татуіровак яе падштурхнуў выпадак. Пасля вядомых падзей 2020 года яна даведалася, што стваральніку пляцоўкі «Арт Сядзіба» і заснавальніку Symbal.by Паўлу Белавусу, які цяпер з’яўляецца палітзняволеным, прысудзілі адміністрацыйны арышт за набітую татуіроўку бел-чырвона-белага сцяга. Гэта яе вельмі ўразіла і абурыла. І Яўгенія запланавала напісаць артыкул пра новыя беларускія татуіроўкі. Але падчас збору матэрыяла ёй прыслалі, па яе сцверджанні, сто фотаздымкаў з малюнкамі на целе, якія так ці інакш тычыліся мінулых пратэстаў. Такім чынам, пасля напісання артыкула, дзе былі прадстаўлены 10 татуіровак, узнікла жаданне збіраць іх у Instagram.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Беларусь на теле ❤️ (@body_of_belarus)

Цяпер, як адзначае аўтарка праекта, у яе Instagram назбіралася ўжо трыста выяў. Да пратэстных пачалі дадавацца малюнкі і надпісы на целе ў падтрымку Украіны. Паколькі на выставе было прадстаўлена толькі 15 з усіх сабраных выяў, Яўгенія распавяла пра кожную з іх.

У інтэрв’ю радыё Ўнэт грамадская актывістка адзначыла, што раней выстава два разы праводзілася ў Варшаве, але цяпер яна вырашыла прывезці экспазіцыю ў Беласток.

Яўгенія Доўгая

— Я ў захапленні ад дыяспары ў Беластоку. Я напісала былой палітзняволенай Вользе, а яна мяне звязала з хабам «Новая зямля» і мы зрабілі выставу.

— Чаму вы выбралі менавіта гэтыя 15 татуіровак з усіх 300, якія маеце?

— Яны вельмі розныя гэтыя фотаздымкі. Мне хацелася і гісторыю з Алесем Бяляцкім закрануць, і дабраахвотнікаў, і антываенныя выказванні, і тугу па радзіме. Мне вельмі хацелася, каб была тэма аб палітзняволеных таксама. Таму я сабрала гэта ўсё, каб было максімальна рознае. Але зараз я ўжо шкадую, што я не прадставіла набітыя татуіроўкі са словамі з паланэза Агінскага «Развітанне з Радзімай». Ужо тры чалавекі набілі іх, прыслалі мне фотаздымкі, і думаю, гэта трэба ўключыць у выставу, бо гэта вельмі моцны момант.

— Пра што сведчаць татуіроўкі, якія беларусы сталі набіваць сабе пасля падзей 2020 года, пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны?

— Толькі пра боль. Гэта боль, душэўны боль, які людзі спрабуюць праз татуіроўкі паказаць. І яшчэ — ім баліць, але яны не хочуць гэтага забываць. Яны хочуць заўсёды помніць пра свой досвед, пра тое, што яны перажывалі. Гэта такія душэўныя пакуты людзей, на самой справе.

Ёсць людзі, якія, калі ім вельмі дрэнна, наносяць сабе нейкія пашкоджанні. І тут, мне здаецца, нешта падобнае. Я кажу пра свой досвед. У мяне таксама ёсць татуіроўкі. Я вельмі сумую па сваёй бабуле. І я помню, як мне стала вельмі кепска з-за таго, што яна старэнькая, і я кожны дзень думаю пра яе. І я набіла сабе суніцы, якія яна мне заўсёды збірала, каб помніць, што бабуля побач.

Comments are closed.