Loading

Вялікую занепакоенасць сітуацыяй, якая складваецца вакол палітзняволенага журналіста і актывіста польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута, выказалі ўдзельнікі чарговай акцыі ў яго падтрымку, што праводзіцца ў 20-х чыслах кожнага месяца ў Беластоку. Адсутнасць звестак аб ім, зважаючы на лёс нядаўна забітага ў калоніі яшчэ аднаго палітвязня Алеся Пушкіна, прымусіла мітынгоўцаў заклікаць, у прыватнасці польскія ўлады, да дзеянняў у абарону Пачобута.

Адкрыўшы мітынг, намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі прапанаваў ушанаваць хвілінай маўчання памяць Алеся Пушкіна. Пасля гэтага ён з сумам паведаміў, што добрых вестак з-за ўсходняй мяжы па-ранейшаму няма, як і няма дакладнай інфармацыі, што адбываецца з Анджэем Пачобутам.

«Што тычыцца нашага калегі Анджэя, то ён на сённяшні дзень знаходзіцца ў калоніі. Маем вельмі трывожныя весткі, бо ад 6 ліпеня Анджэй проста знік, не маем аб ім ніякай інфармацыі, не даходзяць лісты, ён пазбаўлены права на карэспандэнцыю, на тэлефонныя размовы, права на спатканне з сям’ёй. Таксама з таго, што мы ведаем, ён знаходзіцца ў ізалятары, так званым ШЫЗА ўжо трэці раз. Там максімальна па 10 дзён можна сядзець, то бок два разы па дзесяць, а цяпер яго кінулі туды ўжо ў трэці раз. Гэта ўсё нас вельмі непакоіць, зважаючы на тое, што Анджэй мае праблемы са здароўем, праблемы з сэрцам, і не ведаем, ці мае ён лекі. А ў кантэксце таго, што стала з Алесем Пушкіным, у кантэксце таго, што дзеецца ў тых калоніях у Беларусі, то ўсё нас вельмі моцна непакоіць. Я хацеў бы звярнуцца да ўсіх з просьбай аб распаўсюджванні гэтай інфармацыі, звярнуцца да польскіх улад з просьбай аб нейкіх дзеяннях у абароне нашага калегі, каб яму можна было б перадаць лекі як мінімум».

Марэк Занеўскі

Марэк Занеўскі заклікаў таксама максімальна гучна казаць аб тым, што робіцца ў Беларусі, дзе амаль кожны дзень адбываюцца палітычна матываваныя судовыя працэсы, пакутуюць палітзняволеныя. Ён нагадаў, што ў хуткім часе мусіць адбыцца агалошванне прысуду яшчэ двум палітвязням – гродзенскаму журналісту Паўлу Мажэйку і адвакатцы Юліі Юргілевіч.

Таксама пра тое, што адбываецца з Анджэем Пачобутам для Радыё Ўнэт распавёў яго сябр і калега Ян Роман, які вёў акцыю салідарнасці. Паводле яго, турэмныя ўлады таксама не пускаюць да палітзняволенага журналіста адваката, і хоць гэта супярэчыць закону, ніхто на такое парушэнне не звяртае ўвагі.

«Павінны ў тым ліку і палітыкі на Захадзе прыслухацца да таго, што адбываецца ў Беларусі, бо апошнім часам як бы рэакцыя менш вострая і ў Польшчы, і на Захадзе на тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі».

Ян Роман

Салідарнасць з палітвязнямі паказвае, што мы не забываем пра іх, і гэта зараз вельмі важна, паведаміў у сваю чаргу маладзечанскі праваабаронца Алесь Капуцкі.

«Любая салідарнасць, якую мы выказваем з нашымі палітзняволенымі, паказвае, што мы не забываем пра іх, што мы думаем пра іх, спрабуем неяк дапамагчы, дамагаемся, каб іх усё ж такі вызвалілі з таго палону, у якім яны знаходзяцца».

Сэнс збірацца на такія акцыі ёсць, нават калі ніхто не паслухае, упэўнена віцэ-прэзідэнт Беластоцкага аддзелу арганізацыі «Вспульнота Польска» Ганна Кетліньская. Паводле яе, самае галоўнае, што такія акцыі не дазваляюць прызвычаіцца да таго, што робіцца ў Беларусі, а потым і змірыцца з тым ненармальным станам.

«Сустракаемся тут штомесяц, сустракаемся з тымі самымі людзьмі, часам прыходзяць іншыя людзі. І я ўпэўнена, што сэнс у гэтым ёсць, нават калі нас ніхто не паслухае. Гаворка ідзе, каб паведаміць, што вельмі лёгка можна прызвычаіцца да ўсяго. І ў гэты момант мы прызвычайваемся, што ў Беларусі рэпрэсіі, прызвычаіліся, што за нашай граніцай ідзе вайна. І тое, што мы тут сустракаемся і кажам пра тое, што ёсць, гэта такое супрацьдзеянне гэтаму прызвычайванню. Бо калі мы да гэтага прызвычаімся, то мы з гэтым змірымся».

Ганна Кетліньская

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.