134 total views
На кніжным кірмашы, які прайшоў у Беластоку, беларускі пісьменнік Алесь Кудрыцкі прадставіў сваю новую кніжку ў жанры фэнтазі для дзяцей «Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада», выдавецтва Андрэя Янушкевіча. Паводле літаратара, ён пісаў яе ў трох краінах – Беларусі, Украіне, Польшчы. Наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч пагутарыў з аўтарам аб яго новым выданні і творчай актыўнасці.
— Кнігу я пачаш пісаць вельмі, вельмі даўно. Яшчэ гадоў можа 20 таму. Яна перажыла нейкія трансфармацыі за гэты час. Пачынаў пісаць яе яшчэ ў Беларусі, працягваў пісаць і ва Украіне, і вось яна выйшла на свой фінал ці можа на пачатак тут, у Польшчы.
Калі коратка, кніга пра хлопчыка Казіка, які жыве ў Мінску і выпадкова адкрывае для сябе пад Мінскам прыхаваны, таемны горад звяроў. І далей прыгоды хлопчыка ў гэтым городзе, але там не ўсё так проста, бо чым больш хлопчык даведваецца пра гэты горад, тым больш ён разумее, што над гэтым горадам вісіць небяспека і віной гэтаму ён сам. А пра дэталі можаце даведацца ў кнізе.
— Акрамя гэтай кніжкі, тут на стэндзе з беларускімі выданнямі, вы яшчэ нешта прадстаўляеце?
— Тут ёсць часопіс «Ду-ду», які ўжо, на жаль, не выходзіць. Раней для часопіса «Ду-ду» я рабіў рубрыку «Пластыляндыя». Ляпіў з пластыліна слімачкоў і рабіў з імі комікс для дзяцей. Але гэта так, ускосна. Часопіс выходзіў у Беларусі, але з усімі вядомымі падзеямі, як і ўсе СМІ, нават дзіцячыя часопісы, мусілі згарнуць сваю дзейнасць. Гэта тое, што тычыцца мяне. Але побач тут калегі, выдаўцы, вельмі шмат цікавых выданняў. І ўражвае, што так шмат усяго.
— Гэта ваш першы кірмаш у Польшчы?
— Гэта першы ў статусе ўдзельніка.
— Вы зараз жывяцё ў Польшчы. Ці пішаце штосьці яшчэ? Чым парадуеце чытачоў?
— Зараз я троху адыходжу ад усіх пераездаў разам з сям’ёй. Мы былі ў Беларусі, пасля жылі ва Украіне, у Бучы, і пераехалі сюды пасля выбуху вайны. Паглядзім, я думаю, гэта не фінальная кропка ў тым, што я раблю.
— То бок на паўзе пакуль ваша творчая актыўнасць?
— Яна не зусім на паўзе. Проста зараз паглядзім, як будзе ўспрынята кніжка, і ўжо далей буду дзейнічаць адпаведна. Я думаю, што працяг будзе.
— Знаходзячыся ў эміграцыі, ці можна знайсці натхненне для беларускага пісьменніка?
— Я думаю, можна, канешне. Ясна, што гэта не простая рэч, таму што ты жывеш у іншай краіне, павінен знайсці банальна спосаб выжываць, спосаб зарабляць, карміць сям’ю. Гэта ў кожнага такая праблема. Гэтыя выклікі часам робяць людзей мацнейшымі. Напэўна, складанасць такая ж самая як і дома.
— Ну дома быў прэсінг, тут такога прэсінгу няма. Ці вы ўсё роўна нешта такое адчуваеце, што вам перашкаджае займацца творчасцю?
— Вы слушна сказалі, а я ўжо пачаў забывацца, што ў Беларусі ў апошнія некалькі месяцаў да таго, як я паехаў, сітуацыя зусім змянілася. Цяпер я жыву ў вольнай краіне, у Польшчы. Тут троху іншыя выклікі – як захаваць актуальнасць сваіх думак, калі спрабуеш нешта напісаць, каб гэта было цікава і людзям у Беларусі, якія, спадзяюся, гэта прачытаюць, і людзям тут, у якіх пакрысе па-іншаму пачынае працаваць свядомасць, погляды змяняюцца, магчыма. Гэта ўсё няпростыя пытанні на самой справе. Мы яшчэ толькі ў працэсе ўсведамлення ўсяго што адбываецца. Нічога не скончылася, працэс гэты ідзе і ўсё ў руху. Тут гатовых адказаў няма. Проста трэба быць уважлівымі, спрабаваць нешта рабіць, не апускаць рукі.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.