Loading

Святкаваць беларускія народныя святы вучаць дзяцей у новым музычна-тэатральным гуртку «Беларусікі», які з’явіўся некалькі месяцаў таму ў Беластоку. Ён стаў ужо не першай падобнай ініцыятывай, дзе дзеці пераехаўшых беларусаў займаюцца творчасцю, датычнай абрадаў і традыцый. Днямі паўтары дзясяткі вучняў падставовых беластоцкіх школ розных узростаў прадставілі свой другі спектакль.

«Беларусікі» з’явіліся ў Беластоку на пераломе 2022-2023 года. Дзеці вывучаюць беларускія песні, вершы, ставяць тэатральныя сцэнкі. Дэбют адбыўся яшчэ зімой, калі ставілі спектакль на Свята Божага Нараджэння. Навучае іх усяму гэтаму Юлія Собаль, якая раней вяла падобны музычна-тэатральны гурток.

«Мы ставілі ўжо спектакль на Нараджэнне Хрыстова. Адбыўся, спадабалася тым, хто прыйшоў паглядзець. Многа дзяцей засталося ў нас ужо ў гуртку. Далей пасля Нараджэння Хрыста паставілі Масленку. Троху яе зацягнулі, таму што дзеці хварэлі. Пачаўся сезон вакацый, пачалі раз’язджацца людзі», – распавяла кіраўніца гуртка.

Сапраўды, было крыху дзіўна бачыць спектакль аб гуканні вясны амаль у сярэдзіне красавіка, за пару дзён да Вербнай нядзелі. Спадарыня Юлія тлумачыць гэта пэўнымі затрымкамі.

«Так атрымалася. Але ж дзеці хацелі выступіць, і мы не маглі ўжо цягнуць далей. Таму, калі ўжо ўсе сабраліся, перахварэлі, павыязджалі-папрыязджалі, мы запланавалі менавіта на гэтую дату, бо пасля ўжо святы пойдуць касцёльныя, царкоўныя, і ўжо не будзе калі рабіць, бо хутка ўвогуле лета. Але я спадзяюся, мы яе пагукалі і заўтра ўжо будзе цёпла. Пудзіла спалілі і будзе надвор’е добрае.

Дзецям падабаецца вельмі. У нас ёсць і ўкраінскія дзеці, і беларускія дзеці. Украінскія дзеці таксама размаўляюць на беларускай мове. І нашы дзеці, якія прыходзяць размаўляюць па-руску, не ведаючы нашай мовы беларускай, вось ужо напрацягу трох-чатырох месяцаў таксама пачынаюць размаўляць на беларускай мове ці разумець яе. І калі падыходзяць запытаць штосьці, то спрабуюць запытвацца на беларускай мове, а не на рускай…

На першым спектаклі ў нас было дзевяць чалавек, а зараз у нас ужо 16 чалавек. Калектыў павялічваецца. Зараз таксама прыйшлі дзеці з дарослымі, і калі ім спадабаецца, то мы заўсёды запрашаем да нас у гурток», – распавяла Юлія Собаль.

Наступным спектаклем, які плануюць прадэманстраваць «Беларусікі», павінна стаць «Купалле». Часу падрыхтавацца да яго хапае, і можна спадзявацца, што ў чэрвені-ліпені маладыя артысты пакажуць і раскажуць, што яны ведаюць пра гэтае народнае свята.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.