Loading

Гісторыя, мова і традыцыі Падляшша цяпер у цэнтры ўвагі клуба Beer&history, створанага летась беларускімі гісторыкамі, якія пераехалі ў Беласток з Беларусі. Да лекцый-дыскусій запрашаюцца ўсе, каму цікава як мага больш даведацца пра ўнікальны абшар гістарычнага пражывання беларусаў. А распачаўся праект «Свае пра сваё» напрыканцы красавіка з размовы аб тым, як быў заселены рэгіён, у якія дзяржавы ён уваходзіў, хто і як жыў, кіраваў, ваяваў на яго тэрыторыі. Распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Як адзначыў вядучы лекцыі-дыскусіі гродзенскі гісторык Алесь Кіркевіч, на тэрыторыі сучаснага Падляшскага ваяводства Польшчы былі не толькі славяне, але і балты, готы, вікінгі. Раней гэтыя землі ўваходзілі ў Вялікае княства Літоўскае, але ад Люблінскай уніі 1569 года сталі належыць Кароне Польскай.

Варта помніць, што асноўны кампанент насельніцтва, якое тут жыло, гэта дрыгавічы, нагадаў журналіст і грамадскі дзеяч беларускай меншасці, гісторык паводле адукацыі Яўген Вапа. Ён адзначыў, што цяперашняя назва Падляшша, прымененае да ваяводства, ёсць фальшывай.

«Таму што ў складзе Падляшскага ваяводства маем частку Мазовіі, а вялікае Падляшша, якое скончылася ў 1795 годзе з падзеламі Рэчы Паспалітай, на поўдні зараз ёсць землі абсалютна польскія – там дзе Бяла-Падляска, Люблінскае ваяводства зараз сягае. З нашага боку за Бельск мы маем тое, што называлася Кобрынска-Драгічанскім княствам, а ад поўначы маем рэшткі Гарадзенскага княства. Як гаварыць пра Падляшша, то апошняя адміністрацыйная рэформа, якая аб’яднала тры ваяводства – Беластоцкае, Ламжынскае, Сувальскае, і назваць Падляшшам Сувалкі ці Ломжу, то тыя людзі, напэўна, пакрыўдзяцца», – распавёў Яўген Вапа.

Такім чынам, толькі меншая частка гістарычнага Падляшша знаходзіцца цяпер на тэрыторыі Падляшскага ваяводства. Ды і ў беларускай гістарычнай навуцы яно разглядаецца як гістарычная вобласць на захадзе этнічнай тэрыторыі беларусаў у басейне Заходняга Буга і Нарава.

Нягледзячы на тое, што тэмай першай лекцыі была гісторыя Падляшша, падчас размовы былі закранутыя розныя пытанні, якія тычыліся нават ХХ стагоддзя. Верагодна, яны таксама будуць разгледжаны больш дэтальна ў наступных гістарычных сустрэчах, якіх паводле Алеся Кіркевіча, яшчэ адбудзецца пяць. Дарэчы, тэмы размоў аб беларускасці на Падляшшы дазволяць больш зблізіць беларускую меншасць і беларускую дыяспару, заявіў нашаму радыё вядучы пасля дыскусіі.

«Сэнс у тым, каб наладжваць масты паміж этнічнымі беларусамі і тымі беларусамі, якія прыехалі. Вось я як прыехаў год таму, то я адчуваў па асяродках, па кампаніях людзей, што ёсць такі халадок паміж мясцовымі беларусамі і прыехаўшымі. Ёсць такая халодная сцяна паміж гэтымі людзьмі, і мне б было цікава разам разбіраць нейкія канфлікныя, спрэчныя моманты, неяк патлумачыць і самому прыйсці да нейкай агульнай высновы, што ж такое Падляшша, што за людзі тут жывуць, якая атмасфера і дух гэтай зямлі. Таму мы пачалі такую серыю дыскусій», – адзначыў Алесь Кіркевіч.

Праект «Свае пра сваё» стаў магчымы дзякуючы Міністэрству ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Партнёрамі гісторыкаў выступілі Радыё «Рацыя», каворкінг «МостМедыяПорт» і фонд «Камунікат». Лекцыі-дыскусіі мяркуецца праводзіць раз на тыдзень да чэрвеня.

Падрабязней сдухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.