Галоўным следчым упраўленнем узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да стваральнікаў і ўдзельнікаў ваюючага на баку Украіны палка Каліноўскага. Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага ведамства 11 кастрычніка.
Па даных следства, група грамадзян Рэспублікі Беларусь, знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, Літвы і Польшчы, скааперавалася і стварыла экстрэмісцкае фарміраванне «Полк імя Кастуся Каліноўскага» з асобнымі структурнымі падраздзяленнямі. Мэта гэтых фарміраванняў – узброенае супраціўленне пры правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі і наступны ўзброены захоп улады ў Беларусі.
Следчы Камітэт сцвярджае, што з дапамогай сеткі тэлеграм-каналаў і чатаў адбывалася «вярбоўка грамадзян Беларусі для наступнага іх удзелу ва ўзброеных канфліктах і тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі».
Галоўным следчым упраўленнем СК у дачыненні да кіраўнікоў і ўжо ўстаноўленых удзельнікаў палка Каліноўскага ўзбуджана крымінальная справа па арт.361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса РБ. Санкцыі артыкула прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў.
Крымінальныя справы таксама распачаты ў дачыненні да актыўных удзельнікаў ячэек палка на тэрыторыі Беларусі, якія рабілі спробы ўвайсці ў яго склад ці «канспіратыўна ажыццяўлялі злачынную дзейнасць».
Comments are closed.