Loading

У Беларускім прэс-клубе адбылася прэзентацыя чарговага даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе». Гэта ўжо трэцяе падобнае даследаванне, таму яно шмат у чым дазваляе адсачыць дынаміку і сучасныя выклікі.

У даследаванні, якое рабілася спосабам анлайн-апытання, бралі ўдзел жыхары гарадоў Беларусі ва ўзросце ад 18 гадоў. Цалкам дэмаграфічную структуру рэспандэнтаў тыя, каму гэта цікава, могуць пабачыць у самім апублікаваным даследаванні

Найперш, у выніку даследавання выявілася, што беларускае грамадства аказалася падзеленым на некалькі сегментаў.

«У нас ужо трэці год існуе шкала, якая падзяляе грамадства па трох параметрах, па трох кампанентах, фактарах. Стаўленне да нацыянальнага – гэта беларускае, нацыянальна-індэферэнтнае і расійска-савецкае. Важнасць таго, што мы ўключаем у беларускае, вызначаецца стаўленнем да беларускай мовы, да таго, што вы ўяўляеце сабе, калі вам кажуць пра беларускай нацыянальнае, то бок, бел-чырвона-белыя сцягі, гістарычны погляд, які больш уласцівы людзям, якім савецкая ідэнтычнасць не ўласцівая. Расійска-савецкае – гэта фактар, які паказвае блізкасць да савецкага, у пэўнай ступені да расійскага ў нацыянальным. Гэта не значыць, што там настальгія па савецкім часе і гэта не значыць, што для іх не характэрна беларускае, у нас ёсць сегмент савецкія, якія беларускае таксама любяць, для іх беларуская мова даволі важная, але яны трошкі па-іншаму бачаць беларускае. Нацыянальна-індэферэнтнае – гэта фактар, які паказвае, што людзям, якім ён уласцівы, нацыянальнае ўвогуле не характэрна, яно перашкаджае ім, яно ў іх карціне свету лішняе, яны і без нацыянальнага неяк жывуць».

І вось якія асноўныя наратывы вылучаюць гэтыя групы:

«Для свядомых культура – гэта галоўны паказчык. І лічыць сябе беларусам – адзін з галоўных паказчыкаў. Абыякавыя значна радзей укладаюць важнасць у культуру. Яны часцей кажуць пра грамадзянства, пра тое, што трэба толькі жыць у Беларусі. То бок, для іх такі фармальны фактар больш важны. І мы бачым, што беларуская мова для ідэнтыфікацыі як беларуса важна больш за астатніх для сегмента свядомых. Самі сябе гэтыя сегменты таксама ідэнтыфікуюць па-рознаму, але маюць пэўныя падабенствы. Асабліва, калі мы паглядзім на свядомых і савецкіх. Гэта людзі, якія любяць сваю краіну, проста па-рознаму трошкі. Вось мы бачым, што адрозненні ёсць у ідэнтыфікацыі «савецкі чалавек» і, напрыклад, «славянін». Таму што свядомыя, нягледзячы на тое, што хутчэй за ўсё славянамі з’яўляюцца, з такой ідэнтыфікацыяй звязваюць гэты наратыў пра трыадзінае славянства расійскае. І гэта менш характэрна для гэтага сегмента, таму што не ўкладаецца ў беларускі нацыянальна-рамантычны праект, які больш глядзіць на Еўропу, чым на Расію. Для савецкіх гэта працуе. Але і тыя, і тыя, даволі часта ўяўляюць сябе патрыётамі Беларусі, любоў да Радзімы яны адчуваюць, проста трошкі па-рознаму».

Стаўленне да пэўных чыннікаў, якія вызначаюць нацыянальную ідэнтычнасць на меркаванне рэспандэнтаў даследавання, таксама адрозніваецца. Вось, напрыклад, што для розных груп уяўляе такі складнік, як беларуская мова.

«Беларуская мова з’яўляецца важным элементам ідэнтычнасці для двух сегментаў. Больш за ўсіх для свядомых і трошкі менш для савецкіх. Тут цікава на самой справе. Вось чаму я кажу, што савецкія гэта не абавязкова так дужа кепска. Людзі, якія бліжэй да савецкага праекта, гэта людзі, на якіх быў скіраваны беларускі лукашэнкаўскі наратыў чвэрць стагоддзя. І неяк атрымалася выбудаваць яго так, што гэтыя людзі лічаць беларускую культуру чымсьці важным для сябе. Нягледзячы на тое, што адчуваюць еднасць з савецкім у мінулым, і з Расіяй цяпер большую чым з Захадам, беларускае для іх таксама важнае. І на прыкладзе мовы гэта бачна. Бо ў нас ёсць тыя, хто фармуецца, і ёсць прыклад людзей, для якіх беларуская мова – суперняважны элемент ідэнтычнасці, гэта абыякавыя і русіфікаваныя. Ну і бачым таксама, што веданне па сегментах таксама адрознае».

Дастаткова цікавая трансфармацыя зараз канстатавалася адносна такога чынніка, як касмапалітызм, калі чалавек адчувае сябе грамадзянінам свету. Вось, што паказала сёлетняе даследаванне:

«Свядомым больш уласцівы той касмапалітызм, пра які мы казалі раней. Чаму мы касмапалітычны фактар пераіменавалі ў нацыянальна індэферэнтны, таму што вось жыхар свету, жыхар Еўропы, ідэнтыфікацыя з чымсьці больш вялікім, чым ты сам – гэта рысы касмапалітызму, і гэта больш уласціва сегменту свядомых. Тут мы бачым, што сегмент абыякавых часцей за іншых ідэнтыфікуецца як жыхар сваёй вобласці, свайго раёна. Савецкія кажуць, што яны жыхары Беларусі часцей, у іх гэты касмапалітызм і прыналежнасць да Еўропы і да свету менш выразныя, таму што іх наратыў супрацьпастаўляе Беларусь і Расію Еўропе і Захаду наогул».

У той жа час, сярод савецкіх і русіфікаваных пануе наратыў пра так званае трыадзінства славянаў, да якіх яны адносяць толькі славянскія народы былога СССР.

«Свядомыя часцей асацыююць сябе як беларусаў, як асобны народ з уласнай гісторыяй, уласнай культурай. А савецкія і русіфікаваныя – часцей кажуць пра тое, што беларусы, рускія і ўкраінцы – частка трыадзінай славянскай нацыі. І гэты наратыў – такі званочак, што стаўленне да Расіі мае пэўны ўплыў на беларускія нацыянальныя наратывы нават сярод савецкіх».

Вядома ж, светапоглядная карціна шмат у чым залежыць ад медыяспажывання. І тут даследаванне паказала такія вынікі:

«Мы падзялілі грамадства на 4 сегменты: актыўная аўдыторыя абодвух тыпаў медыя, актыўная аўдыторыя дзяржаўных, актыўная аўдыторыя недзяржаўных і неактыўная аўдыторыя. Актыўная аўдыторыя недзяржаўных складае аснову свядомых. Актыўная аўдыторыя дзяржаўных – не такі вялікі адсотак, але ўсё ж, значна больш, чым у свядомых – гэта савецкія і абыякавыя, тыя, што фармуюцца – тут размеркаванне прыблізна роўнае, і русіфікаваныя, падобна як савецкія, глядзяць дзяржаўныя медыя. Але, калі мы паглядзім на Топ-5, мы бачым, што значная частка беларускага грамадства знаходзіцца ці ў беларускай дзяржаўнай ці наўпрост у расійскай інфармацыйнай прасторы. Вось, напрыклад, НТВ-Беларусь дужа папулярны канал. Мы бачым, што свядомыя чытаюць інтэрнэт-медыя і нават Белсат глядзяць».

Адпаведна гэтаму складаецца і стаўленне рэспандэнтаў да ўлады, якая зараз дэ-факта кіруе Беларуссю.

«Мы дзелім грамадства на 4 групы паводле ўзроўню даверу ці недаверу да дзяржаўных інстытутаў і людзей, якія дзяржаву рэпрэзентуюць і паводле даверу-недаверу да тых, хто з дзяржавай змагаецца, напрыклад, незалежныя медыя, ці людзі, якіх можна назваць палітвязнямі, ці людзі, якія з’ехалі за мяжу праз рэпрэсіі. Аналіз адказаў на такія пытанні пра давер-недавер, дае нам такія сегменты – зацятыя праціўнікі рэжыма, хутчэй праціўнікі рэжыма, хутчэй прыхільнікі рэжыма і зацятыя прыхільнікі рэжыма. І мы бачым, што канфлікт сацыяльны значна звязаны з ідэнтычнасным выбарам, з прыналежнасцю да таго ці іншага нацыянальнага праекта. Мы бачым, што касцяк зацятых праціўнікаў складае сегмент свядомых, касцяк зацятых прыхільнікаў складае сегмент савецкіх. Трэба таксама сказаць, што савецкія ёсць і там, і там. Нават «хутчэй праціўнікі» – тут даволі шмат – амаль 20%. Не трэба думаць, што ўсе гэтыя людзі зʼяўляюцца прыхільнікамі Лукашэнкі. Так, значна больш імавернасць, што яны будуць хутчэй прыхільнікамі рэжыму, але ці яны зацятыя ці не – ну вось тут 42% – не зацятыя, хутчэй прыхільнікі. Тыя, хто фармуюцца, складаюць у нас вялікі блок з тых, хто хутчэй праціўнікі».

Падводзячы да вынікаў Філіп Беканаў сказаў пра тое, што дзяржава спрыяе таму ідэнтычнаснаму расколу, які назіраецца зараз у беларускім грамадстве.

«Ідэнтычнасны гэты раскол звязаны са сферай палітычнага. У нас існуе канфлікт і дзяржава праз гэты канфлікт выключае з сябе менавіта свядомых. Яна робіць усё, каб гэтым людзям было жыць у Беларусі цяжэй. Гэта і рэпрэсіі, гэта і забарона ўсяго таго, што ім блізка ў нацыянальным сэнсе. На мой погляд, сутнасць гэтага канфлікта палягае ў тым, што два гэтыя нацпраекты – савецкі і нацыянальна-рамантычны бачаць Беларусь па-рознаму. І зараз дзяржава не спрабуе неяк выбудаваць баланс паміж імі. Дзяржава проста падтрымлівае адзін праект і б’е нагамі іншы праект і яго прыхільнікаў. І корань гэтага сацыяльнага канфлікту палягае ў тым, што адны хочуць гэтую сістэму змяніць, а іншыя такой трансфармацыі не хочуць, таму што яны любяць краіну, у якой яны жывуць, і думаюць, што іншая краіна будзе для іх горш».

Увогуле, на думку аўтара, выказаную ў якасці высновы даследавання, яно паказала, што сітуацыя, якая склалася ў беларускім грамадстве цяпер, ставіць вельмі значны выклік.

«Як мы са ўсяго гэтага будзем выходзіць, нават, калі Лукашэнка заўтра знікне? Людзі, якія любяць Беларусь, у якой яны жылі больш за 25 год – іх даволі шмат. Нават, калі заўтра да ўлады прыйдзе Святлана Ціханоўская, выклікі будуць даволі значнымі, у тым каб зрабіць Беларусь домам для ўсіх, нават тых, хто адзін аднаму не падабаецца».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.