Акцыя стартавала 3 траўня, у Міжнародны дзень свабоды друку. Як раз падаспеў новы рэйтынг свабоды прэсы ад «Рэпарцёраў без межаў», дзе наша краіна апусцілася яшчэ на тры пазіцыі і займае зараз 157-ае месца, побач з Палесцінай і Нікарагуа. Акрамя таго Беларусь прызнана самай небяспечнай краінай для прэсы ў Еўропе. Для таго, каб гэта зразумець варта пагаварыць з любым беларускім журналістам, які за апошнія два гады фактычна атрымаў забарону на прафесію ўнутры краіны, быў вымушаны з’ехаць і зараз працягвае сваю працу з-за мяжы. Па словах старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца «зачыстка» беларускай медыяпрасторы працягваецца і да гэтага часу.
«Зразумела, што любы аўтарытарны рэжым спрабуе кантраляваць распаўсюд інфармацыі, і зразумела, што журналісты, якія распавядалі пра тое, што адбываецца ў краіне, яны трапляюць пад гэты пераслед. Нягледзячы на тое, што тры гады прайшло, як скончыліся пратэсты, ціск працягваецца, варта толькі паглядзець на тэрміны, якія даюць тым, хто трапляе за краты».

Зараз за кратамі знаходзіцца 33 беларускія журналісты. З іх партрэтамі беларускія і літоўскія журналісты прыйшлі да знакамітага вільнюскага помніка «Першыя ластаўкі», які якраз сімвалізуе прагу да свабоды. А пасля журналісты выстраіліся ў літары S.O.S. і падалі сігнал міжнароднай супольнасці, што калег з Беларусі трэба тэрмінова ратаваць. Cтаршыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус заклікае далучацца да акцыі журналістаў па ўсім свеце.
«Мяне таксама судзілі, але, канешне, якія б у Літве ні былі суды, яны не настолькі страшныя як зараз рэжым у Беларусі. Там калегі рэальна ахвяруюць кожны дзень усім, што яны маюць. Мы павінны пасылаць весткі ўсяму свету, які за свабоду. Знак S.O.S. ведаюць усе, і гэта не проста просьба аб дапамозе, гэта заклік да тэрміновага ратавання, таму што людзі могуць загінуць. І мы павінны зрабіць усё магчымае, каб гэтага не здарылася. Еўрапейская федэрацыя журналістаў пачынае акцыю па ўсёй Еўропе, мы пачалі ў Вільні. Спадзяемся, што іншыя еўрапейскія краіны да нас далучацца, і інфармацыя пра тое, колькі беларускіх журналістаў зараз у турмах, будзе агучана па ўсёй Еўропе і па ўсім свеце».


Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.