«Беларускі змагар за свабоду і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру»: на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта адбылася сустрэча, прысвечаная жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага. У імпрэзе прыняла ўдзел яго жонка Наталля Пінчук. Да падзеі, якая адбывалася ў адной з самых вялікіх аўдыторый факультэта прыкладной лінгвістыкі, далучылася каля сотні слухачоў − навукоўцаў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, палітыкаў, грамадзянскіх актывістаў, журналістаў і студэнтаў.
У 2021 годзе рэжым Лукашэнкі асудзіў беларускага праваабарноцу Алеся Бяляцкага на 10 гадоў пазбаўлення волі. Кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» быў удастоены Нобелеўскай узнагароды, калі ўжо знаходзіўся за кратамі. Прэмію ў Осла атрымлівала яго жонка Наталля Пінчук. У Варшаве яна знаходзіцца ў межах тыдняў салідарнасці з Алесем Бяляцкім.
− Пытанне вельмі складанае. Місія даецца нам зверху. А мой абавязак − гэта важнасць змагання за тое, каб у нас не было зняволеных, каб не было перапоўненых камер, каб гэта ўсё было як мага хутчэй у мінулым.
− Магчыма, ёсць нейкія словы, якія вы заўсёды казалі адно аднаму? Як трымаецеся ў цяжкія хвіліны?
− «Не бойся». Гэтая фраза гучала ў нас лейтматывам нават па нязначных момантах.
− Мы знаходзімся ва ўніверсітэце, дзе шмат маладых людзей. Што б Вы маглі ім параіць?
− Галоўнае па жыцці − гэта цікаўнасць да ўсяго і імкненне сябе развіваць ды ўдасканальваць. І каб гэта імкненне прыносіла не толькі задавальненне, а і карысць іншым. Тады ўсё будзе мець сэнс.
Ідэя сустрэчы з Наталляй Пінчук ва ўніверсітэцкім асяродку налажала загадчыку кафедры беларусістыкі Радаславу Калеце. Прафесар адзначыў, што спатканне было скіраванае не толькі на тое, каб распавесці пра Алеся Бяляцкага ў кантэксце сённяшнай палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Хацелася звярнуць увагу і на іншы бок жыцця праваабаронцы.
− Мы хацелі паказаць дзейнасць Алеся Бяляцкага ў галіне літаратуры. Распавесці польскай аўдыторыі, навукоўцам, акадэмічнаму асяроддзю, што Алесь Бяляцкі з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, быў аспірантам Інстытута літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, але адмовіўся ад абароны ад сваёй дысертацыі і выдаў яе як манаграфію «Літаратура і нацыя». З гэтай нагоды мы запрасілі спецыялістаў, якія распавядалі пра яго творы, — падводзіў вынікі сустрэчы Радаслаў Калета.
Канферэнцыя з удзелам Наталлі Пінчук доўжылася амаль 3 гадзіны. Імпрэзу адкрыў рэктар Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Алаізій Новак. Ён звярнуўся да беларускіх студэнтаў і запэўніў, што Універсітэт заўсёды будзе для іх адкрыты і беларусы могуць лічыць яго сваім.
Распавядалі пра Алеся Бяляцкага і сваё сяброўства з ім Яўген Вапа і Вінцук Вячорка. Журналіст Радыё Свабода Валер Каліноўскі, які з’яўляецца аўтарам кніг пра Бяляцкага, падзяліўся малавядомымі фактамі з жыцця праваабаронцы. Паказалі ў Варшаўскім універсітэце і запіс выступу, які Алесь Бяляцкі зрабіў яшчэ на волі ў 2021 годзе.
Галоўная госця спаткання − жонка нобелеўскага лаўрэата Наталля Пінчук − у сваёй вельмі кранальнай прамове, якая суправаджалася польскім перакладам, распавяла пра жахлівыя выракі, прыгадала сустрэчу з мужам перад паездкай у Осла і кранула самыя балючыя сёння для беларусага грамадства пытанні. «Алесь з іншымі палітвязнямі і Беларусь у цэлым абавязкова будзем вольнымі. Але дзеля гэтага трэба прайсці гэты ахвярны час», − завяршыла сваё выступленне спадарыня Наталля, пасля чаго адказала на пытанні.
Яны датычылі і асабістага жыцця, і здароўя Алеся Бяляцкага, у якога цяпер вельмі моцна пагоршыўся зрок. Пыталіся і пра тое, як і чым можна падтрымаць праваабаронцу.
− Лісты да Алеся не даходзяць, ліставанне з ім немагчымае. Але пісаць можна іншым, − раіла спадарыня Наталля. А вось паспрабаваць адправіць пасылку можна. Нават з Польшчы.
Дыскусійнай часткай спаткання стала размова пра сучасную польскую перспектыву беларускіх падзей. Разважалі дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Ян Маліцкі, рэдактар «Палітычнай крытыкі» Славамір Серакоўскі, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі і кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч.
Сустрэча ў Варшаўскім універсітэце завяршылася прамовай ксяндза Вячаслава Барка. Ён распавёў пра заангажаванне Алеся Бяляцкага ў веру і хрысціянства, а потым памаліўся за ўсіх, хто загінуў у Беларусі падчас пратэстаў і тых, хто знаходзіцца сёння ў турме.
Comments are closed.