12 студзеня нарадзіўся Уладзімір Мулявін. Напэўна, гэта самы вядомы беларускі музыкант 20 стагоддзя. Яго «Песняры» сталі легендай нашай музыкі. Знакамітае ВІА падымала стадыёны і выдавала мільённыя наклады сваіх кружэлак. Калі ж «Песняры» даехалі з гастролямі да Амерыкі, Джон Ленан сказаў: «Гэта лепшае, што я ўвогуле чуў».
Музыкі гіпнатызавалі ўнікальнымі тэмбрамі, непаўторным шматгалоссем і неверагоднай прыгажосці мелодыямі, многія з якіх напісаў Уладзімір Мулявін. З нагоды памятнай даты прыгадваем топ-5 песень яго аўтарства.
1. Александрына
Музыка У. Мулявіна, словы П. Броўкі.
Першая песня Уладзіміра Мулявіна. Ён напісаў яе літаральна за ноч – для Леаніда Барткевіча. Кажуць, на адным з канцэртаў кранальную гісторыю кахання пачуў Машэраў і адразу загадаў прысвоіць усім, хто спяваў «Александрыну», званні заслужаных, а Мулявіну даць народнага артыста.
2. Чырвоная ружа
Музыка У. Мулявіна, словы народныя.
Тэкст песні Мулявін знайшоў у старым сярэднявечным зборніку, які яму падарылі ў Нью-Ёрку беларускія эмігранты. Кажуць, па дарозе з амерыканскіх гастроляў у самалёце ён гартаў старонкі і, магчыма, ужо тады нараджалася мелодыя да знакамітага: «За што, за што такое дзіва? За тое, за тое, як ты красіва!».
3. Калядачкі
Музыка У. Мулявіна, словы народныя.
Песня – на народныя словы, а вось аўтарам музыкі ва ўсіх крыніцах пазначаны Уладзімір Мулявін. Музыкант, дарэчы, быў вельмі патрабавальны да сябе. Калі публіка новую песню сустракала млява, пасля выступлення Мулявін знішчаў ноты і кампазіцыя больш ніколі не гучала. «Калядачкі», па ўсім, спадабаліся слухачам адразу.
4. Завушніцы
Музыка У. Мулявіна, словы М. Танка.
Уладзімір Мулявін быў не толькі таленавітым кампазітарам, а і ўнікальным вакалістам. Непаўторным можна назваць, напрыклад, выкананне ім песні «Завушнiцы». Музыку да верша Максіма Танка Мулявін напісаў у 1974 годзе.
5. Марыся
Музыка У. Мулявіна, словы Я. Купалы.
Уладзімір Мулявін нярэдка казаў у інтэрв’ю, што Янка Купала стаў яго любімым аўтарам. На купалаўскія вершы ён напісаў рок-оперы «Песня пра долю», «Гусляр» – паэзія Янкі Купалы. «Марыся» ж стала маленькім шэдэўрам. Празрыстая аранжыроўка, той самы песняроўскі мелас і непаўторнае шматгалоссе.
Аўдыёверсію падкаста «Топ-5» слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.