Loading

700 гадоў таму ў лісце вялікага князя літоўскага Гедыміна ўпершыню была згаданая Вільня. Для беларусаў – горад родны і амаль што свой. З Вільняй сваім жыццём і творчасцю былі звязаныя і Францішак Скарына, і Адам Міцкевіч, і Кастусь Каліноўскі, і Янка Купала, і многія іншыя нашыя славутыя землякі. Што памятаюць пра іх віленскія вулачкі і будынкі? Беларускімі адрасамі колішняй сталіцы ВКЛ мы сёння пройдземся з журналістам і гісторыкам Віктарам Корбутам.
1. Дом, дзе выдалі статут
Didžioji gatvė, 19 і 19а

Ну вуліцы Вялікай сёння стаіць дом, збудаваны аж у канцы XVI стагоддзя. Ёсць меркаванне, што належаў ён тады купцам Мамонічам. Яны адкрылі тут друкарню, дзе сярод іншага быў выдадзены трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага. А ў 1990 годзе на будынку ўсталявалі мемарыяльную шыльду з надпісам: «З 1522 да 1525 году тут, у горадзе Вільні, беларускі асьветнік Францішак Скарына выдаў у Вялікім Княстве Літоўскім першыя друкаваныя кнігі». Хаця цяпер ужо вядомы гістарычны факт: друкарня Скарыны сапраўды знаходзілася блізка Ратушы, але, натуральна, не ў гэтым доме.

Крыніца: lndm.lt
2. Апошні адрас Уладзіслава Сыркомлі
Barboros Radvilaitės, 3

На вуліцы Барбары Радзівіл стаіць дом, у якім Уладзіслаў Сыракомля правёў апошнія дзесяць гадоў свайго жыцця.

У 1930-ыя ў гэтым будынку XVI стагоддзя знаходзіўся Беларускі кааператыўны банк, дзейнічала Беларускае кааператыўнае таварыства «Пчала», працавала рэдакцыя часопіса «Беларуская борць». Яго выдаўцом, дарэчы, была Людвіка Войцік (Зоська Верас). Пазней яна вельмі рупліва захоўвала памяць аб беларускай Вільні.

Крыніца: vilnius21.lt

3. Палац Тышкевічаў і суд, у якім працаваў Францішак Багушэвіч
Trakų gatvė, 1

З 1792 па 1863 гаспадарамі гэтага будынку на вуліцы Троцкай былі знакамітыя графы Тышкевічы. Іх радавы герб «Ляліва» і да сёння аздабляе вытанчаны франтон дома. Фасад адметны і балконам са скульптурамі двух атлантаў работы Франчэска Андрыёлі і Юзафа Казлоўскага. Яўстах Тышкевіч захоўваў тут ка­лек­цыі бу­ду­ча­га Ві­лен­ска­га му­зея ста­ра­жыт­на­сцяў.

У другой палове ХІХ ст. на Троцкай знаходзіўся суд, дзе працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч. Пазней жа ў колішнім палацы размяшчалася рэдакцыя беларускай газеты «Наша ніва». З 1907 па 1908 на працу сюды прыходзілі Аляксандр Уласаў, Антон Луцкевіч і Якуб Колас.

4. «Наша ніва» і Купала
Vilniaus gatvė, 14

Дом, у якім з 1913 па 1915 знаходзілася рэдакцыя беларускай газеты «Наша ніва». Яе галоўны рэдактар Янка Купала на Віленскай не толькі працаваў, але і жыў. Месцілася тут і рэдакцыя часопіса «Саха», які выдаваўся ў 1913 годзе.

Напачатку мінулага стагоддзя па гэтым адрасе працавала нямала вядомых беларусаў. Напрыклад, Змтірок Бядуля, Вацлаў Ластоўскі або Язэп Драздовіч.

Крыніца: nuotraukos.vilnius21.lt
5. Кляштар, турма для філаматаў і беларуская гімназія
Aušros Vartų, 7а

Колішні кляштар базылян і базылянак быў пабудаваны на вуліцы Вострабрамскай напачатку XVII стагоддзя. Потым расійскія ўлады зрабілі з «базылянскіх муроў» турму, дзе ў 1823 годзе сядзелі нашыя землякі Адам Міцкевіч і Ігнацы Дамейка.

А вось напрыканцы 1920-х на Вострабрамскай фарміруецца сапраўдны беларускі асяродак. Адкрываецца Віленская беларуская гімназія і Беларускі музей, працуе Віленская Беларуская рада і Беларускае навуковае таварыства, у 1919 годзе знаходзіцца рэдакцыя газеты «Беларуская думка». Тады тут можна было сустрэць і Гарэцкага, і Тарашкевіча, і Луцкевіча, і Арсенневу, і многіх іншых славутых беларусаў. Можна толькі ўявіць, якая гэта была атмасфера!

Крыніца: facebook.com/lutskevichmuseum

Аўдыёверсію падкаста Топ-5 з Віктарам Корбутам слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.