26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС адбылася адна з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва. У нашым топ-5 згадваем мастацкія творы, аўтары якіх з розных ракурсаў асэнсоўваюць гэтую трагічную падзею.
1. Дакументальны фільм Віктара Корзуна «Верыць толькі ветру. Чарнобыль, 20 год пасьля»
Героямі стужкі сталі прафесар Іван Нікітчанка і звычайная дазыметрыстка з Брагіншчыны Настасся Пятроўна.
«Мы ўзялі правадніка-сталкера, паехалі спачатку ў трыццацікіламетровую, пасля ў дзесяцікіламетровую зону, знялі рэальнае жыццё з успамінамі, з разважаннямі нашых герояў. Калісці я выснаваў для сябе: самае страшнае ў «зоне» − гэта тое, што сапраўды ніхто рэальна не ведае, што там насамрэч адбываецца», − распавядаў Віктар Корзун у адным са сваіх інтэрв’ю.
У 2008 годзе стужка «Верыць толькі ветру» атрымала першы прыз на Міжнародным фестывалі экалагічнага кіно ў Фінляндыі.
2. Кніга Рыгора Барадуліна «Быць! = To Be!»
Двухмоўнае выданне, у якім вершы народнага паэта надрукаваныя па-беларуску і па-англійску.
«Сваімі шчымлівымі, пранікнёнымі, балючымі вершамі пра Чарнобыль Рыгор Барадулін гоіць раны, душы, папярэджвае, засцерагае ад новых памылак, якія могуць абярнуцца сусветнай катастрофай», − чытаем у прадмове да выдання, што ўбачыла свет у 2006 годзе.
Паэт верыць у чалавечы розум, верыць у будучыню. І на вечнае гамлетаўскае пытанне: «Быць ці не быць», − адказвае: − «Быць!».
3. «Ваўчыная яма» Васіля Быкава
У народнага пісьменніка Беларусі атрымалася стварыць бліскучую метафару зоны як такой. Галоўныя героі твора − саладат-дызерцір і стары алкаголік. Наўрад ці яны меркавалі, што калі-небудзь іх апошнім прытулкам стане забруджаная зона.
«Стала чамусьці цёмна. Можа, настала ноч? Значыць, ён так і не дапяў да выратоўчага броду, ня выбраўся з гібельнай ямы. Цемра навалілася на лес, на салдата, і ён ужо не разумеў, у які бок ісьці. І ці ісьці наогул? Сілы ў яго не было нават устаць».
4. Цыкл манументальных палотнаў «Чорная быль» Міхаіла Савіцкага
Над сваёй «Чорнай быллю» мастак пачаў працаваць амаль адразу пасля трагедыі − у 1987 годзе. За пяць гадоў Савіцкім было створана 11 карцін. Цыкл стаў сапраўдным помнікам усім, хто загінуў і пацярпеў ад чарнобыльскай трагедыі.
5. «In the shadow of silence» Вольгі Падгайскай
Прыклад музычнага пераасэнсавання трагічнай падзеі. Свой твор Вольга Падгайская напісала паводле «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч. Прэм’ера «У цені маўчання» адбылася на 30-годдзе катастрофы ў Чырвоным касцёле ў Мінску.
Comments are closed.