Што пачытаць, куды схадзіць, дзе адпачыць і да каго прыслухацца: кожны тыдзень у падкасце Топ-5 мы збіраем для вас пяцёрку самага-самага. І сёння распавядзем пра калядныя традыцыі нашых продкаў.
1. Ад цемры да святла і адраджэння
У дахрысціянскія часы Каляды адзначаліся не паводле каляндарнай даты, а найперш былі звязаныя з наймагутнейшай прыроднай з’явай − сонцастаяннем. Менавіта пасля сонцавароту, меркавалі нашыя продкі, і пачынаўся новы жыццёвы цыкл. Прырода, а разам з ёй і чалавек, перажывалі важны пераход ад цемры да святла і адраджэння. Для нашых продкаў гэта свята заўсёды было радасным, велічным і аптымістычным. Прыходзіла сонца, а разам з ім і сонечныя надзеі, новыя планы і чаканні.
2. Чысціня духоўная і фізічная
Перад святам заўсёды прыбіраліся ў хаце. Сустракаць Каляды належыла чыстымі і фізічна, і духоўна: святу папярэднічаў строгі шасцітыднёвы пост, падчас якога людзі прытрымліваліся шматлікіх абмежаванняў. Моладзі і дзецям, напрыклад, забаранялася гуляць у вясёлыя і шумныя гульні. Таму свята чакалі з нецярплівасцю. Што тычыцца чысціні фізічнай − перад Калядамі заўсёды шылі новую вопратку або апраналіся ў лепшае, што было, абавязкова схадзіўшы напярэдадні ў лазню.
3. Святы вечар
Усё пачыналася з першай зоркай на небе. Гаспадар чытаў малітву, ставіў свечку ў чырвоны кут і сядаў за стол. Першую лыжку куцці, якая абавязкова была на каляднай вячэры, заўсёды клаў на падваконне − гэта была даніна продкам. Першы дзень Каляд лічыўся выключна сямейным святам. Народ верыў: калі мы ўсе будзем разам за святым сталом − застанемся жыць разам і на ўвесь астатні год.
4. Калядаванне
Лічылася, што толькі весялосць і шумлівыя гулянні могуць у гэтыя містычныя дні напалохаць нячысцікаў. Моладзь збіралася разам і хадзіла па хатах у строях татэмных жывёл. Бусел, напрыклад, лічыўся талісманам удачы і ладу, а каза была сімвалам дастатку і багацця. Калядоўшчыкі спыняліся ў вёсцы ля кожнага двара і гаспадар абавязкова запрашаў іх у хату. Інакш, верылі людзі, не будзе шчасця і дабарбыту. Калядоўшчыкі спявалі, танцавалі, ладзілі імправізаваныя сцэнкі, а на развітанне жадалі гаспадарам шчасця і дабрабыту.
5. Варажба
Варажба была абавязковым атрыбутам калядных свят. Варажылі пераважна маладыя дзяўчаты − на суджанага. Самы вядомы спосаб − кінуць боцік з левай нагі праз правае плячо. У які бок глядзеў насок, адтуль і павінен быў прыйсці жаніх.
Падрабязней у плэеры ніжэй.
Comments are closed.