Loading

У нашай чарговай падборцы мы прыгадалі імёны пяці беларускіх аўтараў, якія на нашых вачах ствараюць сёння сучасную беларускую акадэмічную музыку.

1. Вячаслаў Кузняцоў

Шырокаму слухачу ён вядомы па балетах «Вітаўт» і «Анастасія», якія ідуць у Вялікім тэатры Беларусі. Вячаслаў Кузняцоў жыве і працуе ў Мінску, з’яўляецца прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Піша оперы, балеты, сімфанічныя, камерныя і інструментальныя творы. Актыўна звяртаецца да жанру харавой музыкі. На стварэнне партытур натхняецца сюжэтамі сусветнай літаратуры і беларускім меласам. «Мне вельмі блізкі менавіта беларускі фальклор, – прызнаваўся кампазітар у адным са сваіх інтэрвʼю. – Ёсць адчуванне, што карані маіх продкаў сыходзяць у Вялікае княства Літоўскае».

2. Галіна Гарэлава

Яе іграюць таленавітыя салісты і вядомыя аркестры. Партытуры Гарэлавай гучаць на міжнародных фестывалях і канцэртах. Яна плённа і яскрава працуе ў самых розных жанрах. У творчым спісе, напрыклад, аж дзевяць канцэртаў для розных інструментаў! Ёсць вакальныя цыклы, ёсць камерныя творы, шматлікія п’есы для духавых інструментаў і фартэпіяна, найцікавейшыя творы для ўдарных. Галіна Гарэлава жыве і працуе ў Мінску, загадвае кафедрай кампазіцыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

3. Аляксандр Літвіноўскі

Яшчэ адзін прадстаўнік старэйшага пакалення сучасных беларускіх кампазітараў, яго творы неаднойчы гучалі ў самых розных краінах свету. Цягам творчага жыцця меў цікавыя творчыя запрашэнні, затрымліваўся на доўгі час у Польшчы, Амерыцы і іншых краінах. Цяпер Аляксандр Літвіноўскі жыве і працуе ў Мінску, яго голас можна пачуць на Радыё Культура, дзе ён вядзе музычныя праграмы.

Кампазітар працуе ў самых розных жанрах: ад камернай, харавой, сімфанічнай, сцэнічнай музыкі да электраакустычнага мастацтва. Крэатыўная канцэпцыя: ад традыцыі да авангарду. За апошнім часам аўтар піша шмат тэатральнай музыкі, паводле якой потым стварае прыгожыя сюіты.

4. Канстанцін Яськоў

Музычны шлях пачынаў як піяніст. Кампазіцыяй захапіўся ў Гарадзенскім музычным каледжы, а вось Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі скончыў ужо як дырыжор і кампазітар, абараніўшы пасля гэтага яшчэ і дысертацыю. У біяграфіі Яськова нямала зорных старонак. Гэта і сусветныя прэм’еры на знакавых сцэнах, і замовы слынных беларускіх калектываў, але самае галоўнае – калекцыя прыгожых твораў, часта інспіраваных беларускім фальклорам. Акрамя таго, Яськоў яшчэ і таленавіты аранжыроўшчык. У 2020 годзе ён зрабіў апрацоўку знакамітай «Пагоні»: гэта з яго лёгкай рукі легендарны твор упершыню загучаў «пад аркестр». Дадаў Канстанцін Яськоў новых фарбаў і духоўнаму гімну беларусаў «Магутны Божа». Цяпер кампазітар жыве і працуе ў Польшчы.

5. Вольга Падгайская

Кампазітарка, арганістка і адна з заснавальніц фестывалю «Кінемо». У 2005 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе кампазіцыі, а з асістэнтуры-стажыроўкі выпусцілася як арганістка. Жыве і працуе ў Польшчы.

Вольга падкрэслівае, што не піша суперсучасны авангард: маўляў, не яе. Але ёсць свой стыль, свая мелодыя – якая, як прызнавалася кампазітарка ў адным са сваіх інтэрв’ю, нараджаецца часам з позірка, з думкі, з цікавай сустрэчы. Яна піша пераважна сімфанічныя і камерныя творы, стварае і музыку да спектакляў. У эміграцыі, напрыклад, актыўна супрацоўнічае з тэатральным рэжысёрам Юрам Дзіваковым. За мяжой пасля 2020 года адбылося нямала яе прэмʼер – гэта і «Эмацыйныя опера», і містэрыя «Бег Зямлі», і твор-прысвячэнне Марыі Калеснікавай «Неба Марыі», і іншыя цікавыя кампазіцыі.

Comments are closed.