Loading

Сабралі для вас пяцёрку нашай класікі. Слухайце, натхняйцеся і пішыце ў каментарах свае музычныя прапановы.

У 1963 годзе знакаміты беларускі даследчык Адам Мальдзіс падчас сваёй працы ў сховішчах Ягелонскай бібліятэкі звярнуў увагу на ўніяцкі трэбнік: яго вокладка была незвычайна пухлая. Аказался, што ў сярэдзіне быў прыхаваны сшытак з нотамі. І ў гісторыю сусветнай музыкі ён увайшоў пад назвай «Полацкі сшытак». Невядомы аўтар занатаваў туды папулярныя ў 17-18 стагоддзях танцы і канцоны. Гэта ў добрым сэнсе збор самай выдатнай тагачаснай «папсы».

 

Яўген Глебаў працаваў у самых розных жанрах. Сімфоніі, балеты, камерныя творы, а яшчэ – кінамузыка: доўгія гады кампазітар супрацоўнічаў з «Беларусьфільмам». Вось і знакамітая тэма Adagio з балета «Маленькі прынц» упершыню прагучала не са сцэны, а на экране – у фільме Валерыя Рубінчыка «Дзікае паляванне караля Стаха».

 

Доўгі час навукоўцы меркавалі, што свой знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай» Міхал Клеафас Агінскі напісаў ў Залессі, у радавым маёнтку на Смаргоншчыне. Там Агінскі правёў 20 гадоў свайго жыцця, другі раз ажаніўся, аднавіў гаспадарку свайго дзядзькі і распачаў такую культурніцкую дзейнасць, што неўзабаве Залессе сталі называць Паўночнымі Афінамі! Аднак у 1822 годзе наш герой выязджае ў Італію. Сэрца не магло не падказваць: гэта назаўсёды. Знакамітае «Развітанне з Радзімай» нарадзілася ўжо там, у Фларэнцыі – як рэакцыя на задушанае паўстанне 1830-1831 гг. У гэтым паланэзе ёсць усё – і ўспаміны пра дзяцінства, і рэха змагання, і нясцерпны боль страты. Фантастычна пранікнёная тэма, якую ведаюць па ўсім свеце.

 

Станіславу Манюшку было наканавана стаць адным з самых вядомых беларусаў і адначасова сусветна знакамітым класікам польскай оперы. Аўтар шматлікіх камерных твораў, опер і балетаў нарадзіўся 5 мая 1819 года ў фальварку Убель. Дзіцячыя ўспаміны потым увасобяцца ў шматлікіх творах – напрыклад, у оперы «Страшны двор». Першыя музычныя крокі Манюшка рабіў у Мінску, там браў урокі, пісаў свае першыя творы. Пазней кампазітар працаваў у Вільні, а потым пераехаў у Варшаву, дзе і атрымаў сусветную вядомасць.

 

Міхал Ельскі: калісьці вядомы на ўсю Еўропу скрыпач-віртуоз. А яшчэ – кампазітар, музычны крытык, грамадскі дзеяч. Ураджэнец вёскі Дудзічы выступаў з канцэртамі ў Парыжы, Франкфурце-на-Майне, Берліне, Мюнхене, Кракаве, Уроцлаве. Кажуць, што рэпертуар Ельскага складаўася з найбольш знакамітых скрыпічных твораў Баха, Паганіні, В’ётана. Іграў выканаўца і ўласныя опусы. Яго кампазітарская спадчына – каля 100 твораў, але самы папулярны і вядомы – Танец смерці для скрыпкі і фартэпіяна.

 

Comments are closed.