На платформе Change.org з’явілася петыцыя, складзеная прадстаўнікамі ўраду незалежнага Татарстану ў выгнанні. У ёй татары просяць Уладзіміра Зяленскага, каб Україна прызнала незалежнасць Татарстану.
Права Татарстану на незалежнасць абгрунтоўваецца вынікамі рэферэндума, які 21 сакавіка 1992 года праводзіўся ў былой аўтаномнай рэспубліцы Расійскай савецкай федэратыўнай сацыялістычнай рэспублікі, якая з’яўлялася суб’ектам СССР. У ім узялі ўдзел амаль 82% жыхароў Татарстану, з іх 61,4% падтрымалі прапанову аб тым, каб Рэспубліка Татарстан была сувярэннай дзяржавай і суб’ектам міжнароднага права, а з Расійскай Федэрацыяй выбудоўвала двухбаковыя адносіны, як і з іншымі краінамі.
У петыцыі мабілізацыя татараў на вайну супраць Украіны называецца знішчэннем татарскага народу. І прызнанне суверэнітэту Татарстану, на думку аўтараў петыцыі, паспрыяе «недапушчэнню і асуджэнню чарговай спробы генацыду і поўнага знішчэння татарскага этнасу на гістарычнай тэрыторыі свайго зараджэння ды існавання са старажытных часоў».
У сваю чаргу аўтар петыцыі, намеснік прэм’ер-міністра Татарстана ў выгнанні Рафіс Кашапаў у інтэрв’ю выданню Qirim.news звяртае ўвагу на тое, што акрамя фізічнага знішчэння мужчынскага татарскага насельніцтва ў вайне супраць Украіны, Расія ажыццявіла і працягвае праводзіць палітыку русіфікацыі: «У сферы адукацыі ўжо амаль не вывучаецца татарская мова, а ў тых нешматлікіх татарскіх гімназіях і школах [дзе вывучаецца] дзеці размаўляюць на расійскай мове». Рафіс Кашапаў выказаў удзячнасць украінцам і Узброеным Сілам Украіны за тое, што яны спынілі імперскія замашкі Расіі ва Украіне і даюць жорсткі адпор акупантам. Ён назваў гэта шанцам для казанскіх татар, народаў Ідэль-Урала, Сібіры і Каўказу дамагчыся незалежнасці, калі «Расія стала на калені».
Тым часам 9 лістапада некалькі дэпутатаў ад фракцый «Слуга народу» і «Голас» унеслі ў Вярхоўную Раду праект пастановы аб прызнанні незалежнасці Татарстану. У Расіі гэта назвалі правакацыяй і ў чарговы раз заклікалі знішчыць Украіну.
Comments are closed.